Сцяг Субота, 24 лютага 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
14 лютага 2023, 09:48
Вольга Герман

Як будзе працаваць сістэма перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць ваеннаслужачым, растлумачылі ў МЖКГ

Вольга Герман
Начальнік аддзела юрыдычнай работы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі

Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ "Аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых", якім устаноўлены парадак і ўмовы перадачы ва ўласнасць ваеннаслужачым арэнднага жылля. Такое жыллё бязвыплатна перадаецца ва ўласнасць пры наяўнасці 25 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе з улікам асаблівасцей указа. Пры наяўнасці 20 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе яно перадаецца на платнай аснове, з магчымасцю аплаты яго кошту ў растэрміноўку да 15 гадоў. Аб першым узносе, нюансах і выключэннях прававога акта карэспандэнту БЕЛТА расказала начальнік аддзела юрыдычнай работы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вольга Герман.

Якія ўмовы неабходны для атрымання права на перадачу арэнднай маёмасці ва ўласнасць

Вольга Герман адзначыла, што ва ўказе прадугледжана норма аб выкупе арэнднага жылля ваеннаслужачымі ў якасці дадатковай сацыяльна-прававой гарантыі.

"Ваеннаслужачы павінен стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы праходжання службы. Арэнднае жыллё перадаецца ва ўласнасць з улікам асаблівасцей, устаноўленых заканадаўчым актам. Пры наяўнасці 20 каляндарных гадоў выслугі магчыма перадача ўласнасці на платнай аснове па ацэначным кошце не вышэйшым за рыначны. Ацэнка кошту будзе праводзіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ацэначнай дзейнасці, - расказала спецыяліст. - Ваеннаслужачы можа роўнымі долямі штомесяц аплачваць гэтыя ўзносы. Указам прадугледжаны памер першапачатковага ўзносу - ён павінен складаць 10 працэнтаў ад усяго кошту, які падлягае да аплаты. Першапачатковы ўзнос будзе ўносіцца на працягу аднаго месяца з даты падпісання дагавора куплі-продажу. Указам прадугледжваецца права аплаціць кошт набываемага ў растэрміноўку арэнднага жылля датэрмінова".

Вызначэннем ацэначнага і рыначнага кошту маёмасці будзе займацца рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Інстытут нерухомай маёмасці і ацэнкі". "Гэта спрашчае працэдуру ацэнкі, паколькі гэтым будзе займацца спецыялізаваная арганізацыя, якая ўваходзіць у сістэму Дзяржкаммаёмасці", - дадала Вольга Герман.

Ёсць і ўмовы для перадачы ва ўласнасць жылля на бязвыплатнай аснове пры наяўнасці 25 гадоў выслугі. "Гэта права будзе прадастаўляцца пры ўмове, калі ваеннаслужачы раней не скарыстаўся дзяржаўнай падтрымкай на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылля. Калі ваеннаслужачы скарыстаўся такім правам, то арэнднае жыллё ўсё яшчэ можа быць перададзена ў яго ўласнасць, але ўжо на платнай аснове. Калі ў ваеннаслужачага ёсць права на атрыманне дзяржпадтрымкі, напрыклад, для шматдзетнай сям'і, тады ўжо размова ідзе аб бясплатнай перадачы. Бязвыплатная перадача магчыма ў двух выпадках: калі ваеннаслужачы не скарыстаўся дзяржпадтрымкай раней, а калі скарыстаўся, то пры наяўнасці права на атрыманне такой дзяржпадтрымкі паўторна", - растлумачыла начальнік аддзела.

Права на набыццё арэднага жылля ва ўласнасць можа быць выкарыстана толькі адзін раз.

Указам устаноўлены і ўмовы, якія будуць выключаць магчымасць перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць. Наяўнасць хаця б аднаго з гэтых крытэрыяў будзе падставай у адмове на прадастаўленне гэтага права. "Гэта наяўнасць запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, плаце за карыстанне арэндным жыллём, а таксама калі ваеннаслужачы або члены яго сям'і накіраваны на будаўніцтва жылля як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і шэраг іншых", - сказала Вольга Герман.

У мэтах развіцця ўказа плануецца прывесці ў адпаведнасць пастанову Савета Міністраў. У прыватнасці, плануецца ўнесці змяненні ў пастанову ўрада, якая рэгулюе пытанне аб прадастаўляемых дакументах для атрымання права на выкуп арэнднага жылля. Таксама ўраду прадпісана зацвердзіць тыпавы дагавор куплі-продажу (бязвыплатнай перадачы) ва ўласнасць арэнднага жылля.

Сродкі ад перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць будуць залічацца ў рэспубліканскі або мясцовыя бюджэты. Усё залежыць ад прыналежнасці гэтага жылля да рэспубліканскага або камунальнага жылфонду. "Калі мы гаворым аб жылых памяшканнях рэспубліканскага жылфонду, то тут рашэнне аб перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць прымаюць дзяржорганы, у якіх прадугледжана ваенная служба. Калі гаварыць аб перадачы ва ўласнасць арэнднага жылля камунальнага жылфонду, то рашэнні прымаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Адпаведнае паведамленне накіроўваецца ў дзяржорганы, дзе ваеннаслужачыя праходзяць службу", - растлумачыла спецыяліст.

Якія яшчэ нормы прадугледжвае ўказ

Указ прадугледжвае не толькі выкуп арэнднага жылля, дадала спецыяліст. "Аб'ёмы такога жылля, якое будзе будавацца за кошт бюджэтных асігнаванняў у рамках дзяржаўнай інвестпраграмы, штогод будуць вызначацца ўрадам з улікам патрэбнасці, якая фарміруецца дзяржорганамі, дзе прадугледжана ваенная служба (служба)", - рэзюмавала Вольга Герман.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі