Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 кастрычніка 2018, 10:50

Артэфакты беларускіх майстроў падвойнага ткацтва прадстаўлены на выстаўцы ў Брэсце

3 кастрычніка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Рэспубліканская выстаўка мастацкага тэкстылю "Аверс- Рэверс - Рэверанс" адкрылася сёння ў Брэсце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ініцыятарамі арт-праекта выступілі прадстаўнікі секцыі мастацкага тэкстылю і Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускага саюза мастакоў. Выстаўка прысвечана адной з унікальных тэхнік традыцыйнага беларускага тэкстылю - падвойнаму ткацтву. У цэнтры экспазіцыі - работа невядомага майстра, выкананая ў 1930 годзе. Гэта падвойны дыван, які цяпер захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі. У выставачнай зале прадстаўлены і іншыя артэфакты беларускіх майстроў падвойнага ткацтва з фондаў музеяў Брэста і Мінска.

Як адзначыла адна з куратараў праекта Ала Непачаловіч, прынцыпова важна, што гэта выстаўка адкрылася менавіта ў Брэсце. "Вытокі гэтай дзіўнай, незвычайнай тэхнікі, знаходзяцца менавіта тут, у Заходняй Беларусі - на Брэстчыне, Гродзеншчыне. Народныя майстры заклалі айчынную школу мастацкага тэкстылю. Падвойнае ткацтва - тэхніка выключна складаная. Сучасныя мастакі вельмі рэдка да яе звяртаюцца. Але яна натхняе нас на творчасць, яе матывы, і тэмы ўгадваюцца ў сучасных тэкстыльных творах", - сказала мастачка.

Усяго ў экспазіцыю ўваходзяць каля 60 работ 32 мастакоў з Мінска, Брэста, Віцебска, Барысава і іншых гарадоў Беларусі. Гэта аб'ёмныя кампазіцыі, габелены, творы ручнога аўтарскага ткацтва, выкананыя з лёну, воўны, з выкарыстаннем вышыўкі, металу, дрэва, газет і іншых матэрыялаў. Акрамя творчасці вядучых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлены творы маладых мастакоў і студэнтаў.

На думку старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, які прыняў удзел у вернісажы, выстаўка атрымалася вельмі сучаснай, эстэцкай і высокамастацкай. "Тут паказаны творы мастацкага тэкстылю аўтараў, якія сёння вызначаюць аблічча гэтага напрамку ў нашай краіне. Нічога каштоўнага не створыш, не абапіраючыся на традыцыю. Падвойнае ткацтва - адна з яркіх рыс нашага народа. Мы ў гэтым дасягнулі вельмі высокага ўзроўню, і гэта не можа быць страчана. Гэта трэба захоўваць, гэтым трэба ганарыцца", - падкрэсліў кіраўнік БСМ.

Ён адзначыў, што практыка выязных рэспубліканскіх выставак будзе прадоўжана. Так, на наступны год Беларускі саюз мастакоў ужо запланаваў у Брэсце выстаўку, прысвечаную 1000-гадоваму юбілею горада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі