Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
21 сакавіка 2016, 15:38

Дзе будуць адпачываць летам беларускія турысты

Новы турыстычны сезон пачаўся спрэчкамі туркампаній вакол скідак і адкладзеным попытам на пуцёўкі з боку саміх беларусаў. Прадстаўнікі галіны расказалі БЕЛТА, ці вернуцца турысты на курорты Егіпта і Турцыі, колькі беларусы гатовы патраціць на адпачынак і ці чакаць росквіту ўнутранага турызму.

Паток беларусаў у Турцыю знізіўся на 5 працэнтаў, у Егіпет - на 10 працэнтаў

Дырэктар дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Вадзім Кармазін адзначае, што мінулы год выдаўся для турызму няпростым, і гэта звязана перш за ўсё з сітуацыяй на міжнародных турыстычных рынках. Калі ў 2014 годзе загранічныя курорты выбралі для адпачынку 670,4 тыс. беларусаў, то ў 2015-м іх было каля 533,8 тыс. Топ-10 турыстычных густаў у 2015 годзе сюрпрызаў не прынёс: хіба што Чарнагорыя выцесніла з дзясяткі лідараў Літву. Турэцкі напрамак хоць і зведаў спад беларускіх турыстаў крыху больш як на 5 працэнтаў, усё ж застаўся самым запатрабаваным месцам адпачынку. Егіпет выцесніў з другога радка Балгарыю, але недалічыўся 10 працэнтаў беларусаў. Пры гэтым Балгарыя таксама заўважыла адток беларусаў, якіх у мінулым годзе было на 27 працэнтаў менш.

Невялікую турбулентнасць адчуваў і еўрапейскі рынак. Турыстаў з Беларусі недалічыліся, напрыклад, Грэцыя, Іспанія, Італія, Чэхія, суседнія Польшча і Латвія. Быў спад паездак у Францыю, хоць гэта тэндэнцыя ўсяго мінулага года, а не толькі часу пасля лістападаўскіх падзей у Парыжы. Насупраць, цікавасць расце да Чарнагорыі і Нідэрландаў. Сярод напрамкаў, акрамя Еўропы, увагу беларусаў усё больш прыцягвае Грузія.

У цэлым выязны паток з Беларусі ў мінулым годзе скараціўся прыблізна на 20 працэнтаў (размова ідзе менавіта аб арганізаваных тургрупах - тых, хто ездзіў на адпачынак праз агенцтвы, хоць і агульная колькасць тых, хто перасякае граніцу, знізілася прыблізна на 3,8 працэнта). Для турыстычнага рынку гэта статыстыка не вельмі радасная, у той жа час прадстаўнікі турбізнесу сітуацыю не драматызуюць. Дырэктар тураператара Travel House Юрый Суркоў лічыць, што наўрад ці адбудзецца такая сітуацыя, што беларусы стануць масава адмаўляцца ад паездак за мяжу, і ў гэтым годзе людзі прадоўжаць ездзіць на адпачынак. Бо ў свядомасці масавага турыста водпуск - гэта ў першую чаргу паездка да мора, але не да Мінскага. Лагічна, што самым адчувальным у гэтай сітуацыі стаў сегмент зімовага адпачынку. "Некаторы спад выязнога патока ёсць, і ён адчуваецца асабліва па зімовых напрамках. Зімовы адпачынак на беларускім туррынку стаў не тое каб прадметам раскошы, але прыкметай пэўнага дабрабыту. Як правіла, чалавек, які закрыў усе асноўныя матэрыяльныя патрэбнасці, можа дазволіць сабе з'ездзіць на адпачынак зімой", - тлумачыць Юрый Суркоў.

Кануць у лета танней

Зніжэнне турпатоку пацвярджае і дырэктар кампаніі "Ваяжтур" Яўген Сазыкін, які звяртае ўвагу, што цана пуцёўкі стала ключавым момантам пры прыняцці рашэння. "Агульная колькасць турыстаў, якія арганізавана выязджаюць, у гэтым годзе будзе меншая, эканамічная сітуацыя не садзейнічае куплі загранічных тураў. Пры гэтым нейкага асаблівага росту цэн не чакаецца, але не ўсё будзе залежаць толькі ад турфірмы. Цяпер турэцкія атэлі сур'ёзна зніжаюць цэны, у той жа час еўрапейскія (іспанскія, італьянскія, балгарскія) у гэтай сітуацыі становяцца дэфіцытнымі. Яны павялічваюць цэны, скарачаюць перыяд ранняга браніравання і г.д.", - адзначае дырэктар туркампаніі. Нягледзячы на тое, што многія авіяперавозчыкі пайшлі насустрач туркампаніям і зрабілі тарыфы больш выгаднымі, многія беларусы прадаўжаюць адпраўляцца на адпачынак з іншых гарадоў - Літвы, Польшчы, куды лятаюць лоўкосты.

Генеральны дырэктар кампаніі "Солвекс" Аксана Бічун звяртае ўвагу, што туркампаніі стараюцца зрабіць прапановы больш выгаднымі, прадаюць туры ў растэрміноўку, аднак цэны ўсё ж такі ціснуць на кашалькі беларусаў. "Вядома ж, усім хацелася б, каб туры не даражэлі. Але, напэўна, не трэба выдаваць жаданае за сапраўднае. Увогуле цана туру ў валюце не павялічылася, але ў беларускіх рублях пуцёўкі ўсё ж такі падаражэлі", - гаворыць яна.

На гэтым фоне цікавая прапанова некаторых турфірм і зусім адмовіцца ад скідак. Гарачыя туры і скідкі на раннім браніраванні прапануецца пакінуць, а вось аб зніжэнні цэн для новых кліентаў за кошт камісіі для саміх турагентаў хочуць забыць. Абгрунтаванне гэтага простае: зніжаючы цэны, агенцтвы не могуць забяспечыць якасць паслуг і тым самым ставяць пад удар і фінансавую ўстойлівасць кампаніі, і адпачынак турыста. Зрэшты, згараць скідкі не спяшаюцца, бо для павальнай адмовы ад іх трэба дамовіцца пераважнай большасці туркампаній, а іх цяпер на рынку амаль 1,4 тыс. Рашэнне асобных кампаній адмовіцца ад скідак глабальна на рынак не паўплывае.

Топ-менеджары турбізнесу сыходзяцца на думцы, што ў летнім сезоне беларусы, магчыма, зменшаць запатрабаванні па зоркавасці атэляў, але яны ўсё ж такі паедуць за мяжу. Аднак узнікае нетыповая сітуацыя: у параўнанні з папярэднімі гадамі на раннім браніраванні было вельмі мала продажаў у Турцыю. Паводле слоў спецыялістаў, гэта было чакана і звязана з пытаннямі бяспекі. Аднак Турцыя штогод прыцягвала каласальны аб'ём турыстаў, і ў гэту краіну ездзілі не толькі з Беларусі або Расіі, але і з Еўропы. Цяпер гэтыя турысты павінны пераарыентавацца на іншыя напрамкі.

У пошуках all inclusive

Турбізнес прагназуе, што попыт на Крым не адновіцца, а патокі ў Турцыю і Егіпет могуць прадоўжыць скарачэнне. Адпаведна, летам будзе актуальны пошук больш ці менш бюджэтнай краіны, і ёю стане Балгарыя. А паколькі ў Балгарыю пераарыентуюцца патокі і еўрапейскіх турыстаў, то да канца сакавіка многія балгарскія атэлі ўжо немагчыма забраніраваць - яны заняты немцамі, расіянамі, беларусамі. Частку турыстаў можа ўзяць на сябе Грэцыя, але ў параўнанні з Балгарыяй гэта не такі даступны адпачынак і ў беларусаў, якія прывыклі да сістэмы all inclusive ("усё ўключана"). Сістэма "ўсё ўключана" на грэчаскім адпачынку можа істотна паўплываць на кошт пуцёўкі, ды і Балгарыя больш прывычная беларускаму турысту, чым Грэцыя.

У выніку па суадносінах цаны і якасці лідзіруе Балгарыя, а потым ужо ідуць Іспанія і Грэцыя. Да таго ж з лістапада мінулага года адменены візы ў Ізраіль. Па-ранейшаму папулярныя туры выхаднога дня ў краіны Балтыі, прарыўным гэты сезон можа стаць для марскога курорта літоўскай Палангі. Браніраванне адпачынку па гэтым напрамку прыкметна актывізавалася. Для беларусаў гэта блізка і зручна ў транспартным плане, дабрацца можна на машыне, аўтобусе або самалётам "Белавія" з Мінска. Фактычна ад парога дома да мора рэальна трапіць за 3 гадзіны.

Дырэктар офіса "Музенідзіс Трэвел" Мая Ньёрба ў сваю чаргу лічыць, што ў гэтым годзе ёсць усе падставы лічыць, што Грэцыя стане адным з самых запатрабаваных напрамкаў сезона. Ужо сёння многія папулярныя атэлі спынілі продажы ў высокі сезон. "Гэта звязана з тым, што турыстычныя патокі з постсавецкай прасторы, а таксама Еўропы пераарыентаваліся з Турцыі і Егіпта на грэчаскі напрамак. Што датычыцца цэн на пражыванне, то яны засталіся на ўзроўні мінулага года, а па авіяпералёце на раннім браніраванні дзейнічае прома-тарыф, які нават ніжэйшы, чым у мінулым годзе. У надыходзячым сезоне многія беларускія турысты хутчэй за ўсё пераарыентуюцца з атэляў катэгорыі 3-4 "зоркі" на атэлі 2-3 "зоркі", але з добрымі суадносінамі "цана-якасць", - каменціруе яна.

Унутраны турызм хоча выпрастаць плечы

Эксперты лічаць, што настаў час, калі беларусы пачынаюць адкрываць у турыстычным плане ўласную краіну. "Беларусь таксама чакае сваіх турыстаў. Я вельмі рада, што адкрываюцца ў нашай краіне новыя экскурсійныя маршруты і аб'екты. Бо цэлае лета не будзеш сядзець на моры за мяжой, а ў Беларусі шмат рэк і азёр, дзе таксама можна адпачываць з сям'ёй і сябрамі", - лічыць Аксана Бічун.

Вадзім Кармазін пацвярджае, што сітуацыя са зніжэннем выязнога патоку стварыла перадумовы для развіцця ўнутранага турызму - паток турыстаў унутры краіны за мінулы год вырас на 40 працэнтаў. Так, згодна з афіцыйнай статыстыкай, колькасць арганізаваных турыстаў у 2015 годзе ўнутры краіны склала 91,5 тыс. (у 2014-м - 56,2 тыс. чалавек), экскурсантаў - 745,2 тыс. чалавек (у 2014-м - 647,5 тыс.).

Што датычыцца замежных турыстаў, то, паводле прагнозаў, у гэтым годзе папулярнасцю ў іх будуць карыстацца беларускія санаторыі і аграсядзібы. Акрамя таго, стаўка робіцца на прамысловы турызм і падзейны, у тым ліку на бізнес-мерапрыемствы. На ўздыме знаходзіцца класічны сегмент аўтобусных тураў, расце попыт на туры выхаднога дня, дзе ў лідары імкнецца Нарачанскі рэгіён. "У гэтым годзе па-ранейшаму стаіць задача пераарыентаваць турыстычныя патокі з іншых краін у Беларусь, актуальна дыверсіфікацыя экспарту турпаслуг, пошук новых рынкаў. Складаецца добрая сітуацыя з Кітаем, безумоўна, будзе ў прыярытэце еўрапейскі і расійскі рынак. Пры гэтым адназначна трэба займацца развіццём не толькі ўязнога, але і ўнутранага турызму", - падкрэслівае дырэктар дэпартамента па турызме.

У Мінспорту і турызму таксама падзяляюць думку, што адпачынак за мяжой беларусы поўнасцю не адменяць. "Па выязным турызме ўсё ж такі застануцца папулярныя і Турцыя, і Егіпет. Да таго ж у гэтым годзе набіраюць папулярнасць курорты Краснадарскага края, станоўчую дынаміку паказваюць Іспанія з Грэцыяй", - рэзюмуе Вадзім Кармазін.

Аднак у гэтым сезоне ва ўнутранага турызму з'явіўся рэальны шанс выпрастаць плечы - пытанне ў тым, якім будзе баланс цаны і якасці адпачынку.

Наталля ЗЛОТНІК

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі