Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 верасня 2021, 17:33

Акварэльны сюррэалізм Людмілы Рыбаковай прадставілі ў Мінску

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава Людмілы Рыбаковай адкрылася ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыі прадставілі 30 работ у стылі сюррэалізму, якія напісаны з 2004 па 2021 год. Карціны выкананы ў змешанай тэхніцы мокрай акварэлі і акварэльнага алоўка.

"Працаваць у гэтай тэхніцы не зусім проста, паколькі трэба ведаць, як утрымаць вобраз: правільна разліць акварэль, не даць вельмі шмат вады ці фарбы, - расказала аўтар экспазіцыі Людміла Рыбакова. - Пры напісанні работ неабходна сачыць за фонам, каб акварэльны аловак не знішчаў аснову, ды і сама фарба не перабівала яго. Аднак менавіта сумяшчэнне размытай акварэлі і алоўка нараджае сапраўды лёгкія і філасофскія работы".

Карціны выкананы ў тэхніцы інтуітыўнага мастацтва. Гэта значыць, што аўтар нічога не прадугледжвае ў той момант, калі стварае выяву на палатне.

"Карцінка ўжо нібы жыве на малюнку і трэба толькі даць ёй магчымасць ажыць пад штрыхамі алоўка. Пры напісанні любой работы я спачатку размываю акварэлі - гуляю з фарбай і вадой. Пасля, калі малюнак высыхае, вешаю яго на бачнае месца і перыядычна пазіраю. Тады ўсе вобразы паступова пачынаюць выходзіць з карціны, застаецца толькі ўзяць аловак і пачаць увасабляць іх. З кожным штрыхом работа быццам бы сама праяўляецца на паперы. На гэта можа спатрэбіцца адзін дзень, а можа і цэлы месяц. Падсвядомасць адыгрывае пэўную функцыю і таму ніводную з гэтых работ нельга паўтарыць. У час напісання ў галаве ўсплываюць веды, якія потым дапаўняюцца пошукам гісторый, нейкіх тэм. Калі гаварыць на сучаснай мове, то гэта і ёсць інтуітыўнае мастацтва", - адзначыла аўтар.

"Усе мы ў жыцці зведваем падобныя сітуацыі, пытанне толькі ў тым, як мы іх перажываем. У жывапісе лічыцца каштоўным, калі ты адлюстроўваеш вечныя тэмы, але са сваім бачаннем. Погляд на аднолькавыя сітуацыі ва ўсіх розны. Я таксама прайшла сваю нейкую гісторыю і адлюстравала яе ў рабоце. Калі глядач у гэты момант перажывае падобную жыццёвую сітуацыю, ён можа паспрабаваць пашукаць адказ на яе праз гэтыя карціны", - дадала мастачка.

Людміла Рыбакова падкрэсліла, што работы трэба вучыцца чытаць, нават колер выкарыстоўваецца мастакамі не выпадкова і можа даць падказку: "Чырвоны - страсць, тэмперамент, зялёны - душэўнасць, блакітны і сіні - свядомасць і творчасць, малінавы і фіялетавы - касмічныя колеры".

Паводле слоў арганізатараў, прадстаўленыя ў экспазіцыі карціны гавораць з гледачом, трэба толькі паспрабаваць зразумець іх і пачуць. "Іх нельга глядзець бегла, паколькі трэба ўглядацца ў тонкасці апавядання, толькі тады свет палатна адкрые шмат закрытых, на першы погляд, дзеянняў, эмоцый, пачуццяў", - падкрэслілі ў бібліятэцы.

Выстава прадоўжыцца да 30 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі