Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
24 красавіка 2020, 14:19

"Залаты фонд", або Як донары могуць дапамагчы ў барацьбе з COVID-19

Пакуль у свеце няма этыятропных, гэта значыць спецыфічных, лякарстваў супраць каранавіруса COVID-19, медыкі паскорана шукаюць метады лячэння гэтага захворвання. Прычым у першую чаргу спрабуюць адаптаваць ужо існуючыя лякарствы і тэхналогіі, прызначаныя для барацьбы з іншымі хваробамі. У якасці дадатковай тэрапіі цяжкім пацыентам пачалі пераліваць рэканвалесцэнтную плазму, інакш кажучы, плазму ад вылечанага чалавека. У выніку перанесенай інфекцыі ў яго крыві ўтварыліся антыцелы (імунаглабуліны) супраць віруса SARS-CoV-2, які з'яўляецца ўзбуджальнікам захворвання COVID-19.

Пераліванне плазмы як метад лячэння знаёмы чалавецтву з мінулага стагоддзя, яго прымянялі яшчэ да вынаходства антыбіётыкаў. Гэта працэдура ратавала жыцці ў час розных успышак вірусных захворванняў: ад пандэміі "іспанкі" ў 1918 годзе да ўспышкі Эболы ў 2014-м. Донарскую плазму выкарыстоўвалі і пры іншых відах каранавіруса - MERS, SARS-1. Упершыню для лячэння COVID-19 яе апрабавалі ў кітайскім Ухані. Прымяненне рэканвалесцэнтнай плазмы ў барацьбе з новым тыпам каранавіруса адобрыла Упраўленне па санітарным наглядзе за якасцю прадуктаў харчавання і медыкаментаў ЗША (FDA). У Расіі ўжо ёсць першыя грамадзяне, якія выздаравелі пасля такога лячэння.

У Беларусі таксама нарыхтоўваюць імунную плазму з антыцеламі да COVID-19. У РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій гэту работу пачалі максімальна аператыўна. "Пакуль мы не страцілі па часе ні дня. Першыя пацыенты, якія выздаравелі і былі выпісаны ў канцы сакавіка, ужо ў красавіку сталі донарамі", - адзначыў дырэктар цэнтра, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па трансфузіялогіі, кандыдат медыцынскіх навук Фёдар Карпенка.

Ён таксама растлумачыў, што ў людзей, якія перахварэлі, фарміруюцца антыцелы (спачатку імунаглабулін М, потым імунаглабулін G), што мэтанакіравана дапамагаюць змагацца супраць каранавіруснай інфекцыі. Асабліва такая дапамога патрэбна найбольш складаным пацыентам з цяжкімі і сярэднецяжкімі пнеўманіямі, рэспіраторным дыстрэс-сіндромам, якія знаходзяцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Іх уласны імунітэт недастаткова моцны, каб перамагчы інфекцыю і выпрацаваць антыцелы.

Ёсць, аднак, верагоднасць таго, што не ў 100 працэнтаў людзей, якія перахварэлі на COVID-19, сфарміраваліся антыцелы. У чалавечым арганізме ёсць і іншыя механізмы барацьбы з вірусам. Цяпер гэта тэма актыўна вывучаецца сусветнай супольнасцю. Тым не менш пераліванне рэканвалесцэнтнай плазмы на сёння лічыцца перспектыўным напрамкам. Гэта так званая пасіўная імунізацыя, якая павінна прымяняцца ў комплексным лячэнні.

"Кітайскія калегі ў сваіх публікацыях рэкамендавалі прымяняць такі метад у тэрапіі пацыентаў з каранавірусам. У Італіі таксама ёсць выпадкі выкарыстання донарскай плазмы. Амерыканская асацыяцыя банкаў крыві запусціла вялікі праект - праграму клінічных выпрабаванняў па ўсіх ЗША па нарыхтоўцы і выкарыстанні плазмы", - сказаў Фёдар Карпенка. У Беларусі пачалі ўжо карыстацца гэтым метадам. Урачы спадзяюцца, што неаднаразовае прымяненне такога віду тэрапіі ў канкрэтнага пацыента дасць станоўчы вынік.

Цяпер у РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій шукаюць донараў, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю і поўнасцю выздаравелі. Здаць плазму можна таксама і ў рэгіёнах, звярнуўшыся ў абласныя цэнтры трансфузіялогіі ў Гродне і Гомелі, станцыі пералівання крыві ў Брэсце, Віцебску, Магілёве і Маладзечне, гарадскі цэнтр трансфузіялогіі ў складзе 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

"Мы вядзём актыўны рэкрутынг донараў, якія перанеслі інфекцыю COVID-19. Каб чалавек мог стаць донарам імуннай плазмы, павінна прайсці як мінімум 15 дзён ад моманту поўнага лабараторнага і клінічнага выздараўлення", - расказала намеснік дырэктара па трансфузіялогіі РНПЦ Ларыса Гушчына.

Паводле даных на 21 красавіка, ужо 15 чалавек, якія перахварэлі на COVID-19, прыйшлі на данацыю, у асноўным гэта жыхары Мінска і Віцебскай вобласці. Актыўна адгукнуліся і ў Мінскай вобласці, у бліжэйшы час нарыхтоўка будзе праходзіць на базе Мінскай абласной станцыі пералівання крыві ў Маладзечне. Медыкі разлічваюць, што па меры росту колькасці вылечаных будзе павялічвацца і колькасць данацый.

"Працуе сарафаннае радыё: людзі, якія перанеслі інфекцыю і выпісаліся, маюць стасункі адзін з адным, звоняць у наш цэнтр і просяць запісаць іх даныя, каб потым паўдзельнічаць у данацыі, - сказала намеснік дырэктара. - Донары здаюць плазму, як правіла, бязвыплатна, хоць мы прапануем гэта зрабіць і на платнай аснове. Разумеючы ўсю сітуацыю, людзі гавораць, што пытанне аб аплаце адназначна не стаіць".

Большасць ні разу ў жыцці не было донарамі. Вядома, ёсць тыя, хто сумняваецца: ці не нашкодзіць здача плазмы здароўю. Але медыкі запэўніваюць, што донарства крыві і ў гэтым выпадку яе кампанента - плазмы - абсалютна бяспечнае. Больш таго, урачы-трансфузіёлагі дапусцяць чалавека да данацыі толькі пры наяўнасці ўсіх даных аб яго здароўі. Для гэтага правядуць неабходныя аналізы.

"Мы абследуем усіх патэнцыяльных донараў, глядзім агульны і біяхімічны аналізы крыві і мачы, ЭКГ. Папярэдне правяраем на маркеры трансфузійна-трансмісіўных інфекцый - вірусных гепатытаў, ВІЧ, сіфілісу. Чалавек павінен быць здаровы па ўсіх паказчыках, не мець пастаянных або часовых медыцынскіх адводаў", - сказаў Фёдар Карпенка. Нават тэмпература 37-37,1 градуса з'яўляецца часовым проціпаказаннем. Акрамя таго, ёсць стандартныя патрабаванні, якія павінны выконваць усе донары: узрост ад 18 да 60 гадоў, вага пажадана ад 55 кг. Абмежаваннем могуць стаць некаторыя захворванні, у тым ліку бранхіяльная астма, язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі, сардэчна-сасудзістая недастатковасць.

Ад аднаго донара нарыхтоўваецца 600 мл плазмы, што можа дапамагчы аднаму даросламу рэцыпіенту. Але пажадана правесці некалькі такіх трансфузій, гэта залежыць ад клінічнай сітуацыі. Цыкл тэрапіі індывідуальны і вызначаецца лечачым урачом. "Ідэальна, калі чалавеку пераліваюць аднагрупную кроў. Што датычыцца плазмы, то чалавек з IV групай можа стаць донарам для любога рэцыпіента, а з II і III - для чалавека з I групай крыві", - адзначыла Ларыса Гушчына.

Нарыхтоўка плазмы адбываецца ў стэрыльных умовах. "Мы забяспечылі максімальную бяспеку. У кожнага донара перад уваходам мераецца тэмпература, выдаецца маска. Праводзіцца дадатковая санітарная апрацоўка памяшканняў, працуюць спецыялізаваныя рэцыркулятары для абеззаражвання паветра", - сказаў Фёдар Карпенка. Бяруць плазму толькі аднаразовымі вырабамі медпрызначэння, а медыцынскі персанал працуе выключна ў поўным камплекце сродкаў індывідуальнай аховы і абавязкова забяспечваецца антысептычнымі сродкамі.

Улічваючы, што кроў вылечаных не адпраўляюць на працяглую каранцінізацыю (у цяперашніх умовах на гэта проста няма часу), нарыхтаваная плазма праходзіць патагенрэдукцыю, каб устараніць любую магчымасць перадачы інфекцый рэцыпіенту. "Мы выкарыстоўваем спецыяльнае даволі дарагое абсталяванне. Дабаўляецца хімічны агент - усе вірусы і бактэрыі, калі яны раптам усё ж ёсць у плазме, праходзяць інактывацыю. Гэта значыць, мы робім яе максімальна бяспечнай. Пасля гэтага праводзіцца дадатковае лабараторнае абследаванне, і плазма гатова да выдачы", - адзначыў дырэктар цэнтра.

Ларыса Гушчына адзначыла, што заразіцца COVID-19 праз кроў адназначна нельга. Паводле інфармацыі СААЗ, у свеце не зафіксавана ніводнага такога выпадку. Вядома, тэарэтычна ў перыяд вострай інфекцыі ў крыві чалавека могуць быць нейкія вірусныя часцінкі, але пасля яе забору яны не выжывуць, ды і кампаненты крыві не пераліваюць адразу, спачатку іх правяраюць на вірусную бяспеку.

Сёння на слыху ў кожнага каранавірус. Разам з тым людзі па-ранейшаму хварэюць на тыя ж лейкозы. Без трамбацытных кампанентаў немагчыма лячыць маленькіх пацыентаў у дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Масіўная трансфузіялагічная падтрымка патрэбна пры трансплантацыях, у акушэрстве, траўматалогіі, анкалогіі і гематалогіі. Донарская кроў неабходна штодзённа.

"Месяц таму мы пачалі перапіску з прадстаўніком СААЗ, які курыруе службу крыві, і атрымалі афіцыйныя рэкамендацыі. У іх сказана, што служба крыві - элемент стабільнасці работы сістэм аховы здароўя любой краіны. У перыяд пандэміі яе трэба абараняць і падтрымліваць, таму прыход донараў з'яўляецца важным складнікам таго, што мы прадаўжаем аказваць меддапамогу", - сказаў Фёдар Карпенка.

У апошнія некалькі гадоў донарства актыўна падтрымліваюць студэнты. У ВНУ праводзяцца дні донараў. Але цяпер з-за эпідэміялагічнай сітуацыі выезды, запланаваныя на красавік-май, адкладзены. Аднак студэнты могуць самі прыехаць у цэнтр. Запісацца на данацыю ў зручны час можна праз сайт РНПЦ. Для студэнтаў выдзелены спецыяльныя дні, таму не будзе чэргаў рэгулярных донараў, для нарыхтоўкі крыві прадугледжана асобнае памяшканне. Больш таго, цэнтр наладзіў добрыя кантакты з 33-й студэнцкай паліклінікай, таму ўсе пытанні з дакументацыяй вырашаюцца дыстанцыйна.

"Мы дзякуем рэгулярным донарам, якія прыходзяць да нас і ў донарскія пункты ў рэгіёнах. На шчасце, у адрозненне ад некаторых краін, мы не маем недахопу ў донарскай крыві. Толькі наш цэнтр у сярэднім на тыдзень выдае амаль 700 доз эрытрацытаў, каля 500 - трамбацытных кампанентаў і 400-500 - плазмы", - сказаў Фёдар Карпенка.

Што датычыцца лячэння пацыентаў з COVID-19 пры дапамозе донарскай плазмы, стапрацэнтная эфектыўнасць гэтага метаду клінічна не даказана. Аднак папярэдні вопыт яе выкарыстання пры іншых інфекцыях, а таксама немалая колькасць публікацый, якія датычацца барацьбы з каранавірусам новага тыпу, усё ж усяляюць надзею на паспяховы вынік. "У нас дастаткова і расходных матэрыялаў, і рэсурсаў, каб нарыхтаваць рэканвалесцэнтную плазму. Нам патрэбны донары", - дадала Ларыса Гушчына.

Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ,

БЕЛТА.-0-

Кантактныя даныя для тых, хто перахварэў на COVID-19 і хоча стаць донарам плазмы:

РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, намеснік дырэктара Ларыса Міхайлаўна Гушчына: +375172898656;

тэлефоны Адзінага донарскага цэнтра:

+375293628293,

+375172898484,

+375172898643,

+375172890108;

Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі УАЗ "Гарадская клінічная бальніца нумар 6" у Мінску: +375172395913, +375291909748;

г.Віцебск: 80212240380,

г.Гомель: 80232539832, 80232539814,

г.Брэст: 80162285381,

г.Магілёў: 80222257422,

г.Гродна: 80152315404,

г.Маладзечна: 80176754735.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі