Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 жніўня 2019, 12:36

Атмасферу ранняга Сярэдневякоўя створаць на этнасвяце ў Чавускім раёне

6 жніўня, Магілёў /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. У аграгарадку Радамля Чавускага раёна 17-18 жніўня пройдзе этнасвята "У госці да радзімічаў", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.

Арганізатары падрыхтавалі насычаную двухдзённую праграму з тэатралізаванымі дзеяннямі пры ўдзеле клубаў гістарычнай рэканструкцыі "хірд Ваўкі" (Жодзіна) і Vitland (Мінск). Гасцей чакаюць этнатанцы, забаўляльныя праграмы, інтэрактыўныя зоны, майстар-класы, паказальныя баі і кухні радзімічаў. Мясцовыя жыхары прадставяць традыцыйныя рамёствы ў музеі пад адкрытым небам. Плануецца правесці конкурс на лепшую стылізацыю культуры і побыту насельніцтва эпохі ранняга Сярэдневякоўя "Час старажытнасці". На выстаўках-продажах можна будзе набыць тэматычныя сувеніры.

Атмасферу свята падтрымаюць выступленні этнапраекта Патрыцыі Свіцінай, магістра мастацтваў, старшага выкладчыка кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлі Матыліцкай, этнагруп "Хмельны Вір", "Арацэя", Yudjin, "Радагасць" і інш. Гледачы таксама ўбачаць вогненнае шоу ад калектыву AGNI show (Віцебск). Хэдлайнерам стане праект Znich & Rutvica.

"Усіх удзельнікаў мерапрыемства чакае яркае дзейства, заснаванае на падзеях і стылістыцы эпохі ранняга Сярэдневякоўя, - адзначылі ў райвыканкаме. - Свята стартавала яшчэ ў 2014 годзе на мясцовым узроўні. З кожным годам у Радамлю прыязджае ўсё больш турыстаў, калектываў, рэканструктараў, рамеснікаў і майстроў - тых, хто неабыякавы да нацыянальнай культуры і мінулага сваёй краіны".

Паводле адной з гіпотэз, на тэрыторыі, дзе штогод праходзіць этнафестываль, калісьці размяшчалася гарадзішча радзімічаў, а потым на гэтым месцы быў узведзены замак, рэшткі ўмацаванняў якога захаваліся да нашых дзён. Цяпер на пасадзе Замкавай гары створаны музей пад адкрытым небам, куды ўваходзяць збудаванні, пабудаваныя ў стылі эпохі ранняга Сярэдневякоўя. Тут можна ўбачыць капішча Перуна, комплекс стылізаваных паўзямлянак (у такіх жылі нашы далёкія продкі), прыстасаванне для здабычы жывога агню, печ для абпалу керамічнага посуду.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі