Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2021, 15:35

Арт-гасцёўня Мінска запрашае ў падарожжа па пейзажах Паўла Кандрусевіча

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Да гарызонту" члена Беларускага саюза мастакоў магістра гісторыі мастацтваў Паўла Кандрусевіча прадстаўлена ў арт-гасцёўні "Высокае мѣста". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары.

Наведвальнікі змогуць убачыць больш за 50 твораў жывапісу Паўла Кандрусевіча. Гэта плённая праца мастака за апошнія 25 гадоў. Большая частка карцін аўтара экспануецца ўпершыню. На яго палотнах - пейзажы Беларусі, Літвы, Аўстрыі, Італіі, сустракаюцца таксама і прыдуманыя, фантастычныя краявіды.

"Адсутнасць магчымасці апошнім часам падарожнічаць па свеце аўтар імкнецца кампенсаваць захапленнем прыродай і архітэктурай розных краін, адлюстроўваючы іх у сваіх творах. Значная частка новых работ майстра прысвечана Венецыі. Сваім багаццем пачуццяў мастак падзяліўся праз пейзажы. Работы Паўла Кандрусевіча вызначаюцца асаблівай цеплынёй і выразнасцю, вялікім майстэрствам і дакладнасцю дэталей. Усе пейзажы выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу", - адзначылі арганізатары.

Экспазіцыя прадоўжыцца да 21 лютага.

Павел Кандрусевіч працуе ў станковым жывапісе і насценным роспісе. З'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Аўстрыі. У 1991 годзе скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, у 1998-м - Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне жывапісу, потым стажыраваўся ў творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі, скульптуры Міністэрства культуры Беларусі, вывучаў тэхніку фрэскі ў Італіі. Вучыўся ва Універсітэце імя Карла і Франца у Аўстрыі, дзе атрымаў званне магістра гісторыі мастацтваў. На рахунку Паўла Кандрусевіча некалькі персанальных выстаў у Беларусі, Германіі, Харватыі, Аўстрыі, а таксама ўдзел у шматлікіх выставах і пленэрах міжнароднага ўзроўню ў Расіі, Заходняй Еўропе і ЗША. Ён з'яўляецца аўтарам манументальных твораў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі