Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
24 лістапада 2015, 11:43
Леанід Добыш

Захаваць нельга знесці, або Як зменіцца Мінск да 2030 года

Леанід Добыш
Дырэктар УП "Мінскграда"

Грамадскае абмеркаванне генплана горада завяршылася на мінулым тыдні, але ўвага мінчан па-ранейшаму прыкавана да гэтай тэмы. Яна актыўна мусіруецца ў сацыяльных сетках і інтэрнэт-выданнях. Камусьці ідэі горадабудаўнікоў падабаюцца, у кагосьці яны выклікаюць адмоўныя эмоцыі. Пры ўсёй рознасці падыходаў і пазіцый гараджане згодны ў адным: Мінск не можа стаяць на месцы, ён павінен развівацца. Аб тым, як зменіцца аблічча сталіцы праз 15 гадоў, карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар УП "Мінскграда" Леанід Добыш.

Раней планавалася, што новыя жылыя раёны для мінчан з'явяцца на тэрыторыі населеных пунктаў Дзегцяроўка, Тарасава, Сеніца, Шчомысліца, Новы Двор, Вялікі Трасцянец. Цяпер гэта ідэя не разглядаецца. Згодна з адрэдагаваным генпланам, да 2030 года сталіца не будзе расці ўшырыню. Выключэнне складзе лясны масіў ля Мінскага мора, які ўсё ж плануецца ўключыць у мяжу горада. Паводле слоў спецыялістаў, гэта дапаможа кампенсаваць няхватку зялёных зон, паркаў і сквераў у паўднёва-заходняй частцы мегаполіса, дзе замест прызначаных 17 кв.м зялёных насаджэнняў на чалавека прыпадае да 15 кв.м. Калі тэрыторыя каля Мінскага мора стане сталічнай, тут з'явіцца добраўпарадкаваная зона адпачынку для гараджан.

Другое галоўнае адрозненне новага генплана ад свайго папярэдніка - гэта зніжэнне аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва прыкладна ў два разы. Замест 1,2 млн кв.м у год у Мінску будуць узводзіць не больш як 600 тыс. кв.м. Як растлумачыў Леанід Добыш, "сэканомленыя" метры з'явяцца ў гарадах-спадарожніках, якіх у сталіцы шэсць - Рудзенск, Фаніпаль, Смалявічы, Лагойск, Заслаўе і Дзяржынск. Паводле прагнозаў, іх жыхарамі стануць каля 100-120 тыс. чалавек.

Дзе будуць будаваць, а дзе зносіць?

Да 2030 года ў Мінску плануецца пабудаваць прыкладна 11,5 млн кв.м жылля. Так, на свабодных тэрыторыях узвядуць 4,6 млн кв.м, на месцы знесенага прыватнага сектара і двух-, трохпавярховых дамоў - 4 млн кв.м, былых прамзон - 2,5 млн кв.м. Каля 400 тыс. кв.м жылля з'явіцца ў рэканструяваных раёнах сядзібнай і шматкватэрнай забудовы.

Асноўныя тэрытарыяльныя рэзервы сталіцы сканцэнтраваны ва ўсходняй частцы горада - раёнах Зялёны Бор і Нотынгем. Тут у планах пабудаваць прыблізна 1,5 млн кв.м жылля. Буйныя раёны таксама сфарміруюць на былых вытворчых тэрыторыях (аэрапорт Мінск-1, птушкафабрыка імя Крупскай, завод імя Кірава). Шматкватэрныя жылыя дамы вырастуць і на месцы ваенных гарадкоў (у раёне вуліц Маякоўскага, Кабушкіна, Нававіленскай). Свой канчатковы выгляд да 2030 года набудуць комплексы "Маяк Мінска", "Магістр", раёны Усходні і Парк высокіх тэхналогій, мікрараёны Брылевічы і Міхалова, Каменная Горка і Лябяжы.

Цікава, што згодна з новым генпланам у Мінску захаваюць большую частку сядзібнай забудовы. Калі раней планавалася пакінуць каля 30 працэнтаў прыватнага сектара, то цяпер - 70 працэнтаў. Участкі сядзібнай і малапавярховай забудовы знікнуць у цэнтральнай частцы горада і ўздоўж асноўных магістралей. Гэта раён праспекта Дзяржынскага, вуліц Арлоўскай, Багдановіча, Аэрадромнай, Брэсцкай, Панамарэнкі, Даўгінаўскага тракту, былых вёсак Сухарава і Лошыца.

Усяго да 2030 года ў Мінску плануецца знесці 1 млн кв.м жыллёвага фонду. Генплан не дае адказу на пытанні, калі і які дом пойдзе пад знос, таму што не вызначае лёс асобных аб'ектаў - гэту інфармацыю можна будзе знайсці ў праектах дэталёвага планавання.

А вось развіваць сядзібнае будаўніцтва ў Мінску не маюць намеру, паколькі для горада гэта вельмі затратны від забудовы. На думку спецыялістаў, прыватныя дамы трэба ўзводзіць у прыгарадным наваколлі сталіцы. Дарэчы, цяпер у Мінскім раёне каля 6,6 тыс. га жылых тэрыторый маюць шчыльнасць (колькасць жыхароў на 1 га) да 5 чалавек пры нарматыве 20-25 чалавек.

Што такое "горад гарадоў"?

Сёння ўсе "багацці" сталіцы сканцэнтраваны ў яе цэнтральнай частцы. Тут знаходзіцца большасць кафэ і рэстаранаў, кінатэатраў, паркаў, магазінаў і іншых аб'ектаў. У спальных раёнах іх значна менш. Адна з задач новага генплана - гэту сітуацыю змяніць, зрабіць Мінск "горадам гарадоў". Паводле слоў Леаніда Добыша, кожны раён павінен стаць паўнацэнным населеным пунктам - са сваімі сацыяльна-культурнымі аб'ектамі, развітой інфраструктурай.

Дарэчы, тэрыторыі пад размяшчэнне дзіцячых садоў, школ і паліклінік рэзервуюцца яшчэ на стадыі праектавання жылых мікрараёнаў. Як запэўніў дырэктар "Мінскграда", гэтыя землі не аддаюць пад іншую забудову. Адзінае - часам на месцы будучых сацыяльных аб'ектаў абсталёўваюць часовыя аўтастаянкі, але толькі да таго часу, пакуль не пачалося будаўніцтва жыццёва важных устаноў.

Як будзе развівацца транспарт?

У Мінску маюць намер развіваць радыяльную транспартную сістэму. Прапускную здольнасць сталічных вуліц дапамогуць павялічыць тры транспартныя кальцы. Згодна з новай рэдакцыяй генеральнага плана, чацвёртую лінію метро таксама зробяць кальцавой. Як мяркуецца, яна будзе складацца з 17 станцый, з іх шэсць утвораць перасадачныя вузлы з іншымі веткамі (у раёне станцый метро "Плошча Бангалор", "Акадэмія навук", "Трактарны завод", "Аэрадромная", "Міхалова" і "Пушкінская").

Таксама ў сталіцы з'явіцца новы від пасажырскага транспарту - скорасны трамвай, які ў перспектыве звяжа горад з Лагойскам, Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам, пасёлкам Сокал і Нацыянальным аэрапортам Мінск.

Дарэчы, па шэрагу параметраў скорасны трамвай перасягае метрапалітэн. Так, па аб'ёмах перавозак ён не ўступае падземцы, а затраты на яго ўвядзенне істотна ніжэйшыя. Сярэдняя скорасць руху такога трамвая - каля 40 км/гадз (традыцыйнага трамвая - прыкладна 12 км/гадз).

Паводле слоў Леаніда Добыша, цяпер спецыялісты "Мінскграда" аналізуюць прапановы гараджан, што паступілі ў час грамадскага абмеркавання генплана сталіцы, у якім прынялі ўдзел амаль 3 тыс. чалавек. У пісьмовым выглядзе ад іх паступіла 428 прапаноў. У тым ліку два пісьмовыя калектыўныя звароты, што датычацца экалагічнай праблематыкі, зносу сядзібнай забудовы.

Усе прапановы будуць разгледжаны на горадабудаўнічым савеце, які адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў дакумент накіруюць на экалагічную экспертызу ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і на дзяржаўную экспертызу ў РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза". Гэта працэдура можа заняць 2-4 месяцы. У выпадку атрымання станоўчых заключэнняў праект указа "Аб зацвярджэнні генеральнага плана Мінска" накіруюць на ўзгадненне зацікаўленым дзяржаўным органам.

Хрысціна РАШАНОК

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі