Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
29 лістапада 2022, 17:28
Васіліна Міцкевіч

Фільм "Якуб Колас. Каханне жыве для дваіх...": дакудрама пра паэта або гісторыя вялікага кахання?

Васіліна Міцкевіч
Галоўны хавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Студыя гістарычных фільмаў "Майстэрня Уладзіміра Бокуна" падрыхтавала фільм "Якуб Колас. Каханне жыве для дваіх..." да 140-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Кінастужка раскрывае паэта з нязвыклага ракурсу праз прызму асабістага жыцця. Галоўная сюжэтная лінія - гісторыя кахання Якуба Коласа і яго жонкі Марыі Міцкевіч. Рэжысёрам фільма выступіў Фёдар Краснапёраў. Што незвычайнага ў падачы матэрыялу і што мелі на мэце стваральнікі кінакарціны, карэспандэнту БЕЛТА расказалі аўтар сцэнарыя фільма Анжаліка Новікава і галоўны хавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, кансультант фільма праўнучка пісьменніка Васіліна Міцкевіч.

"Мы хацелі зразумець паэта як чалавека - гэта было галоўнае і самае складанае. На самай справе да пачатку работы над сцэнарыем я ведала пра Коласа, як і большасць: пра асабістае жыццё няшмат. І калі пачала знаёміцца бліжэй, якраз выйшла кніга з пісьмамі жонкі Коласа. Мы вырашылі рабіць гэты фільм на аснове ўспамінаў яго родных, пісем класіка, іншых матэрыялаў", - адзначыла Анжаліка Новікава.

Паводле яе слоў, ідэя фільма - паказаць асобу Якуба Коласа і яго каханне. "Кажуць, за кожным вялікім мужчынам стаіць непрыкметная жанчына. А Марыя Дзмітрыеўна была незвычайнай. Жонка стварала Коласу жыццё пісьменніка: ён мог адпачываць, пісаць, бо творцу патрэбна зачыніць дзверы, каб была цішыня. Таксама паказалі гісторыю смерці жонкі Якуба Коласа. Ён пасля гэтага на працягу дзесяці гадоў два разы на год хварэў. Калі закаханыя людзі жывуць доўгі час разам, яны становяцца адным цэлым", - прадоўжыла аўтар сцэнарыя.

"Хачу адзначыць, што гэта мой першы вопыт у якасці кансультанта фільма. Мне было вельмі цікава працаваць над ім. Асабліва ўразіла незвычайная падача матэрыялу і ідэя. Мы прывыклі, што калі расказваецца пра нейкую асобу, то гэта гісторыя нараджэння, дзяцінства, юнацтва і гэтак далей. Стваральнікі гэтага фільма пайшлі іншым шляхам. Тут у цэнтры ўвагі асоба паэта і яго жонкі. Жыццё Коласа паказана праз каханне. І сапраўды, каханнем усяго жыцця Якуба Коласа стала Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч", - расказала праўнучка пісьменніка Васіліна Міцкевіч. Жонка Якуба Коласа была і каханай жанчынай, і музай паэта, якая натхняла на творчасць, заўсёды была побач у складаныя моманты жыцця класіка, дадала кансультант фільма.

Дзве вайны, дзве эвакуацыі, пастаянныя паездкі на паяздах - нямала выпрабаванняў выпала на плечы Якуба Коласа і яго сям'і. "Мы і паказалі гэты пастаянны рух: ён кудысьці едзе, яна застаецца з дзецьмі, у эвакуацыі. Жыццё Якуба Коласа і Марыі Міцкевіч - сустрэчы і развітанні. Мы паказалі самыя складаныя этапы жыцця Коласа да таго, як ён стаў знакамітым", - дадала аўтар сцэнарыя фільма Анжаліка Новікава.

"Вельмі спадабалася ідэя паказаць Коласа ў руху. Большая ж частка яго жыцця прайшла ў дарозе, паяздах. Мы ўсе прывыклі бачыць Коласа як паэта, творчасць якога мы ўсе ведаем. А якім ён быў чалавекам, мужам, бацькам? І дзякуючы гэтаму фільму я ўбачыла за постаццю вядомага пісьменніка чалавека са сваімі складанасцямі жыцця, перажываннямі, цяжкім лёсам. Усе выпрабаванні яскрава паказаны ў фільме праз успаміны самога Коласа, яго вершы, кадры дакументальнай хронікі, - расказала Васіліна Міцкевіч. - Вельмі прыемна было бачыць ігру акцёраў. Маладога Коласа сыграў Сяргей Жбанкоў, пісьменніка ў сталым узросце - Андрэй Аліферэнка. Цікава было паглядзець, як сучасныя акцёры бачаць вобраз самога паэта. І ў іх атрымалася перадаць боль Коласа, калі яго няма на радзіме, калі пісьменнік у эвакуацыі".

Фільм сапраўды цікава глядзець, лічыць галоўны хавальнік фондаў літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. "Ты ўвесь час у напружанні. Гэта не простая біяграфія ад пачатку да канца жыцця - гэта яе гісторыя. На першым плане - вялікая гісторыя кахання. Мяне гэта, як праўнучку Якуба Коласа, вельмі зацікавіла. Думаю, што гэта будзе цікава ўбачыць і гледачам. Такога Коласа яны сапраўды ніколі не бачылі", - падкрэсліла Васіліна Міцкевіч.

"Вельмі спадабаўся закадравы тэкст: ён як песня. Ты слухаеш і не можаш наслухацца - так прыгожа расказана. Хачу падзякаваць здымачнай групе, аўтарам сцэнарыя. Яны знайшлі столькі цікавых фактаў. Напрыклад, як Колас піша Янку Купалу, што ў час эвакуацыі ў перыяд Першай сусветнай вайны на чужыне адчувае сябе так, быццам стаіць на станцыі ў чаканні поезда і не ведае, калі ён прыйдзе. Колас нібы засеў на гэтай станцыі і не ведае, што чакаць далей", - прадоўжыла кансультант фільма.

"Якуб Колас. Каханне жыве для дваіх..." - гэта дакументальная стужка, у аснове якой - матэрыялы з архіваў, фондаў, фатаграфіі, відэаматэрыялы. "Але пастановачныя сцэны там таксама ёсць. Гэта дакудрама, як цяпер кажуць, іншымі словамі дакументальны фільм з элементамі мастацкіх пастановак. Задзейнічаны прафесійныя акцёры, але паміж імі няма дыялогаў. Здымкі праводзіліся некалькі дзён", - расказала аўтар сцэнарыя Анжаліка Новікава.

"Паглядзеўшы фільм, я бачу, якую вялікую работу правяла здымачная група, рэжысёры, аўтары сцэнарыя. Яны прачыталі шмат успамінаў Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча (малодшага сына Якуба Коласа. - Заўвага БЕЛТА) і новую кнігу "Табой я жыў, табой жыву..." пра жонку пісьменніка. Думаю, што яна і натхніла аўтараў на напісанне менавіта такога сцэнарыя. Я ўжо чула некалькі водзываў пра гэты фільм - усім ён вельмі спадабаўся. Спадзяюся, гледачам ён таксама спадабаецца, і ў іх складзецца вобраз паэта не толькі як творцы, але і як вельмі добрага чалавека, мужа, клапатлівага бацькі", - рэзюмавала праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч.

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі