Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лістапада 2020, 10:52

Арыгіналы рукапісаў і аўтарскія малюнкі Караткевіча прадстаўлены на выставе ў НББ

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕБЛТА/. Выстава "Княства вобразаў і слоў" да 90-годдзя беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча адкрылася 26 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыю ўвайшлі юбілейныя, рэдкія і адметныя выданні твораў Уладзіміра Караткевіча з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, яго рукапісы і аўтарскія замалёўкі. Акрамя таго, наведвальнікі маюць рэдкую магчымасць убачыць арыгінальныя графічныя работы беларускіх мастакоў, якія былі створаны для ілюстравання кніг пісьменніка.

"На выставе наведвальнікі змогуць убачыць аўтарскія эскізы да аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха", рукапісы верша "Развітанне з Радзімай", самаробны канверт і пісьмо да сябра Язэпа Хаўратовіча. Гледачоў таксама чакаюць арыгінальныя графічныя работы Арлена Кашкурэвіча, Міхаіла Басалыгі, Юрыя Якавенкі да рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", аповесцей "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Ладдзя роспачы". Знайшлося на выставе месца і сучасным мастакам, якія натхніліся творчасцю літаратара і стварылі работы па матывах яго твораў", - расказалі арганізатары.

Паводле слоў першага намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алены Далгаполавай, у фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца 300 выданняў твораў Караткевіча. "А вось асобных выданняў, прысвечаных яго творчасці, - 700. А колькі яшчэ артыкулаў, якія апублікаваны ў перыядычных выданнях", - адзначыла яна.

"Аб'яднанне літаратуры і мастацтва заўсёды дае аснову для творчасці мастакоў і пісьменнікаў. Калі паглядзець на кнігі, якія сёння ўвайшлі ў экспазіцыю, то адразу відаць, як добра яны ілюстраваліся. Тут прадстаўлены работы, якія існуюць у адзіным экзэмпляры і якія не друкуюцца шмат разоў. Яны вельмі каштоўныя, у асноўным узяты з архіваў мастакоў, майстэрань - тое, што не выстаўляецца ў музейных залах", - падкрэсліла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

Арганізатарамі выставы выступаюць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі саюз мастакоў. Удзел у арганізацыі экспазіцыі прыняў беларускі кніжны графік Мікола Купава. Убачыць экспанаты можна да 15 студзеня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі