Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
25 чэрвеня 2021, 13:27
Рыгор Шлык

Колькасць зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі скарачаецца

Рыгор Шлык
Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта

Колькасць зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі скарачаецца. Аб гэтым сказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рыгор Шлык. Ён расказаў, па якіх пытаннях і з якіх рэгіёнаў прыйшла найбольшая колькасць карэспандэнцыі за пяць месяцаў 2021 года.

Так, за 5 месяцаў 2021 года ў галоўнае ўпраўленне па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта паступіла 9294 звароты, што на 15 працэнтаў менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым колькасць паўторных зваротаў склала 2180 (зніжэнне на 23 працэнты), калектыўных - 341 (зніжэнне на 18 працэнтаў).

Калі разглядаць па рэгіёнах, то найбольшая колькасць зваротаў паступіла з Мінска (28 працэнтаў), найменшая - з Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей (адпаведна 7,9 працэнта і 9 працэнтаў).

"У абсалютных паказчыках колькаснае зніжэнне паступіўшых зваротаў зафіксавана практычна па ўсіх рэгіёнах (за выключэннем Мінскай вобласці, дзе адзначаны рост на 1 працэнт). Найбольш дынамічна гэта тэндэнцыя назіралася па Мінску і Магілёўскай вобласці (скарачэнне адпаведна на 20 працэнтаў і 17 працэнтаў)", - адзначыў Рыгор Шлык.

У структуры паступіўшай пошты зніжэнне колькасці пісем адзначаецца практычна па ўсіх асноўных тэматыках. Рост зваротаў зафіксаваны толькі па пытаннях жыллёвага фонду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі; працы, занятасці насельніцтва, аховы працы; адукацыі і навукі; дзейнасці органаў пракуратуры.

Па пытаннях жыллёвага фонду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі паступіла 1785 зваротаў (рост на 15 працэнтаў). У асноўным яны датычыліся рамонту і эксплуатацыі жылля.

Па пытаннях працы, занятасці насельніцтва і аховы працы паступіла 462 звароты (павелічэнне на 5 працэнтаў).

"Рост гэтай катэгорыі зваротаў абумоўлены складанасцямі працаўладкавання (плюс 42 працэнты), узнімаліся пытанні неналежных умоў і аховы працы (плюс 20 працэнтаў) і аплаты працы (плюс 7 працэнтаў). Выклікалі хваляванне грамадзян пытанні адукацыі, па якіх паступіла 265 зваротаў (павелічэнне на 41 працэнт), - падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі. - Больш за ўсё зваротаў паступіла па пытаннях дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі (плюс 62 працэнты), дзейнасці ўстаноў сярэдняй адукацыі (плюс 65 працэнтаў), дзейнасці ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі (плюс 30 працэнтаў). Пры гэтым рост на 4 працэнты адзначаецца па пытаннях, звязаных з дзейнасцю органаў пракуратуры, - паступіла 243 звароты. Як правіла, у гэтых зваротах выказвалася нязгода з рэакцыяй органаў пракуратуры на судовыя пастановы, што абскарджваюцца заяўнікамі".

Рыгор Шлык растлумачыў, што з улікам адзначаных негатыўных тэндэнцый росту зваротаў па пытаннях жылля ў сельскай мясцовасці, працаўладкавання, неналежных умоў і аховы працы, заработнай платы і адукацыі даручана аблвыканкамам, Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, Міністэрству адукацыі прааналізаваць прычыны росту і праінфармаваць Адміністрацыю Прэзідэнта аб прынятых мерах па стабілізацыі сітуацыі ў гэтых сферах.

Ён таксама сказаў, што актуальнымі заставаліся праблемы, звязаныя з утрыманнем у належным стане жыллёвага фонду. Пры гэтым грамадзян абурае халатнае стаўленне работнікаў жыллёва-камунальных службаў да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў і нізкі ўзровень кантролю за іх штодзённай дзейнасцю з боку мясцовых органаў улады. На працягу мая двойчы звяртаўся ў Адміністрацыю Прэзідэнта жыхар в.Гарані Мінскага раёна са скаргай на не адноўленую пасля раскопак тэрыторыю, якія праводзіў мясцовы водаканал восенню 2020 года. "Пасля звароту на нумар 115 паведамілі, што дарогу зрабілі, а на самай справе ніхто нічога не рабіў", - напісаў жыхар вёскі. Толькі пасля пастаноўкі звароту на кантроль у Адміністрацыі Прэзідэнта Мінскі райвыканкам накіраваў у адрас "Мінрайгаррэмаўтадара" даручэнне аб неабходнасці аднавіць дарожнае пакрыццё. Работы пачаліся.

Не страчваюць сваёй актуальнасці і пытанні добраўпарадкавання і ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі. На кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта знаходзіцца калектыўны зварот жыхароў г.п.Мір Карэліцкага раёна наконт пабудовы аб'язной дарогі (4,6 км). "Ужо 20 гадоў нам абяцаюць пабудаваць аб'язную дарогу, а воз і цяпер там. Некалькі разоў нас уключалі ў розныя рэспубліканскія праекты, а потым нешта адбывалася, і ўсё заставалася толькі на паперы. Апошнія нашы звароты ў розныя інстанцыі прывялі да таго, што нас уключылі ў рэспубліканскую праграму "Дарогі Беларусі". Але ў нас няма ніякай афіцыйнай інфармацыі, на якім этапе знаходзіцца будаўніцтва аб'екта", - паведамілі мясцовыя жыхары.

Пасля ўмяшання Адміністрацыі Прэзідэнта заяўнікам даведзена адпаведная інфармацыя - па гэтым аб'екце распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая цяпер праходзіць дзяржаўную будаўнічую экспертызу. "Гроднааўтадар" вядзе работу па адвядзенні зямель для забеспячэння будаўніцтва дарогі.

Паводле слоў Рыгора Шлыка, надзённымі застаюцца праблемы невыканання абяцанняў прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, звязаныя з жыццезабеспячэннем жыхароў сельскіх рэгіёнаў (водазабеспячэнне, электразабеспячэнне, адсутнасць аб'ектаў інфраструктуры або іх закрыццё).

Незадаволенасць грамадзян пажылога ўзросту выклікае масавае закрыццё ў малых населеных пунктах аддзяленняў банкаў, што стварае значныя нязручнасці ў своечасовым атрыманні пенсій, аплаце рахункаў, паслуг і аператыўным правядзенні іншых фінансавых аперацый. Так, у Адміністрацыю Прэзідэнта паступіў зварот з пасёлку Муляраўка Петрыкаўскага раёна, у якім выказана нязгода з магчымым закрыццём аддзялення Беларусбанка, які абслугоўвае 12 вёсак. Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта кіраўніцтва гэтага банка разгледзела пытанне і пайшло насустрач пажаданням вясковых жыхароў нягледзячы на неэфектыўнасць работы гэтага аддзялення, а таксама на тое, што завяршыўся тэрмін арэнды памяшкання, у якім размешчана аддзяленне. Было прынята рашэнне, згодна з якім яно прадоўжыць працаваць.

Акрамя таго, прадаўжаюць паступаць звароты па пытанні выкарыстання электрычнай энергіі для бытавых патрэб, у тым ліку для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Грамадзяне не разумеюць, чаму пасля ўводу ў эксплуатацыю АЭС праблема выкарыстання электраэнергіі насельніцтвам не вырашаецца ў прыярытэтным парадку, нягледзячы на адпаведныя ўстаноўкі кіраўніцтва краіны. Праблемнымі застаюцца пытанні, звязаныя з адсутнасцю сетак водазабеспячэння або нізкай якасцю пітной вады ў сельскіх населеных пунктах.

"Захоўваюць вастрыню пытанні архітэктуры і будаўніцтва, асабліва ў Мінску. Калектыўныя звароты аб парушэннях тэрмінаў будаўніцтва паступалі ад дольшчыкаў будаўніцтва жылых дамоў у Заводскім і Першамайскім раёнах. Канфлікт інтарэсаў узнік пры будаўніцтве жылога дома па вул. Гастэлы. Мясцовыя жыхары звярнулі ўвагу дзяржаўных органаў на парушэнні забудоўшчыкам будаўнічых норм і правіл, адступлення ад праекта, а дольшчыкі ў сваю чаргу абураны прыпыненнем работ для карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі", - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Паступалі калектыўныя звароты, звязаныя з прэтэнзіямі па ўшчыльненні існуючай жылой забудовы. Жыхары дома нумар 3 па вул. Сухараўскай вельмі незадаволены будаўніцтвам побач з домам паркінга, што, на іх думку, значна пагоршыць якасць жыцця. Жыхары прыватных домаўладанняў у межах вуліц Харкаўская - Верашчагіна - Адоеўскага - Гусоўскага не згодны з планамі Мінскага гарвыканкама па зносе іх дамоў.

У сферы адукацыі асноўная колькасць пытанняў звязана з закрыццём адукацыйных устаноў у сельскай мясцовасці па праграме аптымізацыі сеткі.

Усе выкладзеныя пытанні знаходзяцца на кантролі ў галоўным упраўленні па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Рыгор Шлык таксама адзначыў, што ёсць звароты і па іншых тэмах, якія паступілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта ў маі бягучага года. Так, у сувязі з закрыццём у аднабаковым парадку некаторымі заходнімі краінамі сваіх паветраных прастор сталі паступаць шматлікія звароты як з боку беларускіх грамадзян, так і іншаземцаў па пытаннях перасячэння дзяржаўнай граніцы. Пры гэтым адзначаецца адсутнасць на гэты час магчымасці перасячэння і наземнай граніцы. Ставіцца пытанне аб пераглядзе рашэння ўлад аб магчымым выездзе з Рэспублікі Беларусь толькі раз у паўгода і ўнясенні змяненняў у катэгорыю грамадзян, якія маюць права ажыццяўляць гэта дзеянне. Паступленне такіх зваротаў прадаўжаецца і ў чэрвені.

Акрамя таго, грамадзяне, якія пражываюць у дзяржавах блізкага і далёкага замежжа, прасілі аказаць дапамогу ў пераездзе на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь з наступным прадастаўленнем беларускага грамадзянства, аказаць дапамогу ў перасячэнні граніц, закрытых суседнімі дзяржавамі ў сувязі з пандэміяй, выкліканай захворваннем на COVID-19, выказвалі просьбу аб аказанні дапамогі ў пошуку архіўных дакументаў іх сваякоў, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі, уносілі прапановы па развіцці эканомікі нашай краіны, укараненні іх вынаходстваў у прамысловасць і сельскую гаспадарку.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі