
3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаратурны конкурс Саюза пісьменнікаў Беларусі "Скарынавай душой узлашчанае слова", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, знайшоў водгук у розных кутках краіны і за мяжой. На гэта ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА звярнуў увагу намеснік старшыні СПБ Анатоль Крэйдзіч.
На конкурс паступіла вялікая колькасць работ. Журы ў складзе вядомых пісьменнікаў, вучоных-філолагаў, літаратурных крытыкаў, выдаўцоў, грамадскіх дзеячаў вызначыла лепшыя. Усе прызавыя месцы, а іх шэсць, занялі творы на беларускай мове. Яшчэ адна асаблівасць конкурсу - шырокая геаграфія ўдзельнікаў. Так, сярод пераможцаў - прадстаўнікі розных рэгіёнаў. Адно з прызавых месц - у беларускі, якая жыве ў Германіі ў Дзюсельдорфе.
Паводле слоў намесніка старшыні СПБ, на конкурс прыйшло так шмат дастойных твораў, што саюз вырашыў заахвоціць яшчэ шэсць удзельнікаў. Сярод іх тры чалавекі з гуртка журналістаў мінскага палаца дзяцей і моладзі "Золак".
Пераможцаў узнагародзяць памятнымі падарункамі сёння ў сталіцы. Ім уручаць, у прыватнасці, арыгінальныя металічныя статуэткі Скарыны. Лепшыя творы будуць апублікаваны ў літаратурных выданнях Беларусі.
Конкурс "Скарынавай душой узлашчанае слова" прызначаны прыцягнуць увагу грамадскасці да асобы беларускага першадрукара Францыска Скарыны, падкрэсліць значнасць яго ўкладу ў развіццё культуры і духоўнасці беларусаў і ўсіх усходніх славян.-0-