Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
25 сакавіка 2021, 12:41
Таццяна Бранцэвіч

За 20 гадоў узровень малазабяспечанасці ў Беларусі знізіўся амаль у 9 разоў

Таццяна Бранцэвіч
Намеснік міністра эканомікі

Для ацэнкі ўзроўню жыцця насельніцтва праводзяцца выбарачныя абследаванні дамашніх гаспадарак. Малазабяспечанымі лічацца людзі, у якіх наяўныя рэсурсы на аднаго чалавека знаходзяцца ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму. У Беларусі БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў 2020 годзе складаў Br253,5, а з 1 лютага 2021 года павысіўся да Br262,87. Аб узроўні жыцця насельніцтва ў нашай краіне і аб тым, якіх вынікаў удалося дасягнуць за апошнія гады, расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч.

За апошнія 20 гадоў узровень малазабяспечанасці ў Беларусі знізіўся амаль у дзевяць разоў - з 41,9 працэнта ў 2000 годзе да 4,8 працэнта ў 2020-м. "Узровень малазабяспечанасці ў рэспубліцы супастаўны з Казахстанам (4,6 працэнта ў чацвёртым квартале 2020 года) і істотна ніжэйшы, чым у іншых краінах ЕАЭС. Напрыклад, узровень беднасці ў Расіі складае 13,3 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва, Кыргызстане - 20,1 працэнта, Арменіі - 26,4 працэнта", - сказала Таццяна Бранцэвіч.

У мінулым годзе, нягледзячы на негатыўны ўплыў пандэміі каранавіруса, у Беларусі былі забяспечаны самыя высокія тэмпы росту рэальных наяўных грашовых даходаў сярод краін ЕАЭС - на 4,6 працэнта. Для параўнання, у мінулым годзе індэкс рэальных грашовых даходаў у Расіі знаходзіўся на ўзроўні 96,5 працэнта, Казахстане - 101,1 працэнта, Кыргызстане - 95 працэнтаў (за дзевяць месяцаў 2020 года).

Зразумела, аплата працы складае асноўную частку даходаў насельніцтва. У Беларусі ў гэтай сферы адзначаецца адносна невысокае расслаенне.

Гаворачы аб сярэдняй заработнай плаце, Таццяна Бранцэвіч адзначыла, што па выніках 2020 года яна склала Br1250,9 і вырасла ў рэальным выражэнні на 8,2 працэнта. У лютым 2021 года - Br1277,1 (4,2 працэнта).

"Доля работнікаў з заработнай платай ніжэйшай за Br500 знізілася з 24,4 працэнта ў 2018 годзе да 13,2 працэнта ў 2020-м", - сказала яна.

Заработную плату меншую за Br500 атрымлівалі 298,1 тыс. работнікаў, з іх 28,7 працэнта было занята ў адукацыі, 18,8 працэнта - у сельскай гаспадарцы, 12,1 працэнта - у прамысловасці, 11,6 працэнта - у ахове здароўя і сацыяльных паслугах.

На думку намесніка кіраўніка ведамства, значная колькасць работнікаў атрымліваюць невысокую зарплату па аб'ектыўных прычынах. "Паводле даных за лістапад 2020 года, 55,8 працэнта работнікаў з зарплатай ніжэйшай за мінімальную працавалі на ўмовах няпоўнага рабочага дня або няпоўнага рабочага тыдня", - растлумачыла яна.

Таццяна Бранцэвіч лічыць, што ў сферы аплаты працы неабходны комплексны падыход, які ўключае меры па павышэнні заработнай платы ў вытворчых арганізацыях з зарплатай ніжэйшай за сярэднегаліновую.

Таксама ў бягучай пяцігодцы плануецца паэтапнае павышэнне заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў бюджэтнай сферы: педагогам - да ўзроўню сярэдняй па краіне, урачам - у 1,5 раза вышэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень, сярэдняму медперсаналу - да 90 працэнтаў, а работнікам сферы сацыяльнага абслугоўвання і культуры - да 80 працэнтаў ад сярэднерэспубліканскага ўзроўню.

Намеснік міністра падкрэсліла, што неабходна выяўляць і прадухіляць факты выплаты заработнай платы ў канвертах. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць наймальнікам, у якіх сістэматычна фіксуецца выплата зарплаты ў нязначных памерах.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі