Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 жніўня 2021, 10:35

Асабістыя рэчы і фатаграфіі Якуба Коласа прадставяць на выстаўцы ў Мінску 13 жніўня

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя, прысвечаная Якубу Коласу, адкрыецца 13 жніўня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі ў Дзень памяці народнага паэта, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Народны паэт Беларусі вядомы майстар мастацкага слова пайшоў з жыцця 65 гадоў таму. Талент яго выключны і фенаменальны. Адданасць свайму народу і Радзіме праяўлялася ў канкрэтных справах. Якуб Колас быў для беларусаў усім: народным паэтам і геніем сусветнага ўзроўню, гордасцю нацыі і найвышэйшым аўтарытэтам", - расказалі арганізатары.

На выстаўцы можна будзе азнаёміцца з творчасцю і жыццём паэта, убачыць асабістыя фатаграфіі і рэчы з гардэроба пісьменніка.

"Класік айчыннай і сусветнай літаратуры, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы - такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Ён застаецца такім у свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх паклоннікаў яго таленту", - дадалі ў музеі.

Пачнецца Дзень памяці паэта з урачыстай мінуты маўчання ў 13.20 - менавіта ў гэты час сэрца Якуба Коласа перастала біцца. Акрамя таго, пройдзе экскурсія па літаратурна-мемарыяльным музеі. Пасля, у 14.00, на Ваенных могілках Мінска пройдзе мемарыяльны мітынг і ўскладанне кветак да магілы паэта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі