Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лютага 2022, 10:57

Ад зуба насарога да пратакольных сувеніраў: музейныя навінкі прадставіць выстаўка ў Гомелі

17 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка-прэзентацыя новых паступленняў у збор музея "Музейны прадмет-2021" адкрыецца сёння ў Гомелі, паведамілі БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

Як удакладнілі арганізатары, экспазіцыя дасць магчымасць вобразна прагартаць каляндар мінулага 2021 года, калі ў кожным месяцы Гомельскі палацава-паркавы ансамбль станавіўся багацейшым на цікавыя для збору музейныя прадметы. "На працягу года мы знаёмілі з імі нашых падпісчыкаў у рубрыцы "Прадмет месяца". Гэта былі прадметы з розных калекцый: ад палеанталогіі (зуб насарога эпохі плейстацэну) да прадметаў побыту (гадзіннікі, посуд, дарожны чамадан і інш.), ад узораў народнай творчасці (гліняныя свістулькі) да паштовак і фатаграфій з краявідамі Гомеля. Азнаёміцца з многімі з іх можна будзе на выстаўцы "Музейны прадмет-2021", - расказалі ва ўстанове.

У мінулым годзе музейны фонд папаўняўся ў асноўным за кошт перадачы ўнікальных прадметаў у дар. Значны ўклад унеслі сям'я Фядосавых з Мінска, сям'я Міхеенкавых з Гомеля, сям'я Бураковых з вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна і інш.

Многія з падораных прадметаў прадстаўлены ўжо ў музейных экспазіцыях і на выстаўках. "Так, цудоўным дапаўненнем экспазіцыі ў вежы палаца стаў унікальны комплекс літаграфій і дакументаў XIX - пачатку XX стст., звязаны з уладальнікамі палаца Румянцавымі і Паскевічамі, перададзены мінскім калекцыянерам Андрэем Фядосавым. Яркім экспанатам выстаўкі з прыватнага збору гомельскай сям'і Міхеенкавых "Паляўнічы стыль у інтэр'еры XIX ст." з'яўляецца падлогавы гадзіннік сярэдзіны XIX ст. французскай кампаніі Comtoise, які быў перададзены калекцыянерамі ў дар музею", - дапоўнілі ў музеі.

У экспазіцыйных залах прадстаўлены і музейныя прадметы, якія пабылі ў 2021 годзе ў надзейных руках рэстаўратараў. Сярод іх адзежная шафа ў стылі мадэрн, якая дапоўніла экспазіцыю "Жылы інтэр'ер канца XIX - пачатку XX стагоддзя". Упрыгажэннем выстаўкі стане адрэстаўрыраваны насценны гадзіннік канца XIX - пачатку XX стагоддзя (Германія), падораны сям'ёй Бураковых, а таксама ўнікальны прадмет з калекцыі сям'і Паскевічаў - папка для дзелавых папер.

Асаблівае месца займаюць дыпламатычныя прывітанні і прэзенты. На выстаўцы будуць прадстаўлены ўзоры пратакольных сувеніраў і падарункаў, перададзеныя музею Гомельскім аблвыканкамам.

У музеі ад душы дзякуюць усім, хто актыўна ўдзельнічае ў папаўненні, вывучэнні, захаванні, рэстаўрацыі і папулярызацыі музейных прадметаў са збору музея.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі