Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 лістапада 2016, 14:34

Аляксандр Мінёнак і яго творчая каманда 13 лістапада адправяцца на дзіцячае "Еўрабачанне-2016"

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аляксандр Мінёнак і яго творчая каманда 13 лістапада адправяцца на дзіцячае "Еўрабачанне-2016", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

У складзе афіцыйнай беларускай дэлегацыі таксама прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, у тым ліку здымачная група Агенцтва тэленавін, педагог па вакале, стыліст, урач-фаніятр і харэограф.

Даведвацца аб самых важных і цікавых падзеях, якія адбываюцца ў час конкурснага "Еўратыдня", і ўдзеле ў іх беларускага канкурсанта гледачы змогуць з сюжэтаў АТН у эфіры "Беларусь 1".

Фінал песеннага форуму адбудзецца 20 лістапада, ён пачнецца ў 16.00 па сярэднееўрапейскім часе (18.00 па мінскім). Прамую трансляцыю дзіцячага "Еўрабачання-2016" будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24".

Каментатарам конкурсу стане вядучая Агенцтва тэленавін медыяхолдынга Юлія Пярцова.

На сцэне Міжземнаморскага канферэнц-цэнтра выступяць юныя таленты з 17 краін - удзельніц ЕВС: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Ізраіля, Ірландыі, Італіі, Кіпра, Македоніі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Сербіі, Украіны і гаспадыні гэтага конкурсу Мальты.

У гэтым годзе пераможцу міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" вызначаць тры склады журы: нацыянальнае дзіцячае і дарослае журы, якія будуць галасаваць у краінах - удзельніцах конкурсу ў час генеральнай рэпетыцыі, а таксама прафесійнае журы, якое будзе галасаваць непасрэдна ў час шоу на Мальце.

Вынікі галасавання ад Беларусі аб'явіць удзельнік дзіцячага "Еўрабачання-2015" Руслан Асланаў.

Падрыхтоўку беларускага артыста да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі