Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 жніўня 2016, 11:07

Аляксей Грос прадставіў свой сцэнарый "Славянскага базару ў Віцебску"

1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аляксей Грос напісаў свой сцэнарый "Славянскага базару ў Віцебску", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнік каманды артыста Сяргей Андрыянаў.

Паводле яго слоў, уладальнік Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016" Аляксей Грос прадставіў свой сцэнарны план гэтага маштабнага фестывалю конкурснай камісіі пры паступленні ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць "рэжысура свят".

"Славянскі базар у Віцебску", паводле задумы Аляксея Гроса, павінен ступіць на галоўную гарадскую вуліцу, на якой размесцяцца пляцоўкі ўсіх славянскіх дзяржаў. Гэта астраўкі нацыянальнага каларыту кожнай краіны, своеасаблівыя падворкі, дзе прадстаўляюцца музычныя, тэатралізаваныя, выставачныя праекты. У першы дзень фестывалю, праграма якога, як лічыць музыкант, павінна прадаўжацца шэсць дзён, у Віцебску адкрываецца Славянскі праспект. Ва ўсе дні свята ён становіцца другой асноўнай пляцоўкай маляўнічага дзейства пасля Летняга амфітэатра.

На фестывалі павінен быць, лічыць Аляксей Грос, Дзень славянскага пісьменства, калі "Базар" жыве славянскай літаратурай. На кожнай пляцоўцы арганізуюцца прэзентацыі кніг маладых аўтараў, сучаснікаў, а таксама класікаў, чыя проза і паэзія з'яўляюцца жамчужынамі нацыянальных літаратур. Гаспадары пляцовак арганізуюць сустрэчы гасцей фестывалю з паэтамі і пісьменнікамі.

У Дзень Беларусі Віцебск пераходзіць на беларускую мову, а на Славянскім праспекце пляцоўкі дзяржаў прадстаўляюць iнфармацыю, як яны звязаны гістарычна і культурна з Беларуссю.

Тэму гістарычных і культурных адносін прадаўжаюць Дзень Беларусі і Расіі і Дзень Беларусі і краін Балтыі. Паводле задумы, у гэтыя дні фестывальны Віцебск паглыбляецца ў перыяды, калі Беларусь была асабліва звязана з гэтымі дзяржавамі. У гісторыі Беларусі і Расіі - гэта перыяд Савецкага Саюза і Славянскі праспект ператвараецца ў вуліцу з савецкага мінулага. А з Літвой краіна мае агульную гісторыю Вялікага Княства, на пляцоўках праходзяць тэатралізаваныя паказы, ствараюцца карціны з жыцця ВКЛ. Лагічным уяўляецца Аляксею Гросу адкрыццё помніка князю Альгерду ў беларуска-балтыйскі дзень. Канцэртныя праграмы майстроў мастацтваў вянчаюць гэтыя экскурсы ў гісторыю.

Конкурс маладых выканаўцаў, паводле задумы будучага рэжысёра, ідзе тры дні паралельна фестывалю. У першы дзень усе выканаўцы спяваюць беларускія хіты, потым ідзе дзень славянскага хіта, калі артысты спяваюць на мове сваёй краіны, трэці конкурсны дзень - свята сусветных хітоў. Мовамі канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю, конкурсных канцэртаў становяцца мова краіны-гаспадыні і англійская.

Сцэнарная прапанова Аляксея Гроса заслужыла пахвалы педагогаў, а набраны агульны бал за ўсе іспыты (291) даў магчымасць артысту ўвайсці ў лік 12 студэнтаў-завочнікаў курса па рэжысуры свят у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі