Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 снежня 2020, 09:12

Аналаг кінакамеры братоў Люм'ер прадставяць у Музеі гісторыі беларускага кіно

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Музей гісторыі беларускага кіно 28 снежня запрашае прыняць удзел у праекце "Першы сеанс", прымеркаваным да 125-годдзя кінематографа, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Наведвальнікам пакажуць адзіны на тэрыторыі Беларусі музейны прадмет-аналаг кінакамеры Cinematographe - самай першай матэрыялізацыі таго вынаходства, якім браты і бацька Люм'ер стваралі карціны ў 1895 годзе. "Выбіраючы да юбілею артэфакт, мы спыніліся на кінакамеры. Гэта тая самая, першая, з якой усё пачалося. Бо менавіта на вынаходстве братоў Люм'ер завяршылася барацьба за ажыўленне карцінкі. Галоўнае, што наша рэпліка будзе аналагічнай арыгіналу", - адзначыў кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў.

У час мерапрыемства наведвальнікі змогуць адправіцца ў віртуальнае слайд-падарожжа на радзіму кінематографа, у дом-музей сям'і Люм'ер у Ліёне. "Акрамя таго, будзе паказана "першая дзясятка" - падборка кароткіх сюжэтаў з публічнай дэманстрацыі, з якой 125 гадоў таму, уласна кажучы, і пачалося летазлічэнне гісторыі кінематографа. Таксама гледачы ўбачаць першы ігравы камедыйны фільм "Паліты палівальшчык". Памяць пра падзею дапаможа захаваць тэматычная фотазона", - адзначылі ў музеі.

Колькасць удзельнікаў мерапрыемства будзе абмежавана. Каб больш паглыбіцца ў атмасферу першага кінапаказу, гледачоў будзе ўсяго 35, як і ў 1895 годзе. Праект "Першы сеанс" стане завяршальнай часткай эксклюзіўнага шоу-праекта "У Ліён, да Люм'ераў!".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі