Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
19 лістапада 2015, 13:22
Наталля Злотнік

Новы закон аб турызме: беларусам выпішуць рэцэпт ад нядобрасумленных турфірм

Наталля Злотнік

У Беларусі рыхтуецца новая рэдакцыя закона аб турызме. Дакумент прадугледжвае адразу некалькі важных новаўвядзенняў, якія павінны дадаткова засцерагчы ад небяспекі беларусаў-падарожнікаў. Аб дэталях законапраекта карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Міністэрстве спорту і турызму.

Апошні раз змяненні ў закон аб турызме ўносілі пяць гадоў таму. Тады папраўкі ў дакумент адмянілі выкарыстанне турыстычнага ваўчара - яму на змену прыйшоў тыпавы дагавор аказання турпаслуг. У праграме турыстычнага падарожжа прапанавана было прапісаць тэрміны, маршрут і іншыя дэталі паездкі, тыпавы дагавор дазволілі пашырыць уласнымі пунктамі. Акрамя таго, дакументам рэгламентаваліся дадатковыя меры для развіцця тургаліны, юрыдычны статус атрымалі турысцка-інфармацыйныя цэнтры, змяненні закранулі паняційны апарат.

Сутнасць цяперашніх паправак, тлумачаць у Мінспорту і турызму, у тым, каб забяспечыць рэгуляванне дзейнасці суб'ектаў турбізнесу з улікам інтарэсаў спажыўца і дзяржавы. Такім чынам, асноўная мэта дакумента - гарантаваць беларусам атрыманне якасных паслуг.

У час падрыхтоўкі новага закона разглядаліся розныя меры, каб перашкаджаць пранікненню на рынак нядобрасумленных ігракоў і прыцягнуць да адказнасці тых суб'ектаў, якія парушаюць заканадаўства. Так, у праект закона прапаноўвалася ўключыць палажэнні аб увядзенні ліцэнзавання, самарэгулюемых арганізацыях (СРА) у турызме і стварэнні фонду дапамогі па аналогіі з кампенсацыйным фондам расійскай асацыяцыі "Турдапамога".

Разам з тым, кіраўніцтва Мінспорту і турызму неаднаразова падкрэслівала, што аб вяртанні да ліцэнзавання размова не ідзе, такое пытанне не разглядаецца. Што датычыцца СРА, то планавалася, што такія арганізацыі будуць працаваць у статусе некамерцыйнай асобы, якая аб'ядноўвае юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў для каардынацыі сваёй дзейнасці і прыняцця прафесійных стандартаў. Аднак у выніку палажэнне аб самарэгулюемых арганізацыях не было ўключана ў праект закона.

Ідэя стварэння фонду экстраннай дапамогі стала шырока абмяркоўвацца пасля падзей 2014 года на расійскім турыстычным рынку і серыі банкруцтваў тураператараў. Тады ад дзеянняў тураператараў пацярпелі дзясяткі тысяч турыстаў, былі сярод іх і беларусы. Праўда, экстранна эвакуіраваць іх з заморскіх курортаў не давялося, турысты вярталіся ў Беларусь у запланаваныя тэрміны.

Тым не менш, хваля банкруцтваў расійскіх кампаній была адной з прычын задумацца, як дадаткова засцерагчы ад небяспекі беларускага турыста і ачысціць рынак ад фірм-аднадзёнак. Прадугледжвалася, што фонд можа акумуляваць нейкую суму грошай, каб пры форс-мажорных абставінах, невыкананні фірмамі сваіх абавязацельстваў можна было кампенсаваць турысту патрачаныя грошы. У некаторых краінах такія фонды фарміруюцца за кошт паступленняў ад продажу замежных тураў, былі прапановы, што беларускі фонд можа папаўняцца на добраахвотнай аснове за кошт узносаў тураператараў. Зрэшты, пакуль ідэя стварэння такой падушкі бяспекі ў праекце закона не адлюстравана, аднак у Мінспорту і турызму адзначылі, што пажаданні і прапановы ўлічваюцца і могуць быць замацаваны ў іншых нарматыўных прававых актах.

Згодна з праектам новага закона, пазбавіць беларусаў ад нядобрасумленных кампаній павінен рэестр суб'ектаў турыстычнай дзейнасці. "Цяпер Міністэрства спорту і турызму не аказвае ніякага ўплыву на нядобрасумленных ігракоў на турыстычным рынку. Груба кажучы, узнікае сітуацыя, што да абеду чалавек прадаваў паліва або прадукты харчавання, а пасля абеду ён займаецца продажам турпрадукту, не маючы ні адпаведнай адукацыі, ні фінансавых рэзерваў для кампенсацыі турысту пры форс-мажорных абставінах", - заяўляў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

Мэта рэестра - упарадкаваць улік і сістэматызаваць інфармацыю аб туркампаніях, інакш кажучы, зрабіць рынак больш празрыстым. Прадугледжваецца, што яго размесцяць на афіцыйным сайце Мінспорту, такім чынам, інфармацыя аб кампаніях будзе даступна ўсім зацікаўленым. Рэестр будзе ўяўляць сабой базу даных, у якую прадугледжваецца ўключаць звесткі аб усіх суб'ектах турдзейнасці, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Для гэтага кампаніі павінны будуць падаць у Мінспорту заяўку. Якія менавіта звесткі павінны будуць прадаставіць турфірмы і як будзе фарміравацца рэестр, дадаткова вызначыць Савет Міністраў. "За непрадастаўленне звестак плануецца прадугледзець сур'ёзную адказнасць", - падкрэслілі ў Мінспорту і турызму.

Больш таго, праектам закона прадугледжана ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства ў сферы турызму ў цэлым. Гэта мера ўжо даўно ініцыіруецца профільным міністэрствам. Уключэнне такой прававой нормы запатрабуе ўнясення змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях.

Акрамя таго, закон прапануецца дапоўніць артыкулам аб правілах аказання турыстычных паслуг. Гэты дакумент, прыняты ў мінулым годзе, рэгламентуе ў тым ліку пытанні вяртання грошай пры скасаванні дагавора. Агенцтвы абавязаны вяртаць турыстам грошы за неажыццёўленую паездку, але могуць утрымаць фактычна панесеныя расходы, напрыклад, траты на браніраванне атэляў і г.д. Пры гэтым усе расходы павінны быць пацверджаны дакументальна. Нярэдка туркампаніі ў дагаворах прапісваюць прэйскурант усярэдненых расходаў. Напрыклад, пры адмове ад паездкі за тыдзень фактычна панесеныя расходы могуць скласці 100 працэнтаў кошту паездкі, за 14 дзён - 70 працэнтаў, за 21 дзень - палавіну сумы і г.д. Некаторыя ж туркампаніі спрабуюць загадзя прапісаць у дагаворы нейкія штрафныя санкцыі, не ўвязаныя з фактычна панесенымі расходамі, хоць такія разлікі нельга лічыць правамернымі.

Асобныя ўдакладненні ў закон прапануецца ўнесці адносна турыстычных інфармацыйных цэнтраў. Дзеючым законам вызначана, што для развіцця міжнароднага і ўнутранага турызму, распаўсюджвання інфармацыі пра Беларусь і яе турыстычны патэнцыял ствараюцца турыстычныя інфармацыйныя цэнтры. Аднак іх дзейнасць да гэтага часу не рэгламентавана. Цяперашні законапраект прадугледжвае, што парадак і ўмовы стварэння і функцыянавання такіх цэнтраў вызначаецца ўрадам.

Папраўкі ў закон уносяцца ў тым ліку па рэкамендацыі Сусветнай турысцкай арганізацыі (UNWTO), якая аб'ядноўвае больш як 150 краін. Беларусь з'яўляецца членам UNWTO і, ратыфікаваўшы статут арганізацыі, прыняла на сябе адпаведныя абавязацельствы па ўніфікацыі тэрмінаў і гарманізацыі заканадаўства ў цэлым. Так, у новую рэдакцыю закона ўключаны некаторыя паняцці з базавага гласарыя арганізацыі, неабходныя для ўкаранення ў Беларусі дапаможных (сатэлітных) рахункаў у турызме. Гэта дапаможа ў тым ліку ўдасканаліць статыстыку ў галіне турызму. Цяпер Сусветная турысцкая арганізацыя ў сваіх аглядах адзначае, што Беларусь у 2014 годзе наведалі 137 тыс. турыстаў. Атрымліваецца, што па гэтым паказчыку краіна найбольш блізкая да Грэнады - астраўной дзяржавы ў Карыбскім моры. На еўрапейскім кантыненце, паводле даных UNWTO, паказчык міжнародных турыстычных прыбыццяў меншы толькі ў Малдовы, Ліхтэнштэйна і Сан-Марына. Аднак на самай справе 137 тыс. турыстаў - гэта даныя толькі аб замежных грамадзянах, якія наведалі краіну ў складзе арганізаваных тургруп, без уліку індывідуальных турыстаў і расіян. Відавочна, што краіну наведвае намнога больш іншаземцаў, і рэфармаванне статыстыкі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі UNWTO дасць магчымасць удасканаліць падлік турыстаў.

Ці могуць падаражэць пуцёўкі з-за ўвядзення рэестра і іншых навацый, прапісаных у законапраекце? У Мінспорту не бачаць перадумоў для гэтага. "Міністэрства не ўпаўнаважана ўплываць на цэнаўтварэнне. Рэгуляваць кошт пуцёвак будзе сам рынак турыстычных паслуг, цана будзе вагацца ў залежнасці ад попыту і прапанавання", - пракаменціравалі спецыялісты.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі