Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
19 мая 2021, 13:42
Таццяна Бранцэвіч

"Тры пытанні аб дзяржпраграме" - развіццё турыстычнай галіны

Таццяна Бранцэвіч
Намеснік міністра эканомікі

У мінулым пяцігоддзі турызм як від эканамічнай дзейнасці дэбютаваў у сферы рэалізацыі дзяржаўных праграм. І на працягу шэрага гадоў праграма была ў лідарах па выніках рэалізацыі. Сёння ў рамках сумеснага праекта Мінэканомікі і БЕЛТА "Тры пытанні аб дзяржпраграме" пагаворым аб дзяржаўнай праграме "Беларусь гасцінная" на 2016-2020 гады з намеснікам міністра эканомікі Таццянай Бранцэвіч.

Якія задачы вырашала дзяржаўная праграма?

Дзяржаўнай праграмай у якасці прыярытэту вызначана фарміраванне і развіццё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу.

"Распрацоўка новых прынцыпаў і падыходаў да фарміравання і папулярызацыі нацыянальнага турыстычнага прадукту, стварэнне дакладнай сістэмы кіравання галіной - вось, мабыць, асноўныя напрамкі, па якіх вялася работа ў рамках дзвюх падпраграм. Пры гэтым развівалася інфармацыйная сістэма комплекснай падтрымкі як уязнога, так і ўнутранага турызму. Атрымалі развіццё розныя віды турызму: культурна-пазнавальны, лячэбна-аздараўленчы, падзейны, экалагічны, паляўнічы, аўтамабільны, прамысловы, аграэкатурызм і інш.", - расказала Таццяна Бранцэвіч.

Трэба адзначыць, што за час рэалізацыі дзяржпраграмы распрацаваны найважнейшыя акты заканадаўства ў сферы турызму. Усяго іх каля 30. У гэты перыяд падпісаны ўказы кіраўніка дзяржавы аб развіцці аграэкатурызму (2017 год), аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян (2019 год). Пад эгідай Мінспорту і турызму, адказнага заказчыка дзяржпраграмы, распрацавана Нацыянальная стратэгія развіцця турызму ў краіне да 2035 года. У ёй замацаваны асноўныя напрамкі развіцця турыстычнай галіны і паслуг на доўгатэрміновую перспектыву.

Як ацэнены вынікі рэалізацыі дзяржаўнай праграмы?

Гаворачы аб выніках рэалізацыі дзяржпраграмы "Беларусь гасцінная", у першую чаргу намеснік міністра адзначыла, што экспарт турыстычных паслуг за пяць гадоў склаў каля $940 млн.

Беларусь наведалі 20,1 млн замежных грамадзян. Адпраўлены па маршрутах у межах тэрыторыі краіны амаль 4,7 млн турыстаў і экскурсантаў.

Праведзена больш за 150 маркетынгавых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю турыстычнага патэнцыялу Беларусі. Гэта выстаўкі, прэзентацыі, азнаямленчыя туры.

"У 2018 годзе ўклад турызму ў ВУП краіны склаў 2,5 працэнта. Для параўнання: у 2014 годзе - 1,8 працэнта. Пры гэтым уклад уязнога турызму ў 2018 годзе ацэньваецца ў памеры 1,4 працэнта, унутранага турызму - 1,1 працэнта. З цікавасцю чакаем статыстыкі за апошнія гады", - сказала Таццяна Бранцэвіч.

Якія праблемы не ўдалося вырашыць у поўнай меры?

"Эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце ў 2020 годзе скарэкціравала амбіцыйныя планы, пастаўленыя адказным заказчыкам дзяржпраграмы. Не ўсе задачы ўдалося вырашыць менавіта за кошт вынікаў апошняга года - года закрытых граніц і абмежаванняў. Пры фарміраванні аналагічнай праграмы на чарговую пяцігодку праведзена работа над памылкамі і прыняты адпаведныя меры", - растлумачыла намеснік міністра.

Паводле яе слоў, відавочнай недапрацоўкай дзяржпраграмы стала адсутнасць планаў па развіцці аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры. Вырашэнне гэтай праблемы таксама прадугледжана дзяржпраграмай на 2021-2025 гады.

Акрамя таго, Таццяна Бранцэвіч адзначыла, што неабходна прыняць дзейсныя меры па выбудоўванні вертыкальнай сістэмы кіравання ў сферы турызму, актывізаваць работу па брэндзіраванні Беларусі.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі