Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
26 студзеня 2023, 11:13

Як папулярызуюць нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі ў краіне і за мяжой

У Беларусі сур'ёзна адносяцца да праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны. На архітэктурных аб'ектах рэгулярна праводзяць рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, не забываюць і пра тэхнічнае абслугоўванне. Удзяляецца ўвага таксама нематэрыяльнай культурнай спадчыне: традыцыям, абрадам, рамёствам, народным святам. Беларускія гісторыка-культурныя аб'екты вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Пра метады папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА расказалі спецыялісты.

Адзін са спосабаў папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны - знаёмства з ёю праз турызм. "Даволі шмат абрадаў даступны для гледачоў, але не ўсе. Даступны ў плане турыстычнай праграмы, калі глядач можа прыехаць на "Калядныя цары", "Юраўскі карагод", паглядзець, як праходзіць абрад. Гэта ўключэнне названых абрадаў у турыстычны патэнцыял", - адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева.

Калядны абрад "Цары" правялі 13 студзеня жыхары вёскі Семежава Капыльскага раёна

"У Моталі Брэсцкай вобласці пякуць караваі, у іх ёсць цэлая праграма, калі да іх прыязджаюць экскурсійныя групы і разам з групай праводзяць абрад. Пякуць вясельны каравай, расказваюць пра ўсё ўдзельнікам у працэсе. У Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці таксама пякуць хлеб", - расказала яна.

Такіх праектаў у Беларусі вельмі шмат, падкрэсліла Марыя Нецвятаева. "Калі чалавек падарожнічае па краіне, ён, вядома, бачыць і цудоўныя аб'екты архітэктуры, якія былі адрэстаўрыраваны (той жа Косаўскі палац або адрэстаўрыраваная царква ў Мураванцы). Вельмі часта ў рамках турыстычных маршрутаў ёсць яшчэ знаёмства з нематэрыяльнай спадчынай", - прадоўжыла намеснік начальніка ўпраўлення.

Яшчэ адзін метад папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі - работа клубных устаноў на месцах. "А таксама праводзімыя імі мерапрыемствы ў частцы захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Клубныя ўстановы праводзяць проста велізарную работу па захаванні рамёстваў (ткацтва, ганчарнай традыцыі), песенных традыцый", - адзначыла Марыя Нецвятаева.

Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН акадэмік Аляксандр Лакотка расказаў пра папулярызацыю нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі за мяжой. "У цэнтры апошнія гады праводзяцца спецыяльныя кангрэсы і форумы, прысвечаныя папулярызацыі народнай творчасці, помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, вялікай папулярнасцю ўжо трэці год карыстаецца форум "Беларускія народныя казкі", на які прыязджаюць не толькі вучоныя з Беларусі і іншых краін, але і носьбіты гэтай народнай казкі. Гэта трансляцыя такой унікальнай спадчыны, як народная казка, на сучасным узроўні", - адзначыў Аляксандр Лакотка.

Некаторыя міжнародныя форумы прысвячаюць беларускаму народнаму адзенню, дадаў ён. "Публікацыі з такіх мерапрыемстваў вельмі шырока папулярызуюць не толькі ў краіне, але і за мяжой нашу гісторыка-культурную спадчыну. У гэтым плане вельмі важную ролю адыгрывае пастаяннае нарошчванне навукова-папулярных выданняў, прысвечаных той жа казцы, традыцыям", - лічыць акадэмік.

"Мне давялося, будучы ў Кітаі ў 2015 годзе, заключыць пагадненне з Акадэміяй грамадскіх навук КНР. Было падрыхтавана выданне твораў беларускай народнай мудрасці на трох мовах - беларускай, кітайскай і англійскай. Гэта прыказкі і прымаўкі, загадкі - дзіцячы фальклор. Гэты матэрыял шырока запатрабаваны, усе цягнуцца да яго. Гэта карысная, глыбокая і актуальная крыніца для адказу на пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны", - дадаў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН.

Пляцоўкай для аднаго з міжнародных форумаў, прысвечаных захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны, у лістападзе мінулага года стала Беларусь. У падзеі прынялі ўдзел вядучыя эксперты ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. "Гэта быў вельмі сур'ёзны форум, дзе мы абменьваліся вопытам, адміністрацыйнымі метадамі па захаванні нематэрыяльнай спадчыны. Спецыфіка ў гэтым у кожнай краіны розная. Мы атрымалі вельмі станоўчыя водгукі ад прадстаўнікоў краін СНД", - расказала намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева.

Яна дадала, што Мінкультуры падрыхтавала каляндар значных мерапрыемстваў, якія правядуць у рэгіёнах у бягучым годзе. "Большасць з гэтых мерапрыемстваў якраз праходзіць на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Гэты каляндар размешчаны на сайце Міністэрства культуры, адпраўлены ў Міністэрства спорту і турызму і ў краіны-партнёры, з якімі актыўна развіваецца турыстычная дзейнасць. Прэзентаваць краіну мы, вядома, можам праз аб'екты архітэктуры, але душа народа ў нематэрыяльным жыве", - рэзюмавала Марыя Нецвятаева.

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі