Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 студзеня 2022, 13:13

Ансамбль "Харошкі" падрыхтаваў праграму пра беларускія зімовыя святы і абрады

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сольны святочны канцэрт "Зімачка", прымеркаваны да дня нараджэння Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", адбудзецца 15 студзеня ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў калектыве.

У першым аддзяленні публіка ўбачыць нумары, у якіх адлюстраваны беларускія зімовыя святы і абрады. "Праграма ахоплівае пэўны часовы перыяд жыцця беларускіх людзей - зіму. Гэта пара года, калі на першы погляд здаецца, што жыццё замірае і ўсё спыняецца да вясны. На самай справе гэта цікавы, паэтычны перыяд, поўны ўсялякіх займальных падзей", - адзначыў заслужаны артыст Беларусі, артыст балета вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Васіль Прыходзька.

У вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі "Каляда" сродкамі народна-сцэнічнага танца каларытна перадаюцца ўсе адметныя моманты яркага зімовага свята. "Спрадвеку людзі хадзілі калядаваць, гэта стала народнай традыцыяй. Да святочнай падзеі заўсёды падыходзілі вельмі крэатыўна. Пераапранутыя з песнямі і танцамі хадзілі ад хаты да хаты, жадалі гаспадарам шчасця і дабра, а тыя ў сваю чаргу адорвалі хто чым мог. Атмасфера гэтага свята ўзнаўляецца ў гэтым нумары", - расказаў артыст.

Часта зіма асацыюецца з завірухай і мяцеліцай. Як падкрэсліў Васіль Прыходзька, цудоўны нумар "Завеі" заварожвае і перадае хараство роднай прыроды.

Халодны час года ў вёсцы звязаны не толькі з адпачынкам, гульнямі і забавамі, але і карпатлівай працай, народнай творчасцю. Рытм танца "Кросны" нагадвае работу старадаўняга ткацкага станка, а пластыка танцораў цудоўна перадае багаты ўзор традыцыйнага беларускага ткацтва.

Паводле слоў артыста, канцэртная праграма шырокая па сваім эмацыянальным дыяпазоне. Тут прысутнічаюць як вясёлыя, жартоўныя нумары, так і цёплыя кампазіцыі, у якіх адлюстравана шмат лірыкі.

"Кужалёк" - у гэтым кранальным танцы дзяўчаты трымаюць у руках скруткі сатканага кужалю. Калі пачыналася адліга, палатно рассцілалі на снезе, тапталі яго, мялі, білі, каб яно стала мяккім і белым, як снег. Артысткі басанож паўстануць на сцэне на імправізаваным снезе ў прыгожых касцюмах пад чароўную музыку, каб перадаць будзённую сялянскую працу.

Паводле задумы, нумар "Дрыготка" раскрывае тэму кахання. У старадаўнія часы беларускія дзяўчаты вышывалі запаветную хустачку, каб падарыць яе свайму выбранніку. Той, хто атрымліваў дарагі сэрцу падарунак, мог смела ісці са сватамі да яе бацькоў.

У другім аддзяленні канцэрта можа будзе паглядзець маляўнічыя нумары з залатога фонду ансамбля. Адметная рыса творчасці "Харошак" у асаблівым падыходзе пры пастаноўцы праграм. Кожны нумар - харэаграфічны спектакль, дзе за аснову бярэцца спалучэнне нацыянальнага каларыту і высокага майстэрства артыстаў. Упрыгожваюць выступленні вакальна-інструментальныя кампазіцыі.

У гэтым годзе знакамітаму калектыву спаўняецца 48 гадоў. "Для мяне быць часткай "Харошак" - вялікі гонар, адказнасць, вялікае шчасце. У пэўным сэнсе гэта самастойнае цэлае жыццё ўнутры майго жыцця. Хачу пажадаць ансамблю далейшага творчага росту, поспехаў, добрых гастроляў, цікавых новых падзей, больш радасці ад сустрэч з гледачамі", - рэзюмаваў Васіль Прыходзька.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі