Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 кастрычніка 2021, 17:36

Ансамбль флейтыстаў "Сірынкс" адзначыць 40-гадовы юбілей на сцэне Белдзяржфілармоніі

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэртную праграму ў гонар 40-годдзя ансамбля флейтыстаў "Сірынкс" прадставяць 30 кастрычніка ў малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Госці музычнай праграмы пачуюць творы Моцарта, Паганіні, Глебава і іншых. На сцэну выйдуць флейтысты, музыканты, артысты вядучых аркестраў краіны: заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Ласоцкая, Арцём Нямірскі, Арсэн Замтарадзэ, Віктар Аляксееў, Наталля Мурзіна, Інга Картэс. Партыю фартэпіяна выканаюць Вадзім Сідараў і Вікторыя Чалала. Усё гэта пад мастацкім кіраўніцтвам Ніны Аўраменка.

"Гэта быў унікальны і адзіны ансамбль флейтыстаў у былым Савецкім Саюзе. У яго ўваходзілі вучні школы-адзінаццацігодкі пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, якія былі выхаванцамі Ніны Аўраменка, - расказалі арганізатары. - Ішлі гады, мяняліся пакаленні, вучні станавіліся настаўнікамі, а галасы флейт "Сірынкса" загучалі ў самых розных краінах свету. Ды і сам ансамбль ужо даўно перарос рамкі студэнцкага. Стаўшы сур'ёзным прафесійным калектывам, ён удзельнічаў у многіх міжнародных фестывалях, і ўсюды аб яго творчасці слухачы адклікаюцца з вялікай цеплынёй".

Як адзначылі ў Белдзяржфілармоніі, рэпертуар ансамбля даволі шырокі. "Музыканты добра валодаюць майстэрствам аранжыроўкі, ведаючы, як лепш перадаць тую ці іншую музычную адметнасць у гучанні флейты", - сказалі яны на заканчэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі