Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
14 верасня 2021, 11:12
Таццяна Лугіна

Рабатызацыя легпрама: якія перспектывы ў беларускіх прадпрыемстваў

Таццяна Лугіна
Старшыня канцэрна "Беллегпрам"

У сучасным свеце ўсе галіны імкнуцца да аўтаматызацыі працэсаў і зніжэння затрат на вытворчасць. Не застаецца ўбаку і беларуская лёгкая прамысловасць. Прадпрыемствы задумваюцца аб укараненні рабатызаваных тэхналогій і бачаць у гэтым адну з магчымасцей для павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці на рынку. Аб тым, якія функцыі могуць выконваць робаты ў легпраме і калі чакаць шырокага прымянення такіх тэхналогій, расказала карэспандэнту БЕЛТА старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна.

"Работа ў гэтым напрамку вялася на працягу многіх гадоў. Наш, так сказаць, якарны праект рэалізаваны СТАА "Белвест". Кампанія працуе над рабатызацыяй вытворчага ланцуга па дэфектоўцы, раскроі і камплектоўцы дэталей крою верху абутку. Мы ўжо на фінішнай прамой: гэты ланцуг выходзіць на прамысловую магутнасць. Цяпер мы думаем і глядзім, выкананне якіх яшчэ аперацый можам рабатызаваць", - сказала кіраўнік канцэрна.

На яе думку, у любой галіне перспектыўнай з'яўляецца рабатызацыя складской, лагістычнай гаспадаркі, паколькі ў гэтай галіне ёсць адпрацаваныя ўніфікаваныя прыёмы, якія падыходзяць практычна для ўсіх прадпрыемстваў. "А што датычыцца непасрэдна лёгкай прамысловасці, тут трэба кропкава глядзець, дзе можна замяніць паўаўтаматычную або ручную працу рабатызаванымі комплексамі. Напрыклад, на Добрушскім фарфоравым заводзе ёсць ручная падача посуду і зняцце яго з канвеера. На мой погляд, такія аперацыі павінны выконвацца аўтаматычна. Акрамя таго, думаю, што неабходны і рабатызаваныя комплексы па шыцці футболак, пасцельнай бялізны, ручнікоў", - адзначыла Таццяна Лугіна.

Беларускія прадпрыемствы легпрама цяпер актыўна займаюцца аўтаматызацыяй уліку бізнес-працэсаў і тэхналагічных працэсаў, у тым ліку "Віцебскія дываны", "Камволь", Аршанскі льнокамбінат. Рабатызацыя можа стаць наступным крокам, лічыць кіраўнік канцэрна. "Мы ідзём у нагу з тымі задачамі па лічбавізацыі, якія ставіць наша краіна і дыктуе час. Разумеем, што пераход да рабатызацыі непазбежны. Прадпрыемствы легпрама працуюць у канкурэнтным, жорсткім асяроддзі. З усіх канкурэнтных пераваг цана прадукту выходзіць на першы план. А рабатызацыя - адзін са шляхоў зніжэння затрат", - падкрэсліла яна.

Нядаўна ў Светлагорску прайшоў семінар "Развіццё лічбавізацыі прадпрыемстваў прамысловасці" з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Юрыя Назарава. Вядучыя прадпрыемствы краіны расказалі аб практычным укараненні інструментаў лічбавізацыі на сваіх аб'ектах. "Мяркуецца, што такія сустрэчы будуць праходзіць раз у месяц на розных прадпрыемствах, будуць выступаць людзі з розных галін. Вядома, нельга проста ўзяць алгарытм, што прымяняецца ў іншай сферы, у нас свая спецыфіка, але нейкія моманты можна пераняць", - звярнула ўвагу старшыня канцэрна.

Беларусь вывучае і міжнародны вопыт укаранення рабатызаваных тэхналогій у прамысловасць. У прыватнасці, кіраўнік "Беллегпрама" сустрэлася з генеральным дырэктарам "FANUC Расія і Беларусь" (прадстаўніцтва міжнароднай кампаніі са штаб-кватэрай у Японіі) Аляксандрам Яшкіным. "Мы зверылі нашы падыходы, падзяліліся бачаннем рабатызацыі лёгкай прамысловасці, абмеркавалі, як будзем будаваць узаемадзеянне ў бліжэйшы час, каб быў вынік", - сказала Таццяна Лугіна.

"Але трэба разумець, што ўсе праекты ў сферы рабатызацыі разлічаны на 5-10 гадоў. Таму вынік будзе не заўтра. Каб яго атрымаць, трэба прайсці доўгі шлях. Але канкурэнцыя ў галіне вялікая, трэба зніжаць затраты і выбудоўваць доўгатэрміновую эфектыўную стратэгію", - падкрэсліла кіраўнік канцэрна. На яе думку, нягледзячы на складанасці, якія трэба пераадолець, рабатызацыя неабходна і будзе садзейнічаць далейшаму развіццю беларускага легпрама.

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі