Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 верасня 2021, 17:28

Аб маркетынгу, правазнаўстве, інфармтэхналогіях: праект "У гасцях у Прэзідэнцкай бібліятэкі" прэзентавалі ў Дзень ведаў

1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адукацыйны праект "У гасцях у Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь" у Дзень ведаў прэзентавалі ў Мінскім філіяле ўстановы адукацыі "Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыі прадставілі кнігі з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі па існуючых ва ўстанове спецыяльнасцях: "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій", "правазнаўства", "маркетынг". "Пэўнай адметнасцю выставачнага праекта сталі перыядычныя газеты і часопісы, якія змяшчаюць інфармацыю аб савецкім гандлі, эканамічным жыцці і пытаннях спажыўкааперацыі, - расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ала Пенда. - Мы таксама прадастаўляем магчымасць гасцям і навучэнцам азнаёміцца з выданнямі, якія былі падораны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Гэта цэлая калекцыя кніг ад выдатных людзей нашай краіны і замежжа. Будучы ў нас у гасцях, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны падораны не асабіста яму, а ўсёй Беларусі і кожнаму грамадзяніну. Задача бібліятэкі ў тым, каб кніга жыла, працавала і яе чыталі". Экспазіцыя зроблена для таго, каб навучэнцы маглі развівацца і бачылі, што акрамя навучальных матэрыялаў ёсць яшчэ і дадатковая літаратура, якая можа дапамагчы ім палепшыць свае веды.

"У нас даўнія партнёрскія адносіны з Прэзідэнцкай бібліятэкай, - падкрэсліў дырэктар філіяла, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Леўшуноў. - Прадстаўнікі кіраўніцтва бібліятэкі не проста нашы сябры, а сапраўдныя ўдзельнікі вучэбна-выхаваўчага працэсу, якія прыехалі да нас у пачатку навучальнага года з падарункам у выглядзе гэтага праекта. Важна, што прадстаўленая экспазіцыя падабрана па прафесіях, навучэнцы і педагагічны склад могуць азнаёміцца з профільнымі выданнямі і выкарыстоўваць іх у працэсе вучобы".

Алег Леўшуноў таксама павіншаваў увесь калектыў філіяла і педагогаў Беларусі з Днём ведаў, пажадаў навучэнцам поспехаў у спасціжэнні прафесіі, а бацькоўскай супольнасці быць партнёрамі ў выхаванні і падрыхтоўцы дзяцей да будучага жыцця.

Арганізатары нагадалі, што запісацца ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь можа кожны жадаючы. Выстава будзе працаваць месяц.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі