Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
09 студзеня 2023, 11:48
Каліна Капуцкая

Як выпускніку выкарыстоўваць новаўвядзенні прыёмнай кампаніі для паступлення ў ВНУ

Каліна Капуцкая
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар сярэдняй школы №14 горада Маладзечна

Дыялогавыя пляцоўкі і бацькоўскія сходы па новаўвядзеннях прыёмнай кампаніі прайшлі па ўсёй Беларусі. Яны атрымалі станоўчыя водгукі вучняў і бацькоў. На тыдні Прэзідэнтам зацверджана новая рэдакцыя правіл прыёму ў ВНУ. Дзякуючы гэтаму сёння будучы выпускнік разумее, як можна выбудаваць сваю траекторыю паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Такое меркаванне БЕЛТА выказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар сярэдняй школы нумар 14 горада Маладзечна Каліна Капуцкая.

У першую чаргу відавочна, што зніжаецца нагрузка на выпускніка. Гэта, бясспрэчна, дабаўляе вучням і бацькам псіхалагічнага камфорту ў такі адказны перыяд. Паколькі бал, атрыманы на цэнтралізаваным экзамене, будзе ўплываць не толькі на атэстат, але і на далейшае паступленне ў выбраную ўстанову вышэйшай адукацыі. "Вялікі водгук тут мы знайшлі ў педагогаў. Цяпер перад імі стаіць канкрэтная задача - падрыхтаваць выпускніка да экзамену ў выглядзе тэсціравання", - сказала Каліна Капуцкая.

Парламентарый упэўнена, пры ўмове належнага стаўлення да вучобы, працавітасці і стараннасці любы вучань без дапамогі рэпетытараў можа на добрым узроўні падрыхтавацца да здачы цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання. Разам з тым такія змяненні павышаюць і адказнасць педагога за сваю дзейнасць, за якасць ведаў, атрыманых вучнямі. "Цалкам магчыма, што некаторым настаўнікам давядзецца перагледзець прывычныя метады і прыёмы работы, улічваючы асаблівасць падагульняючай атэстацыі", - адзначыла яна.

Сенатар высока ацаніла і падыход дзяржавы да самой тэхнікі правядзення экзамену. "Ужо адбыліся рэпетыцыйныя экзамены, якія прайшлі ва ўсіх абласцях краіны. Увага была засяроджана не толькі на агульных падыходах, але і на кожнай дэталі асобна, паколькі ў такім сур'ёзным мерапрыемстве, як цэнтралізаваны экзамен, дробязей не бывае. Гэта і выбар вучэбнага прадмета для здачы экзамену, і рэгістрацыя вучняў у сістэме, падвоз вучняў на месца правядзення экзамену і назад, арганізацыя харчавання школьнікаў і шмат іншых важных момантаў, - адзначыла яна. - Адназначна пазітыўна будучыя выпускнікі ацанілі прадастаўленую магчымасць для кожнага 28 студзеня паўдзельнічаць у такой рэпетыцыі. Тым больш што да 1 сакавіка яны павінны ўжо вызначыцца з вучэбнымі прадметамі, якія будуць здаваць у форме цэнтралізаванага экзамену. Такі выбар дае магчымасць выпускнікам павысіць сярэдні бал атэстата, вызначыўшы для здачы ЦЭ найбольш лёгкі для сябе экзамен, паколькі ў дакумент будзе выстаўлена адзнака як сярэдняе арыфметычнае паміж гадавой і атрыманай на экзамене. Застанецца час і на падрыхтоўку да найбольш складанага для вучня экзамену, паколькі цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца, як і мінулыя гады, у чэрвені".

"Тут трэба адзначыць, што змест тэста на цэнтралізаваным экзамене па складанасці раўназначны тэсту на тэсціраванні. Гэта значыць заданні складзены з улікам базавага ўзроўню вывучэння матэрыялу. Аднак тэст змяніўся. І сёння частка А, дзе адказ можна паставіць наўгад, мінімізавана. А вось частка В павялічылася: экзаменуемаму трэба паказаць сваё лагічнае мысленне, рашыць канкрэтныя задачы. У час сустрэч з бацькамі паступала шмат пытанняў наконт характарыстыкі, якая з гэтага года абавязковая для абітурыентаў. Удзельнікі сышліся на думцы, што, сапраўды, гады навучання ў школе не павінны быць незаўважанымі ў новай установе адукацыі, куды паступіць іх дзіця. Гэта будзе своеасаблівым дадатковым стымулам у імкненні стаць лепшым у любой выбранай сферы дзейнасці і захапленняў, - падкрэсліла Каліна Капуцкая. - Аднак самым важным дасягненнем новаўвядзенняў уступнай кампаніі можна лічыць новыя траекторыі паступлення ў ВНУ і ўсвядомлены выбар прафесіі на ўсё жыццё. У першую чаргу, гэта павелічэнне льгот для пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і ўніверсітэцкіх алімпіяд, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, ліцэяў і медалістаў. У другую - магчымасць быць залічанымі па выніках унутранага экзамену для выпускнікоў каледжаў, абітурыентаў, якія паступаюць на асобныя спецыяльнасці гуманітарнага профілю, творчай накіраванасці і ў галіне фізічнай культуры, а таксама па выніках гутаркі для вучняў педагагічных, спартыўна-педагагічных, аграрных і ваенна-патрыятычных класаў. І, вядома, мэтавае накіраванне як магчымасць забяспечыць сабе надзейнае месца работы на жаданым прадпрыемстве або ў арганізацыі, так і паступленне па асобным конкурсе са здачай аднаго вуснага ўнутранага экзамену".

Не пакінуты без увагі і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў і ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, узнагароджаныя пахвальным водзывам. "Першыя залічваюцца па-за конкурсам ва ўстановы вышэйшай адукацыі, падпарадкаваныя сілавым структурам, і на ваенныя факультэты, другія - на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, дарэчы, іх пералік значна пашыраны ў гэтым годзе, - дапоўніла сенатар. - Важна адзначыць, што калі выпускнік школы або гімназіі не трапляе пад пералічаныя катэгорыі, у яго ёсць магчымасць паступіць у жаданую ўстанову вышэйшай адукацыі на агульных падставах, прыклаўшы да існуючых двух сертыфікатаў ЦЭ і сярэдняга бала атэстата сертыфікат аднаго цэнтралізаванага тэсціравання па прадмеце, які быў выбраны для паступлення. Акрамя таго, не трэба забываць і аб такой форме навучання, як платная форма, якая дае магчымасць пры няўдачным збегу акалічнасцей пры паступленні ўсё роўна стаць студэнтам установы вышэйшай адукацыі".

"Як мы бачым, выпрацаваныя механізмы даюць магчымасць нашым дзецям выбраць любую з прапанаваных траекторый, забяспечваюць зручную і зразумелую падагульняючую атэстацыю, а таксама робяць уступную кампанію празрыстай і камфортнай як для выпускнікоў, так і для бацькоў. Упэўнена, што гэта сістэма апраўдае сябе ўжо ў бліжэйшы час, забяспечыўшы патрэбнасці эканомікі кваліфікаванымі кадрамі і патрэбнасць моладзі ў рэалізацыі сваіх планаў у сваёй краіне", - канстатавала сенатар.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі