Эканамічная мода прыходзіць у Беларусь са зразумелым спазненнем. Аб венчурным фінансаванні ў нас ведаюць пакуль больш па чутках. Але ўсё часцей згадваюць аб ім як аб шматабяцальным фінансавым інструменце. Невыпадкова лабіраваць стварэнне прававой базы венчурнага фінансавання першымі сталі адміністратары Парку высокіх тэхналогій. Аднаго з нямногіх рыначных сегментаў, дзе Беларусь рэальна ўдзельнічае ў глабальным падзеле працы.
У класічным разуменні венчурнае фінансаванне - гэта доўгатэрміновае (5-7 гадоў) укладанне капіталу ў рызыкоўны праект. Той выпадак, калі інавацыйная тэхнічная ідэя можа азалаціць як вынаходніка, так і фінансіста, а можа скончыцца камерцыйным правалам. Паводле статыстыкі, самымі ўдалымі і прыбытковымі аб'ектамі для ўкладання венчурнага капіталу былі невялікія інавацыйныя кампаніі, дзейнасць якіх арыентавана на распрацоўку і пастаўку на рынак прадукцыі, ствараемай на базе высокіх тэхналогій. Сама прырода венчурнага фінансавання прадугледжвае, што з пяці інвесціруемых праектаў 4 апынуцца незапатрабаванымі рынкам, але прыбытак ад паспяховага пятага бізнесу з лішкам пакрые ўсе панесеныя затраты.
Лічыцца, што венчурнае фінансаванне як інструмент узнікла ў ЗША ў другой палавіне 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Ва ўніверсітэцкіх падручніках эканомікі ахвотна прыводзяць яскравы прыклад паспяховага венчурнага фінансавання - дзейнасць Майкла Морытца, уладальніка кампаніі Sequoia Capital. У свой час, уклаўшы ў развіццё кампаніі Google $12,5 млн., ён атрымаў пазней казачны прыбытак у $15 млрд.
Паспяховая гісторыя IT-гіганта уражвае вельмі многіх. Нават ва Уладзіміра Пуціна ў бытнасць яго кіраўніком урада аднойчы сарвалася з вуснаў прызнанне: калі ў Сколкаве ўзнікне хоць адна расійская кампанія маштабу Google, то ўвесь мегапраект падмаскоўнага навуковага горада распачаты нездарма.
ЗША і сёння застаюцца лідарам венчурнай індустрыі. У Еўропе маштабы такога бізнесу на парадак меншыя. Па-свойму ўнікальны венчурны вопыт мае Ізраіль.
Беларусь у сваёй эканамічнай стратэгіі зрабіла стаўку на інавацыі. Любы іншы падыход проста вымушае краіну заставацца на задворках глабальнай эканомікі. Але выцягнуць інавацыйную палітыку толькі за кошт дзяржаўных фінансаў, відавочна, не атрымаецца. Беларускі бюджэт абцяжараны многімі іншымі клопатамі. І вось тут венчурныя механізмы могуць стаць калі не панацэяй, то вельмі моцным дапаможным інструментам. Бо класічны венчур - гэта інвесціраванне прыватнага прадпрымальніцкага капіталу. Бізнес добраахвотна ўключаецца ў развіццё інавацый, усведамляючы ўсе рызыкі. Але каб гэта адбылося, неабходны шэраг умоў.
Каб зразумець, ці стане працаваць венчурнае фінансаванне ў Беларусі, важна разабрацца, у якой ступені ў рэспубліцы прадстаўлены асноўныя складальнікі механізму: інавацыйныя ідэі, матываваны прыватны капітал, прававая база.
Агульным месцам стала сцвярджэнне аб багатым інтэлектуальным патэнцыяле Беларусі. Няхай так, але тады прызнаем, што інтэлектуальны патэнцыял краіны знайшоў рэальную запатрабаванасць на сусветным рынку пакуль толькі ў сферы афшорнага праграмавання. Рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій ужо аб'ектыўна выраслі з кароткіх штонікаў аўтсорсінгавых заказаў і здольны прапанаваць рынку самадастатковы прадукт. Што і тлумачыць ініцыятывы адміністрацыі ПВТ па ўдасканаленню банкаўскага, у прыватнасці заканадаўства. Паводле дзеючых сёння правіл, банкі абмежаваны ў сваіх магчымасцях укладаць сродкі ў рызыкоўныя распрацоўкі без гарантыі забяспечанасці вяртання фінансавых сродкаў. Без венчурнага фінансавання складана разлічваць на паспяховае развіццё прадуктовай мадэлі, лічыць дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала.
Ініцыятыва знайшла разуменне ў кіраўніка дзяржавы. Па яго даручэнню павінны быць падрыхтаваны прапановы па змяненнях у заканадаўстве, якія далі б імпульс развіццю венчурнага фінансавання. Чакаецца, што гэта будзе комплекснае рашэнне, якое здыме многія перашкоды ў звязцы інавацыі - прыватны капітал.
Эксперты, прыцягнутыя да распрацоўкі дакумента, разумеюць, што рыхтаваць венчурны механізм толькі пад IT-тэхналогіі - гэта арыентавацца на адыходзячую рэальнасць.
- Выбудоўваючы інавацыйную палітыку, варта своечасова задумацца аб пераходзе да чарговага тэхналагічнага ўкладу. Калі аснову 5-га тэхналагічнага ўкладу складалі інфармацыйныя і біятэхналогіі, то вектарам развіцця 6-га ўкладу становяцца біясумяшчальныя і нанатэхналогіі, - гаворыць загадчыца кафедры эканамічнай тэорыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь доктар эканамічных навук, прафесар Ірына Новікава. - IT-тэхналогіі гэта яшчэ не ўчарашні дзень, але ўжо і не заўтрашні. IT-тэхналогіі будуць інструментам для развіцця тэхналогій VI тэхналагічнага ўкладу.
Ірына Новікава лічыць, што пры фарміраванні айчынных венчурных механізмаў варта ўважліва вывучыць расійскі вопыт. Хоць і робячы моцныя папраўкі на беларускія рэаліі.
У Расійскай Федэрацыі дзяржава выступіла заснавальнікам дзвюх буйных структур - Фонду развіцця інфармацыйных тэхналогій і Расійскай венчурнай кампаніі. У абодвух выпадках - 100-працэнтны дзяржаўны капітал, які фарміруецца за кошт розніцы паміж запланаванай у бюджэце і рэальнай фарміруемай цаной нафты на сусветным рынку. Зразумела, што Беларусь такога грашовага фантана пазбаўлена. Цікава далейшае.
Расіяне вызначылі 8 прыярытэтаў, так званых тэхналагічных платформ, і адпаведна сфарміравалі 8 карпарацый: "Раснана", "Расбія" і г.д. Ва ўсіх выпадках прымянялася адна і тая ж схема: 49 працэнтаў статутнага фонду ўносіць Расійская венчурная кампанія, 51 працэнт дае прыватны капітал. Галіновыя карпарацыі ў сваю чаргу ствараюць 50-100 малых інавацыйных высокатэхналагічных кампаній (start-up), якія рэалізуюць праекты па прыярытэтных напрамках. Незадаволенасць у расійскіх распрацоўнікаў выклікае толькі доля прыбытку ад інавацый (25 працэнтаў), якую патрабуюць галіновыя карпарацыі, арыентуючыся на заходнія стандарты.
У агульным выглядзе гэта схема можа быць узноўлена і ў Беларусі, пераканана Ірына Новікава. Прававой базай для яе можа стаць закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, які ўжо не першы месяц шліфуецца ў Мінэканомікі.
- Важна ўлічваць прагматычны падыход прыватнага капіталу, - гаворыць Ірына Новікава. - Бізнесмена не прыцягнеш агульным заклікам - давайце развіваць біятэхналогіі. Трэба будзе дэталёва расшыфраваць, якія даследчыя калектывы якія задачы будуць выконваць, на якія рынкі збыту будзе арыентаваны прадукт, калі пачне паступаць прыбытак. Такі падыход запатрабуе якасна новай работы ад органаў дзяржкіравання. Ведамствам давядзецца змірыцца з думкай, што на чале галіновай венчурнай карпарацыі павінен стаяць менеджар з імем, магчыма, запрошаны з-за мяжы. Пад малавядомага чыноўніка сродкі проста не пойдуць.
Зрэшты, чыноўнік чыноўніку не роўны. Дырэктар Беларускага інавацыйнага фонду Уладзімір Нядзілька ўжо не першы год займаецца тым, што бліжэй за ўсё да венчурнага фінансавання. У 2011 годзе БІФ, маючы інавацыйны бюджэт у Br60 млрд., прафінансаваў 23 праекты ў галіне электронікі, дакладнай механікі, вытворчасці будматэрыялаў. Удвая больш прэтэндэнтаў на атрыманне бюджэтных сродкаў засталося за бортам. Крытэрыі адбору ўстанавіліся не сёння - тэхнічная навізна і эканамічная акупнасць.
У адрозненне ад класічнага венчурнага фонду БІФ нічым не рызыкуе. Фінансаванне інавацыйных праектаў, хоць правільней сказаць крэдытаванне, ажыццяўляецца на ўмовах зваротнасці, хоць і па льготнай стаўцы (50 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацбанка). Што, уласна, і з'яўляецца формай дзяржпадтрымкі.
Такім чынам, БІФ нічым не рызыкуе, але і нічога не зарабляе. Накапіўшы немалы вопыт у ацэнцы і адборы інавацыйных праектаў, ён застаецца структурай, якая размяркоўвае небагаты бюджэтны ручаёк.
Магчыма, фонд сёння з'яўляецца найбольш падрыхтаванай у краіне пляцоўкай, на базе якой можа ўзнікнуць нацыянальная венчурная кампанія.
- Мы не можам паводзіць сябе, як заходнія венчурныя фонды, гэта значыць ісці на сур'ёзную рызыку, разлічваючы на магчымы высокі прыбытак, - гаворыць Уладзімір Нядзілька. - Фонд абавязаны забяспечыць зваротнасць, таму рызыка заўсёды вельмі ўмераная. Калі б мы працавалі па агульнасусветных схемах, гэта значыць маглі б выступаць заснавальнікамі камерцыйных структур, атрымліваць прыбытак, потым прадаваць сваю долю, БІФ стаў бы самафінансуемай структурай, не запытваючы сродкаў у Мінфіна.
Мабыць, гэта самы істотны аргумент на карысць фарміравання нацыянальных венчурных механізмаў. Шматлікія ведамасныя інавацыйныя фонды толькі спусташаюць дзяржбюджэт, але суцэльную інавацыйную палітыку ў краіне не фарміруюць. Камітэт дзяржкантролю ўжо не раз канстатаваў выпадкі, калі сродкі галіновых мэтавых фондаў выкарыстоўваліся для латання ведамасных дзірак.
Ігар ФІЛІПЕНКА