Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 жніўня 2021, 18:33

Атмасферу школьнага класа мінулага стагоддзя прадставяць у галерэі Савіцкага 1 верасня

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Зноў у школу" да Дня ведаў адкрыецца 1 верасня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Выстава складаецца з прадметаў, без якіх немагчыма ўявіць школьныя гады. Член праўлення Рэспубліканскага аб'яднання калекцыянераў Віктар Сувораў прадставіць унікальную калекцыю фарфору: чарніліцы, ёмістасці для алоўкаў, пісьмовыя прыборы і разнастайныя статуэткі на школьную тэму. Больш за 100 вырабаў створаць цэлы школьны свет як праз утылітарныя прадметы, так і з дапамогай разнастайных вобразаў настаўнікаў, вучняў, цікавых сюжэтных кампазіцый. Наведвальнікі таксама змогуць убачыць збор бюстаў і статуэтак класікаў беларускай і рускай літаратуры, творы якіх уключаны ў школьную праграму", - расказалі арганізатары.

Незвычайную калекцыю сашчэпак прадэманструе калекцыянер Аляксандр Лугін. "Гэта металічныя і рознакаляровыя пластыкавыя сашчэпкі разнастайных форм і памераў, фірменныя і сувенірныя, прывезеныя з розных краін свету. Усяго ў экспазіцыі пакажуць больш за 300 экзэмпляраў такіх незаменных у вучобе і рабоце маленькіх памочнікаў", - адзначылі ў галерэі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіць калекцыю буквароў, па якіх вучыліся беларускія дзеці ў 1900-1990-я гады. "Самае старое выданне - "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" Каруся Каганца 1906 года. Сярод рэдкіх выданняў "Лемантар" 1925 года беларускага вучонага-мовазнаўца, першага старшыні Інстытута беларускай культуры Сцяпана Некрашэвіча, а таксама падручнікі 1930 года для гарадскіх і вясковых дзяцей: "Ударнік: лемантар для гарадскіх школ граматы", "Чырвоныя зоркі: лемантар для вёскі: падручнік для 1-й групы вясковых школ", "Буквар для дарослых" 1941 года. Будуць прадстаўлены і пасляваенныя выданні буквароў.

Асобная зона выставы ўзнаўляе атмасферу школьнага класа. "Экспануецца знакамітая парта Фёдара Эрысмана з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту", - дадалі ва ўстанове.

"Яшчэ адным неад'емным атрыбутам любога класа з'яўляецца школьная дошка. У фондах Музея гісторыі горада Мінска захоўваецца ўнікальны экспанат - дошка, якой карыстаўся прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, фізік з сусветным імем, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Мікалай Барысевіч", - падкрэслілі арганізатары.

Выстава арганізавана сумесна з НББ, Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, калекцыянерамі Віктарам Суворавым і Аляксандрам Лугіным.

Азнаёміцца ​​са школьнымі прадметамі мінулага стагоддзя можна будзе да 31 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі