Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 сакавіка 2019, 10:18

Аўтэнтычны абрад сустрэчы вясны правядуць у Ельскім раёне

22 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Абрадавае свята сустрэчы вясны "Соракі" правядуць 23 сакавіка ў аграгарадку Валаўск Ельскага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Валаўскім цэнтры народных традыцый.

Да свята "Соракі" выпякаюцца птушачкі з цеста. Гэта сімвалічныя жаваранкі, якім і адводзіцца галоўная роля абраду - паклікаць вясну. Абрадавае дзейства аднаўляюць і напаўняюць самабытнай атмасферай артысты народнага фальклорнага калектыву "Валошкі". У іх выкананні гучаць песні-вяснянкі, заклічкі. "Абрад суправаджаецца карагодамі, традыцыйнымі народнымі гульнямі і забавамі. Удзельнікі высока падкідваюць выпечаных з цеста жаваранкаў, скачуць на дошках і катаюць па полі кола - каб год быў ураджайным, зямля ўрадлівай і шчодрай", - расказалі арганізатары. Не абыходзіцца свята і без гульні ў ручаёк, якая таксама суправаджаецца тэматычнымі песнямі.

Згодна з павер'ем, калі зрабіць усё правільна і з душой, то хутка прыйдзе вясна. А свет напоўніцца светлымі духамі, якія абавязкова пракладуць ёй дарогу, каб яна спакойна магла ўступіць у свае законныя правы.

Традыцыя спакон веку мясцовая, характэрная для гэтага Палескага кутка. Яе гісторыя налічвае не адно стагоддзе. Адрадзілі абрад у 1990-я. Аднавіць карціну дапамаглі ўспаміны мясцовых старажылаў.

Традыцыйна свята збірае ў Валаўску не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з раёна і вобласці. Інтэрактыўны фармат дае магчымасць далучыцца да дзеяння кожнаму, хто хоча дакрануцца да самабытнай гісторыі краю.

Большая частка ўдзельнікаў абраду - дзеці і моладзь. У гэтым галоўная мэта - забяспечыць пераемнасць пакаленняў і перадаць духоўныя каштоўнасці, лічаць арганізатары.

Штогод арганізатарамі маляўнічага і масавага дзейства выступаюць Валаўскі цэнтр народных традыцый, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама, Ельскі раённы цэнтр арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва і метадычнай работы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі