Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 чэрвеня 2022, 18:47

Авангардныя рытмы: выстава Анатоля Кузняцова "Паміж белым і чорным" пройдзе ў Мінску

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава Анатоля Кузняцова "Паміж белым і чорным", прысвечаная 75-годдзю знакамітага беларускага жывапісца, адкрыецца 30 чэрвеня ў карціннай галерэі "Палац мастацтваў". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

"Паміж белым і чорным" - назва новай серыі работ мастака. У адрозненне ад папярэдніх карцін Анатоля Кузняцова, пабудаваных на прынцыпах яркай выразнасці, у новых работах можна адзначыць немнагаслоўе колеру і ўвагу да ўнутранага руху ў прасторы палатна, - адзначыла Наталля Шаранговіч. - Не, колер у яго творах прысутнічае, але каляровыя плямы - жамчужна-серабрысты, карычневы, нечаканыя акцэнты сіняга, чырвонага, аранжавага - не перашкаджаюць адценням шэрага, моцным акордам чорнага”.

Палітра аўтара вызначаецца багаццем філасофскіх, музычных, мастацкіх, паэтычных вобразаў. "Анатоль Кузняцоў прымушае іх гучаць, размаўляць з гледачом. Для таго каб зразумець творчасць мастака, трэба адчуць авангардныя рытмы і вібрацыі, якія ідуць ад яго карцін", - дадала мастацтвазнавец. Мастак на працягу многіх гадоў з'яўляецца паклоннікам абстрактных форм. Яго лічаць адным з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснага беспрадметнага мастацтва. Выкарыстоўваючы ўвесь спектр выяўленчых сродкаў жывапісу, Анатоль Кузняцоў разгортвае на сваіх палотнах складаны дыскурс, прадметам якога з'яўляецца яго пастаяннае разважанне над сэнсамі сучаснага мастацтва.

Выстава падрыхтавана Беларускім саюзам мастакоў пры падтрымцы Галерэі класічнага і сучаснага мастацтва DK Gallery. Убачыць экспазіцыю "Паміж белым і чорным" запрашаюць да 24 ліпеня.

Анатоль Кузняцоў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Хабараўскім краі (Расія). У 1976 годзе скончыў аддзяленне станковага жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер - Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. У 2013 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2019-м стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі. Работы майстра прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі, Дзяржаўным цэнтры сучаснага мастацтва, Полацкай карціннай галерэі, Музеі Марка Шагала ў Віцебску, карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі