ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 20 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 чэрвеня 2021, 12:55

Адкрыццё дакументальнай экспазіцыі "Дарогі вайны" адбудзецца ў Мінску 22 чэрвеня

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Дарогі вайны" адкрыецца 22 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Экспазіцыя прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і да юбілейных дат пісьменнікаў - удзельнікаў ваенных дзеянняў і так званых дзяцей вайны: 115-годдзя з дня нараджэння Макара Паслядовіча, 110-годдзя з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі, 90-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Гаўрусёва і 85-годдзя з дня нараджэння Барыса Сачанкі. На выставе наведвальнікі змогуць убачыць плакаты Уладзіміра Крукоўскага, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, унікальныя рукапісы і дакументы, часопісы, кнігі з аўтографамі, фатаграфіі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры", - расказалі арганізатары.

У час мерапрыемства сваімі ўспамінамі і цікавымі гісторыямі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю названых пісьменнікаў, падзеляцца Віктар Шніп, Алена Стэльмах, Барыс Пятровіч. У мерапрыемстве прыме ўдзел старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Анатоль Адоньеў.

"Макар Паслядовіч - беларускі празаік і перакладчык. У час Вялікай Айчыннай вайны быў кіраўніком Мар'інагорскай падпольнай групы і сувязным асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне. Паэт-песеннік, пісьменнік, перакладчык і журналіст Анатоль Астрэйка ў гады ВАВ быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Двойчы накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі, знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава. У час вайны родныя мясціны беларускага паэта, крытыка, перакладчыка Сцяпана Гаўрусёва знаходзіліся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Убачыўшы ў дзіцячым узросце жахі вайны, ён ствараў сапраўдныя шэдэўры ваеннай тэматыкі. У 1955 годзе выдаў першы зборнік паэзіі "Паходныя кастры". Гэта былі вершы пра вопыт пакалення, якое вырасла пад гарматнымі стваламі", - расказалі ў музеі.

"Барысу Сачанку не было і шасці гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1943 годзе фашысты спалілі яго родную вёску Вялікі Бор. У агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жыхароў вёскі вывезлі ў Германію, у тым ліку сям'ю пісьменніка. Апынуліся Сачанкі на ферме нямецкага землеўладальніка, дзе працавалі да самага вызвалення ў маі 1945 года. Убачанае і перажытае Барысам Сачанкам яшчэ дзіцем, знайшло сваё адлюстраванне ў яго творчасці", - адзначылі арганізатары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі