Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
22 верасня 2014, 14:46

Наталля Клімовіч: У Беларусі плануецца скараціць шырыню прыдарожных лесаахоўных палос

Спрэчкі аб неабходнасці ахоўных палос лясоў наўсцяж чыгуначных ліній і аўтамабільных дарог вядуцца даўно. У многіх абласцях Беларусі іх высечка пачалася, а вызваленыя тэрыторыі выкарыстоўваюцца з максімальнай для краіны выгадай, напрыклад, для сяўбы сельгаскультур. Аднак эколагі аперыруюць даследаваннямі беларускіх вучоных, якія сведчаць аб тым, што без ахоўных палос колькасць цяжкіх металаў у саставе сельскагаспадарчай прадукцыі перасягае дапушчальныя нормы. Да таго ж яны ахоўваюць палі ад прыродных фактараў, напрыклад, ад ветравой эрозіі. Аб тым, які варыянт рашэння гэтага пытання прапануе праект Ляснога кодэкса Беларусі, расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Наталля Клімовіч.

Неабходнасць падрыхтоўкі новай рэдакцыі Ляснога кодэкса ў Беларусі наспела ўжо даўно, таму што дзеючы дакумент уступіў у сілу ў 2000 годзе. "Прайшло практычна 14 гадоў з моманту яго ўступлення ў сілу, але ж жыццё ўнесла свае карэктывы ў заканадаўства ў сферы лясной гаспадаркі, неабходна ўдасканаліць нормы дакумента з улікам практыкі яго прымянення. Змяненні закрануць многія важныя аспекты, у тым ліку аптымізацыю катэгорый ахоўнасці лясоў першай групы, да якой належаць тэрыторыі, што выконваюць пераважна водаахоўныя, ахоўныя, санітарна-гігіенічныя і аздараўленчыя функцыі. Цяпер іх доля ў лясным фондзе краіны складае каля 55 працэнтаў", - адзначыла дэпутат.

Цяпер лясным заканадаўствам устаноўлена неабходнасць ахоўных палос лесу наўсцяж чыгуначных ліній шырынёй да 500 м у кожны бок і рэспубліканскіх аўтамабільных дарог да 250 м у абодва бакі. Для больш рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў і ліквідацыі дысбалансу размеркавання ляснога фонду ў новай рэдакцыі кодэкса прапануецца зменшыць іх шырыню да 100 м у кожны бок. У гэтым выпадку плошча лясоў першай групы скароціцца на 325,1 тыс. га, а разліковая лесасека па краіне павялічыцца на 437,9 тыс. куб.м. "Гэта рашэнне эканамічна абгрунтавана, таму што пашырэнне тэрыторыі лесасекі дасць магчымасць павялічыць аб'ём нарыхтоўкі драўніны. І справа не ў тым, што ў краіне няхватка драўніны: паводле ацэнкі экспертаў, агульныя запасы складаюць 1,7 млрд куб.м, у тым ліку магчымыя для эксплуатацыі - каля 1,372 млрд куб.м, а ўзнаўленне лясоў перавышае выкарыстанне гэтага рэсурсу больш як на 13 працэнтаў", - растлумачыла Наталля Клімовіч.

Догляд ахоўных палос цяпер фактычна не ажыццяўляецца на належным узроўні, хоць яны знаходзяцца на балансе ў дарожнікаў. Законапраектам прадугледжана, што парадак утрымання гэтых тэрыторый і правядзення ў іх лесагаспадарчых мерапрыемстваў будзе вызначаць Міністэрства лясной гаспадаркі.

Дакумент прапануе аб'яднаць асобныя катэгорыі ахоўнасці лясоў у залежнасці ад іх мэтавага прызначэння і ўстаноўленага рэжыму вядзення гаспадарчай дзейнасці. Лясы запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў рэспубліканскага значэння, помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння аб'яднаюцца ў лясы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Гарадскія лясы і лесапаркавыя часткі зялёных зон вакол гарадоў і іншых населеных пунктаў будуць належаць да катэгорыі аздараўленчых лясоў. Лясы першага і другога паясоў зон санітарнай аховы крыніц водазабеспячэння аб'яднаюцца ў санітарна-гігіенічныя лясы. "Раней гэты пералік быў значна большы. Калі гэта норма будзе прынята, стане значна прасцей, лясы аб'яднаюцца з улікам іх функцыянальнага прызначэння. У новай рэдакцыі кодэкса асобным пунктам прапісана, якім чынам павінны ажыццяўляцца работы ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку з улікам існуючай там экалагічнай сітуацыі і радыяцыйнай нагрузкі, якую ён нясе", - паведаміла парламентарый.

Законапраект прадугледжвае ўдакладненне паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў суб'ектаў адносін у галіне выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў. Плануецца значна пашырыць паўнамоцтвы Прэзідэнта Беларусі, урада, Міністэрства лясной гаспадаркі, а таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады. Што датычыцца паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы, то да іх будуць аднесены пытанні функцыянавання дзяржаўнай лясной аховы, устанаўлення парадку і крытэрыяў аднясення лясоў да груп і катэгорый ахоўнасці. Беларускі ўрад будзе надзелены паўнамоцтвамі па ўстанаўленні такс на другарадныя лясныя рэсурсы, пабочнае лесакарыстанне, лесакарыстанне для правядзення культурна-аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і (або) спартыўных мерапрыемстваў. Мінлясгас дадаткова зможа ўдзельнічаць у зацвярджэнні парадку выканання работ па ўтрыманні лясных насаджэнняў наўсцяж рэспубліканскіх аўтамабільных дарог. Ведамству будзе прадастаўлена права складаць тыпавыя формы дагавора арэнды ўчастка ляснога фонду, карт-схем участкаў ляснога фонду.

Акрамя таго, будзе вызначаны дакладны пералік дзяржаўных органаў, якія маюць права ажыццяўляць кантроль у галіне выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў. Сярод іх дзяржорганы і службовыя асобы, якія ўваходзяць у склад дзяржаўнай лясной аховы, пэўныя структуры Камітэта дзяржаўнага кантролю і Мінпрыроды, а таксама Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі і мясцовыя выканкамы.

"Акрамя размежаванняў правоў і абавязкаў юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, у новай рэдакцыі Ляснога кодэкса прадугледжана яшчэ адно цікавае новаўвядзенне. З улікам значнага штогадовага росту аб'ёму лесакарыстання і развіцця рынку лясных паслуг праектам дакумента плануецца прадстаўляць юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, права прыцягваць для аказання паслуг па правядзенні лесагаспадарчых мерапрыемстваў іншых асоб на аснове грамадзянска-прававых дагавораў. Гэта значыць, яны змогуць наймаць іншыя арганізацыі, фізічных і юрыдычных асоб, каб яны таксама займаліся лесакарыстаннем", - паведаміла Наталля Клімовіч.

У праекце дакумента прапісаны і пералік забарон. Яны будуць распаўсюджвацца на ажыццяўленне на тэрыторыі ляснога фонду асобных відаў гаспадарчай і іншай дзейнасці, якая аказвае шкоднае ўздзеянне на лес або прыводзіць да яго знішчэння. Гэта мыйка транспартных сродкаў, размяшчэнне жывёльных могільнікаў, забруджванне бытавымі і прамысловымі адходамі, прадуктамі жыццядзейнасці жывёл, скід сцёкавых вод, выгрузка снегу з наяўнасцю ў саставе песка-саляных сумесей і процілёдавых рэагентаў, арганізацыя звалак, уладкаванне лагераў для сельскагаспадарчых жывёл. "Зразумела, што і раней гэта было забаронена, але заканадаўча гэтыя забароны не былі прапісаны. Цяпер такі пералік змешчаны ў падрыхтаваным законапраекце", - дадала парламентарый.

Для размежавання галін заканадаўства з цяпер дзеючага кодэкса будзе выключаны такі від лесакарыстання, як карыстанне ўчасткамі ляснога фонду, аднесенымі да паляўнічых угоддзяў, для вядзення паляўнічай гаспадаркі. Цяпер гэты від дзейнасці рэгулюецца заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету. Акрамя таго, з улікам новаўвядзенняў будзе актуалізавана лесагаспадарчая тэрміналогія, а таксама прыведзены ў адпаведнасці з новымі нормамі некаторыя нарматыўныя прававыя акты.

Распрацоўшчыкам законапраекта з'яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, падрыхтаваны ён з улікам прапаноў усіх зацікаўленых бакоў. "Новая рэдакцыя Ляснога кодэкса была ўнесена ў Палату прадстаўнікоў згодна з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2014 год. Цяпер мы абмяркоўваем гэты дакумент з дэпутацкім корпусам, рыхтуем свае прапановы. Хутчэй за ўсё, у першым чытанні законапраект будзе разгледжаны на пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якая адкрываецца 2 кастрычніка 2014 года. Яго прыняцце дасць магчымасць аптымізаваць сістэму кіравання лясной гаспадаркай Беларусі і не запатрабуе дадатковых фінансавых затрат на рэалізацыю", - адзначыла Наталля Клімовіч.

Кацярына МАРКОВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі