Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 сакавіка 2021, 18:24

Аб'яўлены конкурс рэжысёрскіх канцэпцый гала-канцэртаў Дня беларускага пісьменства

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры аб'явілі конкурсны адбор рэжысёрскіх заявак на правядзенне ўрачыстай цырымоніі і гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства. Свята ў 2021 годзе пройдзе 5 верасня ў Капылі Мінскай вобласці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мінкультуры.

Да ўдзелу ў конкурсным адборы запрашаюцца прафесійныя рэжысёры, студэнты і навучэнцы профільных спецыяльнасцей, а таксама аўтарскія калектывы, якія маюць магчымасць і жаданне прыдумаць і ажыццявіць арыгінальныя творчыя праекты, прысвечаныя святу беларускага слова.

"Пададзеныя заяўкі павінны змяшчаць рэжысёрскія канцэпцыі цырымоніі і гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця свята, прадугледжваць магчымасць рэалізацыі гэтых канцэпцый на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы Капыля на працягу аднаго дня (адкрыццё свята - днём, закрыццё - вечарам). Рэжысёрская канцэпцыя кожнага мерапрыемства павінна адлюстроўваць яго тэму і ідэю, асноўную сюжэтную лінію, з выдзяленнем пры неабходнасці тэматычных раздзелаў, блокаў, карцін, прыкладны пералік творчых калектываў і выканаўцаў, якіх плануецца запрасіць да ўдзелу ў канцэрце. Акрамя таго, у заяўцы неабходна апісаць спецэфекты і спецыяльныя элементы сцэнічнага абсталявання, рэквізіту, якія патрэбны для рэалізацыі канцэпцыі", - растлумачылі ў Мінкультуры.

Арганізатары адзначылі, што пажадана, каб рэжысёрская канцэпцыя адпавядала дэвізу "Слава яднае свет", а таксама адлюстроўвала тэму Года народнага адзінства, знакавыя падзеі і юбілейныя даты беларускага і сусветнага літаратурнага і культурнага жыцця 2021 года, якія падкрэсліваюць ролю кнігі ў духоўным прагрэсе грамадства.

"У рэжысёрскай канцэпцыі цырымоніі і гала-канцэрта адкрыцця павінны быць прадугледжаны віншаванні ад арганізатараў свята, цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і перадача эстафеты свята ад Капыля гораду, у якім яно будзе праводзіцца ў 2022 годзе. Таксама пажадана адлюстраваць ролю Капыля ў гісторыі, літаратуры і культуры краіны. А ў час закрыцця свята хацелася б убачыць акцэнты на сучасных дасягненнях беларускага слова, музыкі, песні. Акрамя таго, рэжысёрская канцэпцыя гала-канцэрта закрыцця павінна быць разлічана на маладзёжную аўдыторыю", - дадалі ў міністэрстве.

Разгляд прадстаўленых прапаноў будзе праведзены ў форме адкрытай абароны рэжысёрскіх заявак перад экспертнай камісіяй з прадстаўнікоў арганізатараў свята, а таксама спецыялістаў у галіне выяўленчага, музычнага і сцэнічнага мастацтваў.

Аўтар (аўтары) заяўкі, якая будзе адабрана экспертнай камісіяй і падтрымана арганізацыйным камітэтам свята, павінен быць гатовы сфарміраваць рэжысёрска-пастановачную групу, забяспечыць падрыхтоўку сцэнарыя і эскізаў мастацкага афармлення адкрытай сцэнічнай пляцоўкі для правядзення культурных мерапрыемстваў з нагоды адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства, а таксама пастаноўку адпаведных мерапрыемстваў.

Рэжысёрскія заяўкі, а таксама кароткія звесткі пра аўтара (аўтарскі калектыў) да 15 красавіка неабходна накіраваць на электронны адрас Міністэрства культуры: ministerstvo@kultura.by.

Кансультацыі і даведачную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 8 (017) 203-75-47, 8 (017) 203-91-31.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі