Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
02 снежня 2011, 14:56

ЛЮДЗІ ГІНУЦЬ ЗА ПІЯР?

Зарабляць палітычны капітал на пытаннях жыцця і смерці амаральна

Вынесены 30 лістапада прыгавор па справе аб выбухах у Віцебску і Мінску актыўна абмяркоўваецца ў краіне і свеце. Але чамусьці найбольш актыўна стараюцца засвяціцца са сваім меркаваннем людзі, якія не маюць дачынення да судовага працэсу, але якія ўдзельнічаюць у працэсе палітычным. Каменціраванне смяротнага прыгавору становіцца для іх адным са спосабаў піяру.

Каментарый у пытаннях жыцця і смерці - гэта неймаверна складана. Перш чым заікнуцца на гэту тэму, лепш узяць паўзу і ўявіць, што на цябе з аднаго боку глядзяць вочы тых, хто незваротна страціў блізкіх у выніку забойства, а з другога - вочы родных забойцы, для якіх ён нават з улікам учыненага не перастаў быць сынам, братам або ўнукам. І з тымі і з іншымі мы жывём на адной планеце, у адной краіне, нам трэба будзе хадзіць па адных і тых жа вуліцах і сустракацца вачамі. Таму, перш чым кідацца словамі на гэту тэму, трэба бачыць два бакі. Таму што ў такой сітуацыі нават проста неасцярожным словам можна глыбока параніць.

Тым не менш палітыкі з лагера беларускай апазіцыі паспелі пракаменціраваць прыгавор, некаторыя нават не аднойчы - экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, экс-спікер Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, экс-парламентарый Людміла Гразнова і многія іншыя "экс"... Законы палітычнага жанру такія, што палітык павінен пастаянна нагадваць аб сабе, калі не хоча захаваць прыстаўку "экс-" да канца сваіх дзён. Але ці ўсялякая тэма для гэтага падыходзіць?

Сэнс каментарыяў, якія прагучалі ад апазіцыі, зводзіцца да таго, што прыгавор Канавалаву і Кавалёву судом вынесены нібыта бяздоказна і караць смерцю іх ні ў якім разе нельга.

Калі размова ішла б толькі аб другой частцы, то палітыкі заставаліся б на сваім полі. Пытанне аб дапушчальнасці або недапушчальнасці смяротнага пакарання можа і павінна быць прадметам шырокай палітычнай і грамадскай дыскусіі. Але ставіць пад сумненне доказную базу прыгавору - гэта прэрагатыва не палітыкаў, а ўдзельнікаў судовага працэсу або прафесіяналаў, якія мелі магчымасць усебакова азнаёміцца з матэрыяламі следства.

Палітыкі ж робяць гэта, абапіраючыся ў лепшым выпадку на выказванні пары-тройкі адстаўных юрыстаў, якія ніколі не трымалі ў руках матэрыялаў крымінальнай справы і сочаць за ёй па публікацыях у СМІ і Інтэрнеце.

Хочацца спытаць: а ці ведаем, што робім? Еўропа, якая забараніла ў сябе пакаранне смерцю, вядома ж, ацэніць, запросіць на чарговы круглы стол і выдасць чарговы грант на праваабарончую дзейнасць. Але ці думаюць аўтары такіх заяў аб тым, што павінны адчуваць у гэтай сітуацыі пацярпелыя ад выбухаў?

Паважаныя апазіцыйныя палітыкі, вы не ўладзе робіце балюча сваімі заявамі - яна і не такога ад вас наслухалася. Вы робіце балюча ў першую чаргу ахвярам тэрактаў. Яны два месяцы прыходзілі ў суд, дзе іх зноў і зноў вярталі ў падзеі таго, цяпер ужо навечна незабыўнага дня. У першую чаргу, каб пачуць адказ на пытанне: чаму? І пераканацца, што вінаватыя знойдзены, справядлівасць перамагла, і такога больш не паўторыцца.

Большасць з тых пацярпелых, хто палічыў для сябе магчымым падзяліцца з прэсай уражаннямі ад прыгавору, выказалі задавальненне атрыманымі адказамі. І гэта важна для іх.

Вы ж спрабуеце выклікаць у іх сумненні, што вінаватыя не знойдзены, што яны на свабодзе, што гэты кашмар можа паўтарыцца дзе-небудзь яшчэ. Вы абсалютна ўпэўнены ў тым, аб чым гаворыце? Гатовы несці маральную адказнасць за пакуты, якія вы прыносіце пацярпелым? За страх, які спрабуеце выклікаць у грамадстве?

Ёсць нямала тэм, па якіх апазіцыя можа крытыкаваць уладу і зарабляць ачкі ў выбаршчыкаў і замежных наглядальнікаў. Таму, калі вы праявіце такт і не станеце выкарыстоўваць пытанні жыцця і смерці для палітычнага піяру, гэта будзе невялікай стратай для вас, але вялікім дабром для грамадства.

Аляксей МАЦАВІЛА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі