Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
09 студзеня 2012, 15:10

ЗВАЛЬНЕННЕ ЗА ВЫДАВАННЕ

У Беларусі плануецца наймальнікам даць права звальняць за выдаванне камерцыйнай тайны

У палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі знаходзіцца на разглядзе законапраект "Аб камерцыйнай тайне" - дакумент, якога чакалі і які закранае інтарэсы практычна кожнай юрыдычнай асобы і грамадзяніна. Адной з самых абмяркоўваемых норм праекта закона павінна стаць надзяленне наймальнікаў правам звальнення работнікаў за выдаванне камерцыйнай тайны. Аб гэтым і іншых не менш значных навацыях праекта заканадаўчага акта карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Мікалай Казак і адзін з распрацоўшчыкаў законапраекта вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі Сяргей Лосеў.

"Неабходнасць прыняцця закона аб камерцыйнай тайне абумоўлена тым, што дзеючае заканадаўства не забяспечвае эфектыўнай прававой абароны інтарэсаў асоб, якія валодаюць канфідэнцыяльнай інфармацыяй, што мае значэнне для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці", - растлумачыў Мікалай Казак. Цяпер грамадскія адносіны, звязаныя з аховай камерцыйнай тайны, рэгулююцца асобнымі нормамі Грамадзянскага кодэкса, Палажэннем аб камерцыйнай тайне, зацверджаным пастановай Савета Міністраў у лістападзе 1992 года, а таксама шэрагам іншых актаў заканадаўства. Аналіз гэтых нарматыўных прававых актаў сведчыць аб значных прабелах у заканадаўстве. Так, палажэнні Грамадзянскага кодэкса, якія датычацца аховы нераскрытай інфармацыі і камерцыйнай тайны, недастатковыя і супярэчлівыя; у заканадаўстве выкарыстоўваецца мноства паняццяў, такіх як "ахоўная інфармацыя", "нераскрытая інфармацыя", "камерцыйная тайна", "службовая тайна", "сакрэты вытворчасцi (ноу-хау)" і інш., змест і суадносіны якіх зразумелыя далёка не заўсёды. "Калі гаварыць непасрэдна аб камерцыйнай тайне, то акрамя нявызначанасці яе месца сярод аб'ектаў грамадзянскіх правоў, сур'ёзнай праблемай з'яўляецца існуючая цяпер магчымасць на ўзроўні любога акта заканадаўства вызначаць звесткі, якія не могуць складаць камерцыйную тайну. Гэта патэнцыяльна абмяжоўвае правы ўладальнікаў камерцыйна каштоўных звестак на іх абарону", - сказаў ён.

Калізіі заканадаўства ствараюць умовы для нядобрасумленнай канкурэнцыі і несанкцыянаванага выкарыстання камерцыйнай тайны, адзначыў Мікалай Казак. Законапраект аб камерцыйнай тайне павінен забяспечыць комплекснае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы аховы камерцыйнай тайны. Дакумент дае азначэнне паняцця "камерцыйная тайна", вызначае пералік звестак, якія не могуць ахоўвацца ў рэжыме камерцыйнай тайны. Камерцыйная тайна вызначаецца як звесткі тэхнічнага, вытворчага, арганізацыйнага, камерцыйнага, фінансавага і іншага характару, у тым ліку сакрэты вытворчасці (ноу-хау), якія адпавядаюць устаноўленым праектам закона патрабаванням, у адносінах да якіх уведзены рэжым камерцыйнай тайны. У рэжыме камерцыйнай тайны могуць ахоўвацца звесткі, якія адначасова не з'яўляюцца агульнавядомымі або лёгкадаступнымі трэцім асобам у тых колах, якія звычайна маюць справу з такімі звесткамі, маюць камерцыйную каштоўнасць для іх уладальніка з прычыны невядомасці трэцім асобам, не з'яўляюцца аб'ектамі выключных правоў і не падлягаюць аднясенню ва ўстаноўленым парадку да дзяржаўных сакрэтаў. "Звесткі маюць камерцыйную каштоўнасць у выпадку, калі валоданне імі дае магчымасць асобе пры існуючых або магчымых абставінах павялічыць даходы, скараціць расходы, захаваць становішча на рынку тавараў, работ, паслуг або атрымаць іншую камерцыйную выгаду", - растлумачыў Сяргей Лосеў.

Паводле слоў Мікалая Казака, не садзейнічаюць эфектыўнай прававой ахове камерцыйнай тайны і прабелы ў заканадаўстве, якое забяспечвае ахову камерцыйнай тайны ўладальніка яго контрагентамі і работнікамі. Беларускае заканадаўства ў гэтай сферы практычна не змяшчае норм прамога дзеяння, якія забяспечваюць ахову камерцыйна каштоўных звестак, што прадастаўляюцца іх уладальнікамі пры заключэнні грамадзянска-прававых дагавораў.

Яшчэ большая праблема звязана з аховай камерцыйнай тайны ў рамках працоўных адносін. Адзначым, што Працоўны кодэкс змяшчае палажэнні, якія абавязваюць работніка не выдаваць камерцыйную тайну наймальніка, аднак не агаворвае адказнасць за яе раскрыццё. Праект закона абавязвае работнікаў захоўваць канфідэнцыяльнасць звестак, якія складаюць камерцыйную тайну наймальніка або трэцiх асоб, да якой работадавец мае доступ. На практыцы гэта будзе выглядаць наступным чынам: наймальнік і работнік заключаюць пагадненне аб невыдаванні камерцыйнай тайны, якое мае грамадзянска-прававы характар і вызначае іх узаемныя правы, абавязкі і адказнасць у пытаннях забеспячэння канфідэнцыяльнасці звестак, што складаюць камерцыйную тайну.

Як растлумачыў Сяргей Лосеў, нягледзячы на тое, што і ў Працоўным кодэксе, і ў прыкладных формах працоўных дагавораў (кантрактаў) прапісана патрабаванне да работніку захоўваць камерцыйную тайну наймальніка, работадавец не мае права звольніць работніка, які раскрыў сакрэты арганізацыі, паколькі такія падставы не прадугледжаны Працоўным кодэксам. Таму законапраектам прадугледжваецца ўнясенне дапаўненняў у Працоўны кодэкс, што прадугледжваюць магчымасць звальнення работніка, якому для выканання сваіх працоўных абавязкаў неабходны доступ да камерцыйнай тайны, за непадпісанне абавязацельства аб нераскрыцці камерцыйнай тайны, а таксама за раскрыццё камерцыйнай тайны, якая стала яму вядомай у сувязі з выкананнем iм працоўных абавязкаў.

"У гэтым выпадку закон у большай ступені абараняе інтарэсы суб'ектаў гаспадарання. Аднак пагаршэнне становішча работнікаў - не капрыз, а жорсткае патрабаванне эканомікі, навукі і вытворчасці. Цяпер пакараць работніка, які наўмысна або з-за халатнасці выдаў сакрэты наймальніка, практычна немагчыма. З уступленнем у сілу закона сітуацыя зменіцца карэнным чынам", - лічыць Сяргей Лосеў. Паводле яго слоў, праблема звязана з тым, што на сённяшні дзень працоўнае заканадаўства абмяжоўвае маёмасную адказнасць работніка толькі абавязкам кампенсаваць прамы ўрон, прычынены наймальніку. Склалася парадаксальная сітуацыя: спагнаць з нядбайнага супрацоўніка суму ўрону можна толькі, скажам, за зламаны станок або крэсла. У выпадках жа прычынення наймальніку вялікіх страт з-за выдавання або перадачы канкурэнтам звестак, якія складаюць камерцыйную тайну, выставіць рахунак работніку немагчыма. З уступленнем у сілу закона работадавец на законных падставах зможа патрабаваць ад работніка кампенсацыі ўпушчанай выгады ў судовым парадку.

Яшчэ адным ключавым аспектам законапраекта з'яўляецца прадугледжаны ў ім механізм увядзення рэжыму камерцыйнай тайны, а таксама парадак атрымання доступу да звестак, якія складаюць камерцыйную тайну. Доступ да камерцыйнай тайны можа быць прадастаўлены толькі са згоды яе ўладальніка і, як выключэнне, па патрабаванню некаторых дзяржорганаў, такіх, напрыклад, як суд, пракуратура, органы дазнання і следства, дзяржбяспекі і г.д. У апошнім выпадку доступ да камерцыйнай тайны будзе ажыццяўляцца на бязвыплатнай аснове, а на яго атрымальнікаў ускладаецца абавязак па захаванню яе канфідэнцыяльнасці.

Структурна законапраект аб камерцыйнай тайне складаецца з 7 раздзелаў і 24 артыкулаў. Нягледзячы на невялікі аб'ём, лічыць Сяргей Лосеў, распрацоўшчыкам удалося падрыхтаваць рабочы дакумент, палажэнні якога будуць рэальна прымяняцца на практыцы. Гэта меркаванне падзяляе і Мікалай Казак, паводле слоў якога, законапраект патрабуе нязначных карэкціровак перад унясеннем на разгляд у першым чытанні дэпутацкаму корпусу.

Намеснік старшыні камісіі таксама расказаў, што праект закона ўжо двойчы разглядаўся на пасяджэннях рабочай групы камісіі. Дэпутатаў і запрошаных на пасяджэнні прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх колаў цікавілі пытанні, звязаныя з тым, хто атрымае права запытваць звесткі, якія з'яўляюцца камерцыйнай тайнай, хто будзе санкцыянаваць доступ да іх у выпадках узбуджэння крымінальных спраў. Пакуль адзінага меркавання не выпрацавана, растлумачыў Мікалай Казак. Магчыма, на трэцяе пасяджэнне рабочай групы будуць запрошаны прадстаўнікі сілавых структур, якія выкажуць свае меркаванні наконт гэтага.

На пасяджэннях прагучала прапанова ўнесці ў законапраект палажэнне аб абавязковым заключэнні папярэдняга пагаднення аб захаванні канфідэнцыяльнасці пры правядзенні перагавораў, заключэнні кантрактаў і г.д. "Гэтыя пытанні даволі складаныя, таму што камерцыйная тайна ў ходзе абмеркавання дагавора або кантракта можа ў пэўнай меры раскрывацца, і такім чынам іншыя асобы атрымліваюць да яе доступ. Сёння справа ідзе так, што толькі перадавыя кіраўнікі або бізнесмены заключаюць папярэдняе пагадненне аб канфiдэнцыяльнасцi. Большасць жа не звяртаюцца да такога спосабу абароны, і нярэдка адбываецца ўцечка інфармацыі. Гэта недапушчальна, асабліва ў адносінах да дзяржаўных арганізацый, закон павінен прадухіліць выдаванне такіх звестак", - сказаў Мікалай Казак. Дэпутаты маюць намер таксама дэталёва абмеркаваць і пытанні, звязаныя са змяненнямі працоўнага заканадаўства. "Мы павінны знайсці кампраміс, улічваючы інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў, наколькі гэта магчыма", - рэзюмаваў парламентарый.

Сяргей Лосеў лічыць павышаную цікавасць дэпутатаў да законапраекта абсалютна апраўданай: "Гэта вялікі плюс, што работа ў Палаце прадстаўнікоў пабудавана такім чынам, тут па-добраму крытычна ставяцца да законапраектаў. У камісіі падышлі да абмеркавання нефармальна".

Мікалай Казак спадзяецца, што парламентарыі разгледзяць законапраект аб камерцыйнай тайне на вясенняй сесіі.

Аляксандр САМ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі