Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лістапада 2020, 15:10

Арганізатары "Еўрабачання" з-за пандэміі змянілі правілы конкурсу

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізатары міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне" раскрылі новыя правілы яго правядзення ў 2021 годзе. Аб гэтым гаворыцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце eurovision.tv.

Згодна з новаўвядзеннямі, артысты павінны будуць папярэдне запісаць свае выступленні для "Еўрабачання-2021" на выпадак, калі не змогуць выступіць на конкурсе ўжывую з-за закрытых граніц або знаходжання на самаізаляцыі. Запіс будзе гарантам выступлення музыканта на конкурсе. Арганізатары падкрэсліваюць: запіс павінен быць унікальным і заставацца неапублікаваным да конкурсу, запланаванага на май наступнага года.

За відэазапіс для ўдзелу ў "Еўрабачанні" будзе адказваць нацыянальны вяшчальнік кожнай краіны. Здымкі ў фармаце live-on-tape пройдуць у студыі ў той краіне, якую будзе прадстаўляць артыст. На ўсё даецца толькі тры дублі. Арганізатары конкурсу будуць назіраць за запісам выступлення анлайн і забяспечваць сумленнасць спаборніцтва. Відэаролікі павінны быць гатовы да канца сакавіка 2021 года.

"Спадзяёмся, што ўсе або большасць артыстаў змогуць прыехаць у Ротэрдам у маі. Аднак наяўнасць "жывога" запісу гарантуе, што іх выступленне ўбачаць мільёны гледачоў ва ўсім свеце", - адзначаюць арганізатары "Еўрабачання-2021".

Плануецца, што ў 2021 годзе "Еўрабачанне", арганізаванае Еўрапейскім вяшчальным саюзам (EBU) і нідэрландскімі кампаніямі NPO, NOS і AVROTROS, адбудзецца ў зале Ahoy 18, 20 і 22 мая. Слоган Open Up ("Адкрыйся"), выбраны для адмененага "Еўрабачання-2020", захаваецца для конкурсу наступнага года. У песенным першынстве прымуць удзел прадстаўнікі 41 краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі