Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
29 красавіка 2020, 13:00
Віктар Лоўгач

Няскораная Рудабелка

Віктар Лоўгач

Сярод шматлікіх мясцін Беларусі, адметных сваім гераічным мінулым і славутымі людзьмі, вылучаецца рэгіён на паўночным захадзе Гомельскай вобласці. Гэта гарадскі пасёлак Акцябрскі, больш вядомы ў гісторыі як Рудабелка. Першыя радкі яе слаўнага летапісу былі напісаны больш за 100 гадоў таму. А сведчылі яны аб унікальным факце: праз 15 дзён пасля ключавой падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі – штурму Зімняга палаца ў Петраградзе – на мітынгу працоўных у Рудабелцы 22 лістапада 1917 года была абвешчана савецкая ўлада і абраны валасны камітэт на чале з вядомым рэвалюцыянерам Аляксандрам Салаўём. Тыя падзеі дакладна і вобразна засведчаны ў дакументальнай аповесці Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка».

Гераічны характар мястэчка асабліва ярка праявіўся ў 1941–1945 гадах у час фашысцкай навалы. Нездарма Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года гарадскі пасёлак Акцябрскі ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Першыя Героі

На 22 чэрвеня 1941 года ў Рудабелцы быў прызначаны сход партыйна-гаспадарчага актыву раёна. Аднак за некалькі хвілін да яго пачатку першаму сакратару райкама партыі Ціхану Бумажкову патэлефанавалі з Мазыра, які быў у той час цэнтрам Палескай вобласці, і параілі не пачынаць планавае мерапрыемства. Затым паступіла паведамленне аб нападзе Германіі на Савецкі Саюз.

Герой Савецкага Саюза Ціхан Бумажкоў

Парадак дня той нарады быў радыкальна зменены: трэба было прымаць меры, каб мабілізаваць насельніцтва на барацьбу з ворагам. Паводле ўспамінаў былога камісара 123-й партызанскай брыгады Сямёна Маханько і камісара партызанскага атрада імя 25-годдзя ВЛКСМ Сцяпана Пракопчыка, літаральна за тры дні быў створаны знішчальны батальён з больш як паўсотні чалавек. Узначаліў яго Ціхан Бумажкоў. У хуткім часе на базе батальёна ён разам з былым упаўнава­жаным Наркамата нарыхтовак СССР па Акцябрскім раёне Фёдарам Паўлоўскім арганізаваў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік». Гэтае фарміраванне пачало актыўна ўзаемадзейнічаць з вайсковым падраздзяленнем, якім каманда­ваў падпалкоўнік Курмышаў. Да канца ліпеня атрад і ваенныя сумесна знішчылі 300 гітлераўскіх салдат і афіцэраў, 20 варожых танкаў і 30 аўтамашын, падарвалі 20 мастоў. Адна з самых паспяховых аперацый партызанскага фарміравання – разгром штаба нямецкай дывізіі ў вёсцы Воземля.

Герой Савецкага Саюза Фёдар Паўлоўскі

Пастановай ЦК КП(б)Б ад 28 ліпеня 1941 года і камандавання Цэнтральнага фронту група беларускіх партызан была прадстаўлена да дзяржаўных узнагарод. Гэтае хадайніцтва падтрымаў Вярхоўны Савет СССР – 6 жніўня 1941 года больш за 40 чалавек, якія змагаліся з фашыстамі ў тыле ворага, былі ўзна­гароджаны ордэнамі і медалямі. А Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі сталі першымі сярод партызан Героямі Савецкага Саюза.

18 жніўня ў газеце «Правда» быў змешчаны артыкул. У ім Ціхан Бумажкоў падрабязна расказаў, як партызанскі атрад рыхтаваўся да барацьбы з ворагам, як вучыліся маскіравацца, валодаць зброяй, займацца сапёрнай справай, карыстацца тапаграфічнай картай, компасам.

«Як маці клапоціцца пра сваіх дзяцей, так клапоціцца аб нас насельніцтва, – пісаў ён. – Праз давераных людзей у вёсках партызаны заўсёды ведаюць аб усіх пераходах і планах ворага. У адной вёсцы жыве калгаснік М. Рызыкуючы жыццём, гэты патрыёт самааддана служыць свайму народу. Аднойчы таварыш М. даведаўся, што ў суседняй вёсцы размясцілася на адпачынак рота немцаў. Адразу ж умоўным знакам ён паведаміў пра гэта партызанам. Ноччу партызаны перабілі фашыстаў... Разам з мужчынамі змагаюцца адважныя дзяўчаты: Надзя Жукоўская, Каця Сумакоўская і Фёкла Гуленка... Яны клапоцяцца пра раненых, сістэматычна вядуць разведку па ўсіх напрамках. А калі трэба – бяруць вінтоўку і разам з намі ідуць у бой».

У канцы верасня 1941 года партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік» вызваліў ад нямецкіх акупантаў многія населеныя пункты ў Акцябрскім, Азямлянскім, Гацкім, Новадуброўскім, Гарохавіцкім, Ляскавіцкім, Парэцкім, Пратасаўскім, Ламавіцкім, Раманіцкім і іншых сельсаветах. Так быў пакладзены пачатак стварэнню Акцябрскай партызанскай зоны з цэнтрам у пасёлку Рудабелка. 

У партызанскіх брыгадах і атрадах клапаціліся і пра ідэалагічнае забеспячэнне сваёй дзейнасці, у прыватнасці, пра баявую сімволіку. У якасці сцягоў партызанскіх атрадаў выкарыстоўваліся атрыбуты былых калгасаў і саўгасаў, прадпрыемстваў, узнагароджаных за поспехі ў працы ў мірны час. Дапамагалі вырабляць іх і мясцовыя ўмельцы. Першы ў рэспубліцы баявы партызанскі сцяг па заданні камандавання атрада «Чырвоны Кастрычнік» вышыла камсамолка Ларыса Бяляева з вёскі Парэчча. Яна пачала рабіць і другі сцяг, але не паспела закончыць – загінула ў час карнай аперацыі фашыстаў.

«Другой Масквой» называлі Рудабелку за мужнасць і няскоранасць ворагу. Тут першымі распрацавалі тактыку і стратэгію барацьбы з ворагам на акупаванай тэрыторыі. Начальнік Беларускага штаба партызанскага руху Пётр Калінін так ацаніў дзеянні мясцовых змагароў: «Пакуль мы радзілі ды меркавалі, партызаны Акцябрскага раёна Палескай вобласці самі знайшлі найбольш правільную арганізацыйную форму. Фактычна з 1942 года яны аб'ядналіся ў брыгады».

Варта адзначыць і такую важную акалічнасць: у глыбокім тыле, дзякуючы лясным змагарам, дзейнічала савецкая ўлада, тут базіраваліся штабы Мінскага і Палескага партызанскіх злучэнняў, існаваў аэрадром, працавалі школы, выходзілі газеты – рэспубліканскія «Звязда» і «Чырвоная змена», абласная «Бальшавік Палесся». З 1942 года пачала друкавацца газета «Народный мститель» – орган Акцябрскага падпольнага райкама партыі. На гэтай тэрыторыі размяшчаўся і шпіталь, а ў будынках спіртзавода рамантавалі зброю.

У друкарні падпольнай партызанскай газеты. 1943 год

Лясны фронт

Партызанскі рух на Акцябршчыне набыў асаблівую моц у другой палове 1942 – першай палове 1943 года. Дзейнічаў своеасаблівы лясны фронт у тыле ворага. Учарашнія механізатары і даяркі, настаўнікі, дактары і нават вучні, якія на вачах бацькоў, дзядуль і бабуль імгненна сталелі, уліваліся ў рады партызан.

Напрыклад, па стане на 1 студзеня 1943 года ў брыгадзе Фёдара Паўлоўскага налічвалася 7 атрадаў агульнай колькасцю 700 чалавек. Пастаянна вялося аб'яднанне партызанскіх сіл, што павышала эфектыўнасць барацьбы з ворагам. Зімой 1942/1943 года ў Акцябрскім і Капаткевіцкім раёнах згрупаваліся ўсе партызанскія атрады Палескай вобласці. Гэта была моцная сіла, якая магла эфектыўна вырашаць задачы па знішчэнні нямецкіх гарнізонаў і вывядзенні са строю дарожных камунікацый. Аднак на парадку дня паўстала пытанне аказання партызанскай дапамогі суседнім раёнам. Зыхо­дзячы з гэтага, у сярэдзіне лютага 1943 года ў вёсцы Сасноўка Акцябрскага раёна адбылася нарада камандна-палітычнага складу партызанскіх фарміраванняў. На ёй прысутнічалі сакратары Гомельскага, Мінскага і Палескага абкамаў КП(б)Б І. Кожар, Р. Мачульскі, Ф. Языковіч, сакратары ЦК ЛКСМБ М. Зімянін і К. Мазураў. Было прынята рашэнне атрадам вярнуцца ў іншыя раёны.

Увесь час народныя мсціўцы прымя­нялі метад «рэйкавай» вайны. Напрыклад, у жніўні 1943 года, каб вораг не мог выкарыстаць лінію Бабруйск – Старушкі, партызаны разбурылі 20 км чыгункі Карпілаўка – Ратміравічы, у выніку чаго было пашкоджана больш за 3000 рэек і знішчана 7 мастоў.

У снежні 1943 года ў Акцябрскую партызанскую зону ўвайшлі вайсковыя злучэнні 65-й арміі. На лініі фронту паміж апорнымі пунктамі гітлераўцаў утварыўся разрыў шырынёй каля 10 км, так званыя Рудабельскія «вароты». Праз іх была наладжана сувязь паміж партызанскімі фарміраваннямі і 65-й арміяй. На працягу снежня да народных мсціўцаў паступала зброя, боепрыпасы, медыкаменты. Партызаны змаглі адправіць у вайсковыя шпіталі ўсіх параненых і хворых, у савецкі тыл – некалькі дзясяткаў тысяч жанчын, старых і дзяцей.

Дарэчы, жыхары Акцябршчыны не толькі выдатна змагаліся з ворагам. Хаця і самі жылі бедна, яны адгукнуліся на зварот сабраць сродкі на будаўніцтва танкавай калоны і для гэтай мэты ахвяравалі 214 624 савецкія рублі, 50 рублёў зо­латам.

З вучнёўскага сшытка...

У Цэнтры гісторыі і культуры Акцябрскага раёна захоўваецца звычайны вучнёўскі сшытак з успамінамі ветэрана, начальніка штаба 225-й брыгады Палескага партызанскага злучэння Аляксанд­ра Якаўлевіча Шчэцькі, якому давялося змагацца з ворагам у гэтых краях. З пачатку вайны ён служыў у дзеючай Чырвонай арміі. У час бою ля чыгуначнай станцыі Палогі Запарожскай вобласці быў паранены і ўзяты ў палон. Аднак з лагера яму ўдалося ўцячы. Вырашыў накіравацца дадому і ў канцы лістапада 1941 года дабраўся да сястры, якая жыла ў вёсцы Парэчча Акцябрскага раёна. Ад яе даведаўся, што на тэрыторыі Парэцкага сельсавета дзейнічае партызанскі атрад, а дом сястры – адна з явачных кватэр.

Першага снежня 1941 года ноччу з групай партызан Шчэцька накіраваўся ў атрад. «Праз некалькі дзён я прыняў партызанскую прысягу, – піша Аляксандр Якаўлевіч. – У пачатку 1942 года быў прызначаны камандзірам партызанскага атрада. Атрад меў свабодны выхад на чыгунку Брэст – Гомель, па якой нямецка-фашысцкія войскі забяспечваліся жывой сілай і тэхнікай... У атрадзе было 9 дыверсійных груп, якія сістэматычна накіроўваліся на чыгунку для правядзення падрыўной работы. Адну з іх узначальваў камсамолец Санчукоўскі Віктар, які добра ведаў мясцовасць і ўмелымі дзеяннямі разам з групай падарваў 19 варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай праціўніка. У час адной з аперацый Віктар загінуў і быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам».

Далей ветэран распавядае, што ў атрадзе быў радыёпрыёмнік: гэта давала магчымасць штодзённа прымаць паведамленні з Вялікай Зямлі. Іх перапісвалі ў некалькіх экзэмплярах і распаўсюджвалі сярод жыхароў навакольных вёсак.

«Насельніцтва для партызан было вушамі і вачыма ў тыле ворага, – адзначае ў сваіх успамінах Аляксандр Якаўлевіч. – Перамога Чырвонай арміі пад Масквой актывізавала партызанскі рух, пасля яе было разгромлена некалькі паліцэйскіх гарнізонаў... Адной з буйных аперацый было знішчэнне чыгуначнага моста даўжынёй больш за 120 метраў праз раку Пціч. Рух паяздоў спыніўся на 18 сутак».

У час, калі Чырвоная армія пачала вызваляць Беларусь, партызанскім атрадам пачалі часцей дастаўляць зброю і боепрыпасы самалётамі, а назад забіралі параненых і хворых. «Для бяспечнай пасадкі самалётаў неабходна было выбраць пляцоўку пад аэрадром, – піша Шчэцька. – Такое даручэнне атрымаў штаб нашай брыгады № 225 і паспяхова выканаў: пляцоўку абсталявалі каля вёскі Парэчча… У канцы чэрвеня 1944 года Акцябрскі раён быў поўнасцю вызвалены ад немцаў». За гэтымі старанна выведзенымі рукой немаладога чалавека радкамі – вялікая і самаадданая праца на карысць Перамогі аднаго партызанскага фар­міравання. А іх былі сотні…

Цікавы лёс і ў іншага ветэрана Вя­лікай Айчыннай з Акцябрскага раёна – Прохара Шэйкі. Тэрміновую службу ён пачаў у 1940 годзе, у войску і заспела яго вайна. Дайшоў да Чэхаславакіі, затым удзельнічаў у баявых дзеяннях на японскім фронце. Дадому, у вёску Новая Дуброва, вярнуўся толькі ў 1946 годзе з ордэнам Славы 3-й ступені. У 2004 го­дзе ён быў узнагаро­джаны другім ордэнам Славы 3-й ступені, а праз 60 гадоў Прохара Рыгоравіча знайшла яшчэ адна ўзнагарода – ордэн Славы 2-й ступені.

Кавалер ордэна Славы 2-й і 3-й ступені Прохар Шэйка

Помсцілі за зверствы

Што давала сілы партызанам? Вядома ж, яны хацелі бараніць родную зямлю, берагчы родных і блізкіх. А яшчэ – адпомсціць за тыя зверствы, што ўчынялі ворагі. У кнізе Алеся Адамовіча і Янкі Брыля «Я з вогненнай вёскі» прыведзены аповед Матруны Буднік з вёскі Рудня, якая разам з вёскамі Карпілаўка і Рудабелка пазней утварыла гарадскі пасёлак Акцябрскі: «Прыйшоў немец. Я была ўдава, і ў мяне пяцера дзяцей было. Немец рыжы, помню, узяў палку ды мяне ў машыну кідае з дзецьмі. Гоняць у Азарыцкі лагер... Дык каторыя бабы не здалелі, дык яны прыстрэльвалі па дарозе. А я іду з дзеткамі, а дзевачка ўпала... на дарозе, а яны коньмі топчуць, а яны нарочна калёсамі едуць па ёй. А яна між калёс папала і асталася жыць. Я выцягнула яе мокрую... Пасадзілі нас за калючай провалакай. Яму бальшую выкапалі, дык якое дзіця не здалее, бо не кармілі нас там, дык яны жывых туды і кідалі...».

У канцы 1942 года фашыстамі была праведзена карная аперацыя «Бамберг», у ходзе якой шэсць вёсак спалілі ра­зам з жыхарамі. Зямля адтуль ёсць і на сімвалічных «Могілках вёсак» у мемарыяльным комплексе «Хатынь». Ад рук ворага ў Акцябрскім раёне пацярпелі 32 вёскі, загінула больш за 6 тысяч мірных жыхароў, у нямецкае рабства быў вывезены 1491 чалавек.

У акце раённай камісіі па рассле­даванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых у Акцябрскім раёне, датаваным сакавіком 1945 года, Кацярына Жулега з вёскі Рудня сведчыла: «...Я сама бачыла, як немцы сабралі ўсё насельніцтва нашай вёскі на вуліцу, а затым мужчын загналі ў калгасную адрыну, а жанчын з дзецьмі ў калгасную канцылярыю... Адтуль выводзілі па шэсць чалавек у пустыя дамы, дзе расстрэльвалі разам з дзецьмі. Як толькі дом быў напоўнены трупамі, яго немцы падпальвалі і запаўнялі іншы дом. Такім чынам у нашай вёсцы расстраляна і спалена 400 чалавек мужчын, жанчын і дзяцей».

Аб усіх гэтых зверствах фашыстаў ведалі і партызаны, а таму рашуча з нянавісцю ішлі ў наступ на ворага...

Перамогу набліжаў у... Францыі

Акцябрскі, дзякуючы дзеянням партызан, безумоўна, быў моцнай цытадэллю – аб яе не раз ламалі зубы фашысты. Яны былі вымушаны трымаць тут шматлікія сілы, што не дазваляла накіраваць дапамогу вайсковым злучэнням, якія рваліся да Масквы. Але і за тысячы кіламетраў ад гэтага гераічнага мястэчка змагаліся з фашызмам людзі Акцябршчыны. Гаворка ідзе пра Івана Кісялёва з вёскі Старая Дуброва, што зусім побач з Акцябрскім.

З пачатку Вялікай Айчыннай ён добраахвотнікам ідзе на фронт. Апошняе месца на беларускай зямлі, дзе бачылі 19-гадовага юнака, быў Лоеў. Затым яго сляды губляюцца. Як потым высветлілася, Іван спачатку трапіў у акружэнне, затым – у палон. Разам з іншымі вайскоўцамі быў вывезены ў Францыю. Іван Кісялёў і яго сябры Фёдар Кажамякін, Васіль Прыелка і Мікалай Гаўрылаў уцяклі з палону і апынуліся ў макі – французскіх партызан, сталі байцамі руху Супраціўлення. Усе яны, як і акцябрскія лясныя змагары, праявілі сапраўдную мужнасць і загінулі ў барацьбе з ворагам.

Ураджэнец Магілёўшчыны лейтэнант Кажамякін быў пасмяротна прадстаўлены да вышэйшай узнагароды Францыі – ордэна Ганаровага легіёна, а памяць Кісялёва, Прыелкі і Гаўрылава ўшанавана ўзвядзеннем надмагільных помнікаў у горадзе Энбон. Праўда, прозвішча Кісялёва там напісана на французскі манер.

Цікава, што бацька Івана Кісялёва, Якім Гаўрылавіч, у час Грамадзянскай вайны служыў матросам на расійскім крэйсеры «Багатыр».

Доўгі час у вёсцы Старая Дуброва нічога пра «французскага героя» Івана не было вядома. «Толькі дзякуючы пошукавай працы вучняў, добра наладжанай у школах у 1960-я гады, пачалі з'яўляцца нейкія канкрэтныя дэталі, – гаворыць Ганна Васільеўна Сінкевіч, пляменніца Івана Кісялёва, супрацоўніца Цэнтра гісторыі і культуры. – Аднойчы суседзі прынеслі ў наш дом газету з артыкулам «Подзвіг на краі Еўропы» з фатаграфіяй чатырох юнакоў у нейкай незнаёмай форме. Мацярынскае сэрца адразу адчула роднае: «Вось гэта мой Іван», – сказала тады мая бабуля. Потым былі наладжаны кантакты з французамі. Маіх родных вельмі ўзрушыў факт, што зусім чужыя людзі праяўляюць клопат пра загінулых, у тым ліку пра беларуса Івана. Яны прыходзяць на магілу, прыносяць кветкі і абавязкова спяваюць гімн удзельнікаў партызанскага Супраціўлення ў гонар тых, хто загінуў за іх Радзіму...».

У час адной з сустрэч з беларусамі намеснік дырэктара каледжа імя П'ера і Марыі Кюры Лаік Белбеёк з горада Энбон сказала так: «На жаль, нашы вучні мала ведаюць аб Другой сусветнай вайне, яе гісторыі…».

А мэр горада Жэрар Перо адзначыў: «Нам трэба паказваць людзям, што гэта была інтэрнацыянальная вайна, але не паміж народамі, а супраць нацыстаў, фашыстаў. І трэба змагацца, каб такая небяспека не ўзнікла зноў».

Дакументы сведчаць

Слаўная гісторыя Акцябрскага раёна, вядома ж, патрабавала сістэмнай і настойлівай працы па яе захаванні для будучых пакаленняў. Спачатку гэтым займаліся супрацоўнікі невялічкага, адкрытага ў 1968 годзе музея Народнай славы на чале з яго першым дырэктарам, арганізатарам усталявання савецкай улады на Рудабельшчыне Андрэем Падутам. Тут было сабрана больш за 1500 каштоўных экспанатаў. Аднак здарылася бяда – драўляны будынак знішчыў пажар.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны звярнуліся ў Акцябрскі райвыканкам з хадайніцтвам аб узвядзенні новага, больш сучаснага музея. У выніку было прынята рашэнне ўзвесці яго метадам народнай будоўлі. Праз два гады, якраз перад Днём Перамогі, 6 мая 1995 года, прыгожы двухпавярховы комплекс адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Цяпер гэта Дзяржаўная ўстанова «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна». Нямала намаганняў давялося прыкласці яго супрацоўнікам, каб напоўніць шэсць экспазіцыйных залаў і адну выставачную цікавымі экспанатамі. Сёння ў асноўных фондах іх больш за 2300, а навукова-дапаможных – звыш 1200.

Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна. 2003 год

– Мы бачым, што падзеі, якія адбываліся ў час Вялікай Айчыннай вайны, апошнім часам трактуюцца не так, як было ў рэальнасці: замоўчваюцца зверствы фашыстаў, пад сумненне ставіцца гераізм нашых людзей не толькі на лініі фронту, але ў тыле і акупацыі, – адзначае навуковы супрацоўнік Цэнтра Любоў Шэйка. – Таму нездарма, улічваючы партызанскую гісторыю нашага краю, цэнтральнае месца ў музеі мы адвялі тэме маштабнай партызанскай барацьбы. Акцябрскі раён – кавалачак зямлі, дзе ў часы вайны слова Радзіма для яго жыхароў сапраўды набыло той высокі сэнс, які ў яго закладзены.

Экспазіцыя «Рудабелка – край пар­тызанскі» ўражвае. У вітрыне размешчаны фота арганізатараў партызанскага руху, спіс усіх лясных салдат, копія дакумента аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза Ціхану Бумажкову і Фёдару Паўлоўскаму. Змешчаны асабістыя рэчы партызан і іх данясенні аб праведзеных аперацыях, копіі сцяга атрада «Чырвоны Кастрычнік» і карты дыслакацыі народных мсціўцаў...

Цікавасць выклікаюць матэрыялы аб шпіталі, які дзейнічаў у раёне з першых дзён вайны, медыцынскія прылады, што там выкарыстоўваліся. Нельга абмінуць увагай і стэнд, прысвечаны рабоце майстэрні па рамонце зброі і самому майстру-збройніку Яфіму Лесуну. Наведвальнікі музея маюць магчымасць азнаёміцца з тэхналогіяй выпуску партызанскіх газет.

Уражвае фрагмент экспазіцыі аб праведзеным на станцыі Чорныя Брады таране фашысцкага браняпоезда экіпажам танка Т-34 у складзе камандзіра Дзмітрыя Камарова і механіка Міхаіла Бухтуева. За гэты подзвіг ім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

– Вядома ж, не абыдзены ўвагай гераічныя падзеі пры вызваленні раёна ад фашыстаў, – гаворыць Любоў Шэйка. – У час аперацыі «Баграціён» асабліва праявілі сябе чырвонаармейцы 28-й арміі пад камандаваннем генерал-палкоўніка Лучынскага. Толькі за бой ля вёскі Пружынішча некалькі байцоў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, а ўсяго такога гонару ўдастоены 16 чалавек. Сярод ураджэнцаў раёна, адзначаных за ратную справу на франтах Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза Андрэй Пінчук, поўныя кавалеры ордэна Славы Рыгор Жулега і Мікалай Асмыковіч.

***

Акцябрскі раён – невялікі і па плошчы, і па колькасці насельніцтва. Апошняя акалічнасць у значнай ступені з'яўляецца трагічным наступствам Вялікай Айчыннай вайны. Сённяшнія жыхары памятаюць пра гераізм і самаадданасць дзядоў і бацькоў і імкнуцца сваімі справамі зрабіць гэты край больш багатым і шчаслівым. Героем Сацыялістычнай Працы стаў Іван Ціханавіч Вараб'ёў, больш за 100 чалавек узнагароджаны працоўнымі ордэнамі і медалямі. А прадукцыю самага вядомага прадпрыемства гарадскога пасёлка – завода сухога абястлушчанага малака – з брэндам «Рудабелачка» ведаюць у дзясятках краін свету.

Віктар ЛОЎГАЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі