Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лістапада 2018, 15:29

Абноўлены маладзёжны тэатр стане ўпрыгажэннем сталіцы - Качанава

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Малая сцэна Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра адкрылася сёння ў Мінску пасля рэканструкцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, для Беларусі стала добрай традыцыяй, калі напярэдадні лістападаўскага свята адкрываюцца сацыяльна значныя і вытворчыя аб'екты. "Чарада такіх падарункаў пачалася ўжо. Цудоўна, што ў Мінску раскрыў свае дзверы маладзёжны тэатр, правёўшы маштабную рэканструкцыю будынка. Тут створаны цудоўныя ўмовы, каб моладзь магла глядзець добрыя спектаклі, праводзіць рэпетыцыі. Думаю, што гэты тэатр будзе дастойным упрыгажэннем горада", - сказала Наталля Качанава, падзякаваўшы будаўнікам за праведзеную работу.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар расказаў, што малую сцэну плануецца выкарыстоўваць як эксперыментальную пляцоўку Маладзёжнага тэатральнага цэнтра, якая адкрые дадатковыя магчымасці для работы маладых рэжысёраў, акцёраў, мастакоў, музыкантаў, прыцягне новых гледачоў. Акрамя таго, у бліжэйшы час будынак прадаставяць тэатру-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" на час рэканструкцыі кінатэатра "Масква". Чакаецца, што новыя праекты мінчане тут убачаць пасля новага года. Сёння госці змаглі пабываць на рэпетыцыі новай пастаноўкі.

"Фарміраванне творчага асяроддзя для рэалізацыі самых смелых і амбіцыйных планаў моладзі - адна з нашых задач. Рады, што гэтаму пытанню гарадскія ўлады ўдзяляюць сур'ёзную ўвагу", - сказаў Юрый Бондар.

У сваю чаргу старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк адзначыў, што на рэканструкцыю будынка з бюджэту сталіцы накіравана каля Br8 млн. "Адкрыццё абноўленага маладзёжнага тэатра - яскравы прыклад падтрымкі творчых маладых людзей, крэатыўных ідэй", - сказаў Васіль Панасюк.

Моладзь таксама не засталася ўбаку - сімвалічным падарункам установе культуры ў гонар наваселля стала яркая карціна рэканструяванага будынка, дзе папрасілі распісацца запрошаных гасцей.

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр заснаваны ў 1984 годзе. Рэканструкцыя будынка па пр.Машэрава, 33 праводзілася з 2009 года. Заказчыкам па праекце выступаў УКБ Цэнтральнага раёна, генпадраднай арганізацыяй выбраны Су-94 Будтрэста нумар 1. У час рэканструкцыі абноўлена глядзельная зала на 188 месцаў, абсталяваны дзве рэпетыцыйныя залы, грымёрныя пакоі. За гады работы калектыў тэатра паставіў больш за 120 спектакляў. Рэпертуар уключае камедыі, меладрамы, драмы, пастаноўкі, якія інтэрпрэтуюць шэдэўры сусветнай драматургіі ў традыцыях постмадэрнізму, спектаклі для дзяцей, паэтычныя сустрэчы, танцавальныя перформансы. Тэатр з'яўляецца пляцоўкай для розных творчых напрамкаў і сцэнічных работ вядомых і маладых рэжысёраў з Беларусі і краін блізкага замежжа, адкрыты для новых ідэй у прачытанні класічнай і сучаснай драматургіі. У ім праходзяць практыку студэнты і навучэнцы акадэмій мастацтваў і музыкі, Мінскага музычнага каледжа М.І.Глінкі. Тэатр праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю маладзёжнай тэатральнай творчасці, нацыянальнай культуры і літаратуры. Штогод сюды на работу прыходзяць маладыя спецыялісты. Усяго ў трупе тэатра - 60 артыстаў, у тым ліку заслужаныя артысты Беларусі. У 2015 годзе за значныя творчыя дасягненні, вялікі ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва калектыў быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. У 2017-м яму прысвоена ганаровае званне "Заслужаны калектыў Беларусі". Тэатр з'яўляецца лаўрэатам і дыпламантам міжнародных фестываляў. Па выніках 2018 года чакаецца, што спектаклі маладзёжнага тэатра паглядзяць не менш як 53 тыс. гледачоў. Таксама пастаноўкі прадставяць на гастролях у Літве, Польшчы, Расіі, вядуцца перагаворы аб паездцы ў Германію.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі