Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 верасня 2019, 19:55

Абноўленую экспазіцыю "Бярэсця" адкрыюць у час форуму "Музеі Беларусі"

24 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Абноўленую экспазіцыю археалагічнага музея "Бярэсце" ўрачыста адкрыюць 5 кастрычніка ў час IV Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі". Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы не толькі абнавілі існуючую экспазіцыю, але і заклалі аснову для далейшага развіцця, магчыма, усёй тэрыторыі былога старажытнага Бярэсця. Праведзена вялікая работа. Тэрыторыя вакол музея стала інфарматыўнай. З'явіліся малыя архітэктурныя формы, якія расказваюць, як трансфармавалася назва горада ад першай летапіснай да сённяшняй. На стэндах можна ўбачыць, як будаваўся і развіваўся Берасцейскі замак, дзе праходзілі раскопкі, былі знойдзены старажытныя маставыя", - адзначыў Аляксей Міцюкоў.

У час рээкспазіцыі абноўлены ўсе 14 залаў археалагічнага музея, унесена новая тэма - развіццё горада і Берасцейскага замка пасля XIV стагоддзя. Наведвальнікі могуць убачыць, якое адзенне насілі старажытныя жыхары горада, якімі займаліся рамёствамі, як выглядаў іх побыт. Некаторыя тэматычныя комплексы пашыраны і дапоўнены прадметамі, якія раней не дэманстраваліся. Экспазіцыя стала больш інтэрактыўнай, з'явілася аўдыясуправаджэнне, выкарыстоўваюцца QR-коды, 3D-акулярыі. Жадаючыя могуць завітаць у кіназалу, дзе паказваюць гістарычныя і дакументальныя фільмы пра Бярэсце, дзецям будзе цікавы тэматычны мультфільм.

Акрамя таго, праведзены капітальны рамонт будынка. Шкляныя вітражы заменены на шклопакеты, устаноўлены ахоўны шкляны пояс агароджы раскопу. Фінансаваліся ўсе работы за кошт абласнога бюджэту, на гэтыя мэты накіравана больш за Br1,5 млн.

"Бярэсце" з'яўляецца ўнікальным музеем, аналагаў якому няма ў Еўропе. Ён адкрыўся ў сакавіку 1982 года на Шпітальным востраве Брэсцкай крэпасці на месцы дзяцінца старажытнага Бярэсця. З 1969 па 1981 год на гэтай тэрыторыі праводзіліся раскопкі. Вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі вызначылі дакладнае месцазнаходжанне гарадзішча, была адкрыта частка рамеснага квартала старажытнага горада. Спецыялісты знайшлі больш за 220 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў XI - пачатку XIV стагоддзяў, тры вулічныя маставыя, частаколы, больш за 43 тыс. прадметаў матэрыяльнай культуры.

IV Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" пройдзе ў Брэсце 4-6 кастрычніка. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры і Брэсцкі аблвыканкам. Тэма мерапрыемства ў гэтым годзе - "Музей: навука, інавацыі, камунікацыя".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі