ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 25 мая 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 снежня 2021, 09:52

Адрэстаўрыраваныя помнікі сакральнага мастацтва XVIII-XIX стагоддзяў прадставілі ў Мінску

Фота з архіва
Фота з архіва

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным гістарычным музеі прадставілі праект, прысвечаны рэстаўрацыі помнікаў сакральнага мастацтва XVIII-XIX стагоддзяў са збору музея. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта ў культуры на гэты год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гістарычны музей пакуль не лідар у галіне рэстаўрацыі, але мы ўжо дэманструем некаторыя поспехі, - сказаў дырэктар музея Аляксандр Храмой. - Прыемна, што ледзь не кожны год прэзідэнцкі грант у галіне рэстаўрацыі атрымліваюць прадстаўнікі гістарычнага музея. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас складваецца пэўная школа, і некаторыя рэчы, якія захоўваліся ў нашых фондах з 1980 года, сёння атрымліваюць новае жыццё і мяняюць экспазіцыйную частку. Гэтыя прадметы, якія быццам з небыцця вярнуліся да нас, прадстаўлены ў экспазіцыі. У далейшым мы будзем рабіць максімум, каб нашы гістарычныя прадметы вярталіся ў навуковы абарот для пастаянных наведвальнікаў і гасцей Мінска".

На працягу гэтага года вяліся рэстаўрацыйныя работы музейных прадметаў са збору музея. У іх ліку двухстворкавыя царскія вароты (XIX стагоддзе), паліхромная скульптура анёлаў (XVIII стагоддзе), фрагменты царскіх варот (медальёны з маляўнічымі выявамі святых і скразной разьбой XVIII стагоддзя), паліхромная скульптурная выява фігуры Хрыста (XIX стагоддзе).

"Прадметы адбіраюцца загадзя, і многае залежыць ад прасторы: дзе яны будуць размяшчацца і як кампазіцыйна будуць выглядаць разам", - адзначыла мастак-рэстаўратар супрацоўнік рэстаўрацыйнага аддзела музея Юлія Дранец.

Драўляная скульптура - адзін з самых старажытных, традыцыйных і распаўсюджаных відаў народнага мастацтва. Як значная з'ява культавая разная скульптура пачала фарміравацца ў першай палове XVII стагоддзя. Яна выраблялася для высокіх ярусных алтароў, ілюстрацыі персанажаў біблейскай і евангельскай гісторый. Адрэстаўрыраваныя прадметы прадстаўляюць чатыры этнаграфічныя рэгіёны краіны: Заходняе Палессе, Паазер'е, Панямонне і Цэнтральную Беларусь. Яны даюць магчымасць азнаёміцца з культавай разной скульптурай.

Прэзентуемы музейны праект паказвае асноўныя напрамкі работы музеяў: выяўленне, збор і рэстаўрацыю матэрыяльных помнікаў, іх вывучэнне і ўвядзенне ў навуковы абарот. Гэтыя прадметы адлюстроўваюць усе этапы рэстаўрацыі, якія праходзіць музейны прадмет. "Рэстаўрацыю часта блытаюць з рамонтам, хоць гэта зусім не так. Не любы чалавек, які ўмее маляваць, можа адрэстаўрыраваць прадмет. Тут павінен быць добры баланс умення маляваць і абыходзіцца з тэхнічнай часткай. Для раскрыцця прадметаў не бывае аднолькавых методык, бо для кожнага яна свая. Пры рабоце са старымі экспанатамі трэба быць гатовымі да ўсяго, што скрыта ад вачэй, бо гэта можа праявіцца ў сярэдзіне работы. Тады з'явяцца новыя этапы, якія першапачаткова не планаваліся", - падкрэсліла Юлія Дранец.

Паводле слоў супрацоўніцы музея, задача рэстаўратара ў тым, каб захаваць аўтэнтычнасць прадмета. "Складанасць бывае рознай і залежыць ад шматлікіх фактараў: аб'ёму прадмета, колькасці запісаў. Колькасць запісаў - тое, што іншыя людзі пакідалі пасля сябе. У свой час яны думалі, што могуць выправіць сітуацыю, умешваліся і праводзілі сваю рэстаўрацыю. Але цяпер усё гэта трэба ўстараняць да першапачатковага выгляду прадмета. У якім бы выглядзе ён ні захаваўся - пацёртасці, вялікая ці маленькая страта, - усё роўна гэтыя наслаенні трэба здымаць і пакідаць толькі аўтара", - сказала яна.

Збор Нацыянальнага гістарычнага музея - найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, налічвае амаль 500 тыс. адзінак музейных прадметаў. Усе адрэстаўрыраваныя прадметы, прадстаўленыя ў рамках праекта, - неад'емная частка гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі