Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 ліпеня 2018, 15:26

Аўтарытэт "Славянскага базару" на міжнароднай арэне пастаянна ўзрастае - Жарко

12 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аўтарытэт "Славянскага базару ў Віцебску" на міжнароднай арэне пастаянна ўзрастае. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю Васіль Жарко на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю XXVII форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Аўтарытэт фестывалю на міжнароднай арэне пастаянна ўзрастае, што сведчыць аб правядзенні паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі і прызнанні вялікага ўкладу Беларусі ў сусветную культуру. У гэтым годзе форум прымае ўдзельнікаў з 41 краіны свету (у мінулым - з 37). Упершыню ў міжнародных конкурсах выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячым музычным конкурсе прымуць удзел канкурсанты з Гвінеі і Егіпта, Вялікабрытаніі і Канады, а ў праграме "Славянскага базару" ўдзельнічае выканаўца з Уругвая", - падкрэсліў Васіль Жарко.

Паводле яго слоў, у адрас фестывалю атрыманы віншаванні ад прэзідэнтаў Расіі, Малдовы, Чэшскай Рэспублікі, генеральнага дырэктара ЮНЕСКА, а таксама з іншых краін. Праграма фестывалю вельмі насычаная. Добрай традыцыяй стала цырымонія падняцця сцяга міжнароднага фестывалю мастацтваў, што сімвалізуе сяброўства і творчае спаборніцтва, у якім перамогу атрымае талент. Ужо сёння ў час канцэрта ўрачыстага адкрыцця будзе аб'яўлены пераможца дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2018". У рамках форуму пройдзе пасяджэнне Савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў і многія іншыя знакавыя культурныя падзеі.

Віцэ-прэм'ер акцэнтаваў увагу на тым, што фестываль праводзіцца ў Год малой радзімы ў Беларусі. Гэта тэма чырвонай ніткай будзе праходзіць праз усе праекты форуму. Гледачоў чакаюць шматлікія мерапрыемствы. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы - у Летнім амфітэатры - пройдзе 18 канцэртаў. Прадоўжаць сваю работу праекты "Тэатральныя сустрэчы", "Лялечны квартал", "Кінапраграма". "Наперадзе сапраўднае свята мастацтва, сустрэчы з цікавымі людзьмі і шмат прыемных уражанняў, якія кожны павязе з сабой", - падкрэсліў Васіль Жарко.

Міністр культуры Юрый Бондар адзначыў, што кожны год фармат правядзення мерапрыемстваў абнаўляецца. Нараўне з гэтым у віцебскага фестывалю з'яўляюцца свае традыцыі, дзякуючы якім цікавасць да "Славянскага базару" з кожным годам узрастае. "Усяго за гісторыю правядзення фестывалю яго наведалі амаль 100 тыс. артыстаў з пяці кантынентаў і 72 краін свету", - дадаў Юрый Бондар.

XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны яшчэ 17 і 18 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі