Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
23 студзеня 2012, 18:38

ІНАВАЦЫЙНЫЯ ПРАДУКТЫ МАШЫНАБУДАВАННЯ

Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці Беларусі ў 2011 годзе ў вытворчасці транспартных сродкаў і абсталявання павялічылі долю інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай да 45,3 працэнта, у вытворчасці машын і абсталявання - да 37,7 працэнта. Аб тым, як прамыслоўцы дасягнулі такіх вынікаў, аб новых відах інавацыйнай прадукцыі машынабудавання расказаў карэспандэнту БЕЛТА напярэдадні Дня беларускай навукі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці Мінпрама Валерый Фішман.

Адзін з буйнейшых інавацыйных прадуктаў краіны - камбайн збожжаўборачны КЗС 1624 "Палессе GS16" з прапускной здольнасцю 16 кг/сек хлебнай масы. Машына распрацавана рэспубліканскім канструктарскім унітарным прадпрыемствам "ДСКБ па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы" і выраблена ў ВА "Гомсельмаш". Камбайн не мае аналагаў у краінах СНД па сваёй магутнасці і шэрагу іншых тэхнічных параметраў. Машына аснашчана рухавіком магутнасцю 450 к.с., дзевяціметровай жняяркай і сістэмай ротарных саломасепаратараў. Для параўнання: у самага масавага айчыннага камбайна КЗС 1218 прапускная здольнасць на 25 працэнтаў ніжэйшая.

Акрамя таго, выпушчаны самаходны буракаўборачны камбайн, які не мае аналагаў у краінах СНД. "Гэта моцныя экспартаарыентаваныя, імпартазамяшчальныя прадукты нашай краіны, і іх вытворчасць "Гомсельмаш" з кожным годам сістэмна нарошчвае", - падкрэсліў Валерый Фішман, каменціруючы вынікі работы галіны ў 2011 годзе па павелічэнню аб'ёмаў выпуску высокатэхналагічнай інавацыйнай прадукцыі.

У ААТ "МАЗ" выраблены новыя віды аўтобусаў з высокімі экалагічнымі нормамі - Еўра-4 і Еўра-5. Сярод іх школьны аўтобус малога класа МАЗ-241030 з рухавіком экалагічнага ўзроўню Еўра-4 вытворчасці Мінскага маторнага завода (ММЗ). Гэта ініцыятыўная распрацоўка МАЗа, удакладніў Валерый Фішман. Цяпер рыхтуецца серыйная вытворчасць такіх аўтобусаў.

З гэтай жа серыі яшчэ адна інавацыя Мінскага аўтазавода - аўтамабіль мадэлі МАЗ-6440 з капотнай кампаноўкай рухавіка. Створаны доследны ўзор эксклюзіўнага ў СНД аўтамабіля гэтай мадэлі. Магутны седлавы цягач выкарыстоўваецца ў счэпцы з паўпрычэпам і прызначаны для перавозак на вялікія адлегласці. Новы аўтамабіль МАЗ-6440 укамплектаваны рухавіком ММЗ магутнасцю 600 к.с., які адпавядае экалагічнаму стандарту Еўра-4. МАЗ упершыню устанавіў рухавік такой магутнасці, які ММЗ распрацаваў спецыяльна пад гэту машыну.

ААТ "Мінскі маторны завод" пачало серыйную вытворчасць дызельных рухавікоў узроўню Еўра-4. Амаль сотня матораў гэтага класа ўжо выпушчана. Яны выкарыстоўваюцца для сярэднетанажных грузавікоў і аўтобусаў.

РУП "Магілёўліфтмаш" вырабіла пад'ёмнік будаўнічы для дастаўкі грузаў і людзей пры будаўніцтве і аддзелцы маналітных будынкаў. Такая перасовачная платформа падымае 1,5-2 т грузу па спецыяльнай мачце на вышыню да 100 м. Платформа прызначана для выканання фасадных работ будынкаў пры будаўніцтве, рэканструкцыі, мантажы тэхналагічных сцен. Яна паспяхова прайшла выпрабаванні, і ў 2012 годзе пачнецца яе серыйная вытворчасць. Платформа будзе рэалізоўвацца як для спажыўцоў Беларусі, так і за межы краіны. Да навінкі праявілі ўжо цікавасць прадстаўнікі будіндустрыі, у тым ліку расійскія.

Вось ужо другі год у рэспубліцы дзейнічае прынцыпова іншы падыход да ўліку інавацыйнай прадукцыі. Раней улічвалася толькі новая. "Нашы заводы былі натрэніраваны рабіць як мага больш новай прадукцыі, і штогод яе ўдзельная вага ў агульным аб'ёме дасягала 30 працэнтаў, - адзначыў Валерый Фішман. - У новай прадукцыі таксама прысутнічала частка інавацыйнай, але тады тэхналагічныя навацыі не ўлічваліся. Улічваліся толькі прадуктовыя. Але мы стварылі добрую аснову для тэхналагічных інавацый, правялі мадэрнізацыю прадпрыемстваў, выканалі і прадаўжаем рэалізоўваць новыя навукова-тэхнічныя дзяржаўныя, а таксама саюзныя праграмы, асобныя праекты. Таму вялікі пакет навукова-тэхнічных распрацовак мы стварылі і цяпер бачым канкрэтныя справы, канкрэтныя інавацыйныя прадукты".

Такі падыход і даў магчымасць значна нарасціць аб'ёмы вытворчасці інавацыйнай прадукцыі на прадпрыемствах Мінпрама. Цяпер ствараецца зачын на будучыя гады, вядуцца новыя распрацоўкі. Бягучы 2012 год у гэтым плане прагназуецца пераходным, завяршальных праектаў практычна не запланавана. "Будзем рыхтаваць зачын. Праграмы ўсе сфарміраваны, яны ў нас ідуць, што называецца, на поўным скаку, вельмі шмат плануем выпусціць новай і мадэрнізаванай тэхнікі", - сказаў субяседнік.

Пры гэтым прыярытэт аддаецца тэхналагічнаму напрамку, гэта значыць стварэнню сродкаў вытворчасці. І тут акцэнт робіцца на развіцці станкабудавання, таму што станкі - гэта сродкі вытворчасці. "Мы вельмі сур'ёзна возьмемся за станкабудаванне. Мы не гаворым, што ў Беларусі трэба выпускаць усе віды станкоў, гэтага рабіць не трэба, але на такія тэхналагічныя праграмы мы робім акцэнт, пачало павялічвацца іх фінансаванне", - адзначыў Валерый Фішман.

У 2011 годзе станкабудаўнікі пачалі новы імпартазамяшчальны праект - стварэнне першага беларускага станка з лічбавым праграмным кіраваннем (ЛПК) для апрацоўкі канічных зубчастых колаў з кругавым зубам, якія прымяняюцца ў трансмісіях мабільнай тэхнікі. У Беларусі такога тыпу зубаапрацоўчага абсталявання не выпускалася. Вытворчасць гэтага станка арганізуецца ў віцебскім ААТ "Візас", - паведаміў спецыяліст.

Што датычыцца перспектыў стварэння вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Беларусі, то, на думку Валерыя Фішмана, гэта зборка пакуль не можа стаць беларускім брэндам. "Легкавыя аўтамабілі плануем збіраць сумесна з кітайскай кампаніяй. Мы атрымаем рабочыя месцы, інвестыцыі, тэхналогіі і павінны гэтым умела скарыстацца, развіваць свой навукова-тэхнічны патэнцыял у гэтым напрамку", - лічыць спецыяліст. Ён прывёў у прыклад вытворчасць у Беларусі аўтобусаў, якой раней не было. Але пад яе стварылі навукова-тэхнічны патэнцыял і атрымалі вынік - сфарміравалася новая галіна - аўтобусабудаванне, вырабляецца пасажырскі аўтатранспарт уласных мадэлей. Таксама створана і айчыннае тралейбусабудаванне. Вырабляюцца беларускія трамваі, аўтакраны, якіх раней таксама не было. Па прынцыпу развіцця навукова-тэхнічнага патэнцыялу ў цесным супрацоўніцтве прамыслоўцаў з вучонымі і неабходна сістэмна і мэтанакіравана ствараць новыя інавацыйныя прадукты, рэзюмаваў Валерый Фішман.

Лілія КРАПІВІНА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі