Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
21 верасня 2011, 15:22

ЯНЫ ЎЗАРВАЛІ НАША БЫЦЦЁ

У Мінску ідзе суд над тэрарыстамі.

Яны ўзарвалі наша з вамі быццё. Быццё, якое нам падабалася і было для нас дарагім.

Мы жылі ў мірнай, спакойнай, радаснай краіне. Выбух у Віцебску здаваўся нам дзіцячым свавольствам. Выбух у Мінску на Дзень Незалежнасці - хуліганствам, няхай і вельмі жорсткім. Выбух у метро паставіў кропку. Вышынныя будынкі Нью-Ёрка замаячылі над Свіслаччу, лонданскія аўтобусы - на праспекце Незалежнасці, а маскоўскія шматпавярховыя дамы захісталіся ў Серабранцы.

Мы не хацелі ў гэта верыць. Але закрытая станцыя "Кастрычніцкая", кветкі і свечкі каля ўвахода не пакідалі надзеі...

Усе памятаюць, як бязлюдна было ў метро першыя тыдні пасля трагедыі. Мы проста баяліся. Было страшна спускацца ўніз, было не па сабе ў вузкіх пераходах станцый, было невыносна дзіўна з падазрэннем прыглядацца да кожнага пасажыра, які аказаўся з табой побач. А раптам?..

Краіна стала іншай. Падазронай.

Надгляд рукзакоў і сумак на станцыях метро? Правільна! Вельмі строгая праверка перад масавымі спартыўнымі мерапрыемствамі? А як інакш! Праход на народныя гулянні ў ачапленні міліцыі праз так званыя рамкі? Дык што ж рабіць?!

11 красавіка жыццё перавярнулася з ног на галаву. Неабходнасць выцягваць з кішэні пачак цыгарэт у Дзень горада і дэманстраваць яго паставому, таму што яго металашукальнік запішчаў над маёй кішэняй... Гэта ненармальна. Гэта як чарговы замах на краіну, на наша жыццё.

Некалькі дзён таму ў Расіі павінны былі ўспамінаць сотні людзей, якія загінулі пад заваламі ўзарваных ў Маскве дамоў. Павінны былі. Але ўлады рабілі гэта вельмі неахвотна. Паколькі за дзесяць мінулых гадоў вінаватыя ў жудасным злачынстве так і не былі знойдзены!

"Ніколі не ведаеш, дзе такое адбудзецца другі раз. Можа, тут, а можа, дзесьці яшчэ. Мы тут усе жывём з гэтым адчуваннем", - гэта словы жанчыны, якая жыве ў дамах, што былі пабудаваны на вуліцы Гур'янава на месцы разбураных шматпавярховых будынкаў.

Страшныя словы.

Гэта не папрок, не дакор, гэта нават не аплявуха. Гэта накаўціруючы ўдар па твару ўлады, якая паказала абсалютную няздольнасць справіцца з грамадскай праблемай нумар адзін. І менавіта таму ўладныя структуры ў краіне-суседцы вельмі не хочуць успамінаць тое, што было роўна дзесяць гадоў таму.

У Мінску спрацавалі інакш. Сілавыя структуры і органы правапарадку, спецслужбы і падраздзяленні следства знайшлі і прадставілі суду тых, хто падазраецца ў тэрарызме. Паміж 11 красавіка і 15 верасня, днём, калі пачаўся працэс у Доме правасуддзя, - 550 тамоў справы, больш за 30 эпізодаў і... усяго пяць месяцаў. Задумайцеся, а калі б іх не злавілі?..

Суд вызначыць вінаватасць гэтых людзей. Суд вынесе пакаранне. Але галоўнае - суд ідзе. І прынцып непазбежнасці пакарання працуе. А гэта галоўны прынцып быцця і парадку ў грамадзянскім грамадстве, вымушаным утаймоўваць недасканаласць чалавечай прыроды асобных індывідаў.

Няхай застануцца меры бяспекі - ад іх нікуды не дзецца, хаця б з мэтай прафілактыкі. Але страх праходзіць. Праходзіць падазронасць і недавер. Праходзіць адчуванне чакання бяды.

Памятаеце, як было ў Коласа: "Няхай не апынешся ты ў становішчы сабакі, які сядзіць на плоце!"? Мы ледзь не аказаліся ў гэтым становішчы. Але справіліся. І сваю краіну - мірную, спакойную - не страцілі.

А гэта галоўнае.

Максім ГІЛЕВІЧ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі