Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 верасня 2020, 19:29

Аб візуальнай і фізічнай прыродзе гуку расказвае выстава работ Алены Юрцэвіч у Мінску

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава арыгінальных графічных партытур "Sketches, візуальныя эцюды (ор.1)" інтэрдысцыплінарнага мастака, дызайнера, кампазітара і кандыдата філасофскіх навук Алены Юрцэвіч адкрылася сёння ў арт-гасцёўні "Высокае мѣста". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары.

У экспазіцыі прадстаўлена калекцыя з 10 аўтарскіх візуальных эцюдаў (графічных партытур) Алены Юрцэвіч. "Неад'емнай часткай нашага жыцця з'яўляецца гук. Часта на ўзроўні вібрацый гук, як і хвалевы рух у прасторы, можна пачуць, адчуць фізічна або ўбачыць выкліканыя ім візуальныя вобразы. Выстава з'яўляецца часткай мастацкага даследавання аб візуальнай і фізічнай прыродзе гуку, а таксама крос-мадальнасці чалавечага ўспрымання", - адзначылі арганізатары.

Графічная партытура - гэта альтэрнатыўная форма запісу музыкі, калі замест прывычных нот выкарыстоўваецца мова візуальных знакаў і тэкставых пазначэнняў. У другой палове ХХ стагоддзя такі від музычнай натацыі быў шырока распаўсюджаны ў эксперыментальнай музыцы ў Амерыцы і Еўропе. "Гук - гэта мова стасункаў і выказвання творчай, ментальнай або эмацыянальнай думкі. Пошук новых форм - сінтэз эстэтыкі, графікі, дызайну і гуку праз фізічны рух, які прывёў Алену Юрцэвіч да стварэння новай арыгінальнай візуальнай мовы для больш дэталёвай перадачы ўяўнага гуку", - расказалі ў арт-гасцёўні.

У час выставы пройдуць два перформансы. Публіка зможа наведаць "Канцэрт-прэзентацыю праекта: музычныя і харэаграфічныя транскрыпцыі графічных партытур" 24 верасня, а 1 кастрычніка - "Канцэрт; дыялог з аўтарам і ўдзельнікамі, якія раскрываюць працэсы гукавой і фізічнай інтэрпрэтацыі графічных партытур".

Выставачны праект прадоўжыцца па 4 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі