10 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. I Адкрыты абласны конкурс выканаўцаў на фартэпіяна і струнных смычковых інструментах "Юны віртуоз" пройдзе 14-15 лютага ў Гомелі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Музычнай арэнай для ўдзельнікаў стане Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. Пададзена каля 100 заявак ад вучняў дзіцячых школ мастацтваў і каледжаў з Гомеля і вобласці.
Ацэньваць выступленні юных віртуозаў будзе журы, у склад якога ўвойдуць вядучыя педагогі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры Беларусі. Яны вызначаць лепшых музыкантаў у такіх намінацыях, як "Фартэпіяна", "Скрыпка", "Віяланчэль", "Кантрабас".
Завершаць конкурсную праграму цырымонія ўзнагароджвання і выступлення лаўрэатаў.
Асноўная мэта творчага спаборніцтва - садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятыў і патэнцыялу вучняў, выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей і маладых выканаўцаў.
Арганізатарамі I Адкрытага абласнога конкурсу выканаўцаў на фартэпіяна і струнных смычковых інструментах "Юны віртуоз" выступаюць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.-0-