ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 7 лютага 2023
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 студзеня 2023, 16:46

Аркестравае гучанне балалаек. "Віцебскія віртуозы" адзначаць 50-годдзе

Фота з архіва
Фота з архіва

23 студзеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Калектыў абласной філармоніі "Віцебскія віртуозы" ў 2023 годзе адзначыць 50-годдзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік калектыву Тамара Шафранава.

У "Віцебскіх віртуозах" іграюць восем музыкантаў, большасць з якіх у калектыве па 20-30 гадоў. Амаль за паўвекавую гісторыю (актэт утварыўся восенню 1973 года) у ім не раз абнаўляўся склад удзельнікаў, але нязменнымі заставаліся мэты: захоўваць традыцыі, закладзеныя кіраўніком першага ў гісторыі аркестра рускіх народных інструментаў, балалаечнікам-віртуозам Васілём Андрэевым, і спалучаць іх з пошукам новага гучання і напрамкаў. Шэсць чалавек з цяперашняга складу актэта балалаек з'яўляюцца яго часткай ужо больш за 20 гадоў, яшчэ двое - маладыя музыканты - з нядаўняга часу. Як адзначаюць у калектыве, моладзь у ім праходзіць добрую школу і атрымлівае базу для паступлення ў беларускія і расійскія музычныя ВНУ.

"Мы спалучаем традыцыі і сучасныя напрамкі, знаходзімся ў пастаянных пошуках гучання. Музыка заўсёды знаходзіцца ў пошуках, асабліва калі бярэш новы рэпертуар, абавязкова шукаеш фарбы. Калі распісваю нейкі твор, стараюся, каб гучалі ўсе фарбы, а кожны музыкант мог паказаць сваё валоданне гукам, характарам музыкі і перадаць гэта на сваім інструменце", - растлумачыла Тамара Шафранава.

Яна адзначыла, што нярэдка слухачы параўноўваюць гучанне актэта з аркестравым. Такі эфект і адчуванне напоўненасці гукам дае сабранае на адной сцэне ўсё сямейства балалаек: ад балалайкі-пікала да балалайкі-кантрабаса. "Восем інструментаў - гэта восем тэмбраў. Сама па сабе балалайка прыма абмежавана па дыяпазоне. І калі браць нейкі твор, напісаны для сімфанічнага аркестра (у скрыпкі ж дыяпазон большы ў тры разы), трэба шукаць магчымасці, каб ён гучаў добра і на балалайках. Для гэтага выкарыстоўваем інструменты розных рэгістраў. Калі ў сімфанічным аркестры сольныя эпізоды іграе фагот, то тут - балалайка-бас. Атрымліваецца музыка, якая пры выкананні на балалайцы не страчвае свайго гучання", - сказала кіраўнік праекта.

Калектыў не раз станавіўся лаўрэатам і прызёрам розных конкурсаў і фестываляў, аднак гаворачы аб перамогах, Тамара Шафранава падкрэслівае, што любы ўдалы канцэрт актэта стаў дасягненнем. "Калі глядач задаволены і выходзіць з залы з пачуццём задавальнення і радасці, то гэта поспех, - адзначае яна. - Самае прыемнае - калі мы чуем авацыі ў зале, крыкі брава. Гэта натхняе і дапамагае калектыву рэалізаваць свае магчымасці".

Сёння ў рэпертуары "Віцебскіх віртуозаў" дзясяткі твораў, іграюць розную музыку: народную, класічную, джаз. Балалаечнікі з лёгкасцю выконваюць шэдэўры Шастаковіча, Чайкоўскага, Шнітке, П'яцалы, мініяцюры Іагана Штрауса ў гумарыстычным ключы, Мусаргскага і іншых. Некаторыя з іх прагучаць 24 студзеня ў 19.00 на сцэне Віцебскай абласной філармоніі падчас канцэрта камернай музыкі "Зімовая феерыя".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі