Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
06 лістапада 2015, 11:00

Метафізіка манет - як прывыкнуць да новых грошай

Незалежная Беларусь амаль чвэрць стагоддзя пражыла без манет. Калі распадаўся Савецкі Саюз, у рэспубліку маглі трапляць так званыя манеты Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы 1991 года з відарысам вежы Маскоўскага Крамля і будынка Вярхоўнага Савета СССР на аверсе і надпісам "Государственный банк СССР", але фактычна гэта былі ўжо грошы Расійскай Федэрацыі, што аддзялялася, а не ўсяго Саюза. Таксама на працягу многіх гадоў Беларусь выпускала сувенірныя манеты, але ў якасці штодзённага плацежнага сродку іх разглядаць несур'ёзна.

Атрымліваецца, што ў краіне яшчэ ёсць людзі, якія калісьці актыўна карысталіся манетамі. Але вельмі шмат у Беларусі і тых, хто вырас у гады незалежнасці і манетамі наогул ніколі не разлічваўся, а калі і меў з імі справу - то толькі за мяжой. Між тым манеты - самы хадавы плацежны сродак для штодзённых дробных пакупак. Дарослыя, напрыклад, могуць аплачваць паркоўку, дзеці - купляць булачку ў школьнай сталовай. Каб не заблытацца ў "медзяках" і "нікелях", трэба мець упэўнены навык абыходжання з металічнымі грашамі. Аб гэтым трэба задумацца ўжо цяпер. Да непасрэднага знаёмства з новымі рублямі засталося менш за год.

Манеты і новыя купюры ўводзяцца ў Беларусі з 1 ліпеня 2016 года. Больш таго, да 31 снежня 2016 года ў Беларусі будзе двайное хаджэнне старых і новых грошай. Не забудзем аб тым, што не проста змяняецца знешні выгляд банкнотаў і замест некаторых купюр з'яўляюцца манеты. У краіне пройдзе дэнамінацыя. Гэта значыць паралельна будуць хадзіць грошы з розным наміналам і абсалютна непадобным выглядам, але аднолькавай рэальнай вартасцю. Гэта вельмі важны момант для любога пераходнага перыяду ў час грашовай рэформы. У такіх выпадках у магазінах прадстаўлены двайныя цэны: у старых грашах і новых. Не пазбегнем гэтага і мы. Якраз такі парадак прадугледжаны ўказам нумар 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь".

Акрамя таго, у прэс-рэлізе Нацбанка Беларусі ад 4 лістапада 2015 года сказана: "Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены абарачаемых банкнотаў узору 2000 года на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года і 1 беларускі рубель у грашовых знаках узору 2009 года. Гэта значыць, улічваючы выбраны маштаб узбуйнення беларускага рубля (1:10 000), самы нізкі намінал банкнота, што дзейнічае цяпер, - 100 рублёў - будзе заменены на самы нізкі намінал новага ўзору - 1 капейку". Іншакш кажучы, трэба ўсвядоміць, а галоўнае, растлумачыць сваім дзецям і састарэлым сваякам, што старыя сто рублёў - гэта новая капейка, адпаведна, новыя 2 капейкі - гэта 200 старых рублёў, 5 капеек - 500 старых рублёў, 10 капеек - 1000 старых рублёў і гэтак далей.

Неабходна адвыкаць ад прывычкі многіх жыхароў Беларусі, якая цалкам зразумелая для "безманетнай" краіны, называць усе манеты, незалежна ад іх наміналу, капейкамі. Гэта можа выклікаць неразуменне пры размове прадаўцоў і пакупнікоў. Даволі часта даводзілася назіраць за мяжой, як жыхары Беларусі пыталі адзін аднаго ў магазіне: "У цябе іх капейкі ёсць? Дай, а то ў мяне толькі буйныя". Усё. Цяпер у нас будуць свае манеты, сярод якіх і капейкі, і рублі. Каб не блытаць - будзем называць іх правільна. Таксама трэба звярнуць увагу на тое, як нашы новыя манеты дакладна размеркаваны па трох відах. Ёсць два віды капеек. Першая група - 1, 2 і 5 капеек, другая - 10, 20 і 50. Першыя - больш цёмныя, другія - больш светлыя. Дзецям трэба тлумачыць, што светлыя - гэта дробныя грошы, а цёмныя - дробязь, менш за якую няма. Такім чынам можна хутчэй разабрацца ў кучы капеек на далоні або ў кашальку.

Трэцяя група манет - гэта рубель і 2 рублі. Па колеры яны "нікелевыя". З капейкамі ніяк не зблытаеш. І паміж сабой яны таксама адрозніваюцца. Калі рубель аднародны, то два рублі - з жоўтай акантоўкай. Для зручнасці іх можна падзяліць на цот і лішку. Гэта дапаможа, калі трэба хутка набраць патрэбную суму са жмені манет. Ну і нарэшце, сам падзел грошай на папяровыя і металічныя дапамагае псіхалагічна правесці выразную мяжу паміж дробяззю і больш сур'ёзнымі плацежнымі сродкамі.

Калі далей развіваць такую няпростую для многіх дарослых тэму "Дзеці і грошы", то трэба адразу звыкнуцца з думкай, што выпрасіць наяўныя сродкі на пэўныя прыхамаці нашаму юнаму пакаленню стане прасцей. Цяпер далёка не ўсе аўтаматы па продажы жвачак, цукерак і іншага з серыі "Дзеці плачуць - бацькі плацяць" аснашчаны купюрапрыёмнікамі. Даволі часта трэба спачатку купіць жэтон у іншым аўтамаце або ў касе дзіцячага кафэ, а потым ужо апусціць яго ў гульнявы або цукерачны аўтамат. Можна загаварыць зубы дзіцяці, што, маўляў, жэтоны на касе скончыліся, пара дадому і да таго падобнае. У бліжэйшым жа будучым усе гэтыя ўстройствы яўна будуць працаваць "ад манет". І такія адгаворкі бацькоў не спрацуюць.

Наогул манеты, калі ўлічыць вопыт суседніх краін, могуць многае змяніць у нашых штодзённых тратах. Гэта тэма для вялікай асобнай размовы. Пад канец успомнім старую забаву савецкіх школьнікаў, якая будзе вельмі цікавая для школьнікаў беларускіх, а таксама крыху павялічыць іх навык абыходжання з манетамі. Трэніравацца можна ўжо цяпер на замежных манетах. Для гэтага патрэбна хаця б адна манета, ліст паперы і просты аловак. Манету кладуць на стол, зверху да яе шчыльна прыціскаецца папера. Потым трэба інтэнсіўна вадзіць па паперы тупым канцом алоўка, з якога хоць крыху, але выступае грыфель. Павінна атрымацца даволі дакладная і часам нават рэльефная (гэта залежыць ад паперы) выява манеты. З аднаго боку, гэта забава, з другога - метад пазнання грошай. Прычым пазнаваць іх будуць разам і дзеці, і бацькі.

Васіль МАЛАШЭНКАЎ,

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі