Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
20 жніўня 2020, 12:45
Валерый Бельскі

Чаго нам каштуе дом разбурыць

Валерый Бельскі
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Галовы тых, хто хацеў парушыць спакой у краіне начнымі дэбошамі, трохі астылі. Адкінуць беларускую міліцыю і ўнутраныя войскі, захапіць урадавыя будынкі і збудаванні, а з імі і ўладу не ўдалося. Пратэсны патэнцыял накіраваны ў мірнае рэчышча. Стала магчымым гаварыць, пераконваць, з'явілася надзея быць пачутымі. Узаемна. Заклік Прэзідэнта на плошчы Незалежнасці, упэўнены, закрануў сэрцы беларусаў. Грамадства проста абавязана стаць на шлях міру і згоды, вяртання да нармальнага жыцця.

На жаль, неўтаймаваную сілу стрымаць можна толькі сілай. Ніякімі ўгаворваннямі, абяцанкамі чалавека з завостранай арматурай (Пінск), з каменем і кактэйлем Молатава (Мінск), ды яшчэ і "пад кайфам" не спыніць. Толькі самкнуўшы шчыты, плячо ў плячо. Кадры хронікі тых падзей - скептыкам у пацвярджэнне. І, вядома, гэта не ігравое кіно з людзьмі Ікс або ўсёпераможным Чалавекам-павуком. Відовішча, як кажуць, не для слабанервных. Але гэта наша гісторыя, і наш народ з абодвух бакоў.

Пад каток праваахоўнікаў, даволі азлобленых з-за інфармацыйнай атакі, якая пачалася на іх і членаў іх сем'яў у Telegram-каналах задоўга да пратэсных акцый, трапілі разявакі і зусім невінаватыя. Дрэнна, няправільна. Але паспрабуй у час сутыкненняў разбярыся, дзе мірны пратэстуючы, а дзе зламыснік, што ў яго ў кішэні - томік Евангелля або заточка.

Некаторых паслухаць, дык на "Пушкінскай" былі ўсе невінаватыя, безабаронныя падлеткі, якія выйшлі за хлебам, пакурыць. Але давайце адзін аднаму адкрыта скажам, што пераважную частку затрымалі згодна з законам.

І калі б хлопцы з АМАПа далі слабіну, яны былі б збіты і скалечаны. На гэтым спыніліся б? Не. Пайшлі б па настаўніках, членах выбарчых камісій, чыноўніках, якія не паспелі "перафарбавацца" на хаду.

На шчасце, праваахоўная сістэма захавана. Але дзе б яна была, калі б бясчынствуючы натоўп праклаў сабе дарогу? Адказу папрасіце ў нашых суседзяў-украінцаў, якія да гэтага часу не могуць дакладна ўстанавіць, хто ж расстраляў так званую Нябесную сотню.

Закардонныя лялечнікі, зразумеўшы, што не ўдасца расхістаць краіну сілай, перастроіліся на маршы. Цяпер галоўная прычына, па якой Лукашэнка "павінен сысці", - сілавое процідзеянне: "за нашы падаткі купляюць кулі, якімі страляюць у нашых дзяцей". І ўжо некаторыя не задумваюцца над тым, чаму раней усё было нармальна, спакойна, мірна і вось асечка. А трэба.

Сярод затрыманых былі нечыя дзеці, сябры дзяцей, сябры сяброў. Многім адрыкашэціла. На ўсеагульны агляд выстаўлены расказы пра вельмі дрэнныя ўмовы іх утрымання і нематываванае прымяненне сілы. Вядома, гэта недапушчальна. Але перш чым агулам абвінавачваць праваахоўную сістэму і дзяржаўную ўладу, трэба ўважліва ва ўсім разабрацца. І памятаць, што раненні і калецтвы атрымалі больш за 150 праваахоўнікаў. І, прабачце, ЦІП - не пяцізоркавы атэль (для сучаснай моладзі дзень без інтэрнэту - ужо трагедыя). У нас не Нарвегія, дзе асуджаны за расстрэл 77 чалавек (у большасці - моладзь) жыве ў трохпакаёвым турэмным нумары з тэлевізарам і камп'ютарам.

Нарэшце ў чарадзе абвінавачанняў пачала з'яўляцца і не ангажыраваная інфармацыя пазітыўнага зместу: пасцельную бялізну выдавалі, кармілі, аператыўна выпусцілі пасля дазнання.

Многія цяпер гавораць: "Паглядзіце, на мітынгі за перамены выходзіць столькі людзей, іх большасць". Не трэба пераацэньваць маштаб. Калі акцыі сталі мець мірны характар і, адпаведна, ніхто ім не процідзейнічаў, яны збіралі, паводле падлікаў пратэстуючых, амаль дзве сотні тысяч чалавек. Гэта праславутыя 3 працэнты. Паводле падлікаў праваахоўнікаў, якія павінны ацэньваць рэальную пагрозу правапарадку і не схільны яе заніжаць, - 40 тыс. Група людзей, якая проціпастаўляе сябе грамадству або сцвярджае ў грамадстве свае каштоўнасці, заўсёды больш актыўная. Трапляецца на вочы. Незалежна ад таго, як яна вылучаецца - па колеры скуры, нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі (прабачце), асаблівых рэлігійных ці палітычных поглядах. Пішуць у сетках, кідаюцца з кветкамі і шарыкамі пад машыны, сігналяць.

Праплачаныя інфармацыйныя рэсурсы ўзмацняюць эфект прысутнасці нязгодных. З-за іх многае не такое, як уяўляецца, і не так, як павінна быць. Чалавек, які не мае работы, гаспадарчага і палітычнага бэкграўнду, мае магчымасць аб'явіць сябе "нацыянальным лідарам". Яму апладзіруюць і падтрымліваюць, аддалі свае галасы. Шмат галасоў. Больш, чым можа марыць хатняя гаспадыня, пра якую яшчэ ўчора чулі адзінкі.

У той жа час чалавек, які набраў большасць галасоў на выбарах, выцягнуў краіну з беднасці, забяспечыў фарміраванне інстытутаў дзяржаўнасці, падвяргаецца нападкам, зневажальнаму клеймаванню. З боку тых, хто павінен быць удзячны за мірнае неба, бяспечныя вуліцы, сытае жыццё, выдатную адукацыю і ахову здароўя. Чалавек, які сам з'яўляецца ініцыятарам рэформ, аж да канстытуцыйнай рэформы, неабходнай для сталага грамадства (заўважце, аб змяненні Канстытуцыі размова ішла да выбараў, ніякага папулізму). Які так клапаціцца аб сваёй краіне і аб сваім народзе.

Сюррэалізм нейкі. Калі б толькі ўражлівая творчая інтэлігенцыя паддалася эмоцыям або зараджаная духам нігілізму і рэвалюцыйнай рамантыкі моладзь, у якой за спінай ёсць бацькоўская страхоўка ад страты даходу, то можна было б неяк зразумець. Але рабочы клас... Не вяжацца са здаровым сэнсам. Бо спыненне вытворчасці экспарцёраў - гэта непрапарцыянальны па сіле ўдар па цяперашніх і будучых даходах. На старонках прадпрыемстваў у Вікіпедыі ўжо вісіць інфармацыя пра забастоўкі. Гэта сігнал пакупнікам, што кантракты могуць быць сарваны і лепш пашукаць больш надзейнага пастаўшчыка. Без усялякага перабольшання. Сітуацыя добра апісваецца прымаўкай "на зло бабулі вушы адмарожу".

Страты ад пратэсных акцый - гэта не тыя 500 тыс. беларускіх рублёў, якія затрачаны на аднаўленне клумбаў і газонаў. Бягучы ўрон ужо склаў не менш як $500 млн. Адтэрмінаваны вылічаецца мільярдамі. Парушаны асновы ствараемай гадамі сістэмы замежнага крэдытавання, пацярпела інвестыцыйная прывабнасць краіны, абмяркоўваюцца санкцыі.

Каму вайна, а каму маці родная. У Telegram-каналаў, якія выраслі на публікацыі матэрыялаў правакацыйнага, антыдзяржаўнага зместу, цяпер выдатны гешэфт. Нічога, што радок навін змяшчае тэндэнцыйныя каментарыі, што ў эфір даецца адкрытая хлусня. Даходы растуць разам з аўдыторыяй, таму the show must go on (шоу павінна прадаўжацца). Гэта калі без шпіёнскіх матываў. А яны, як прызнана многімі, адыгрываюць не апошнюю ролю.

Забастоўку як форму палітычнага пратэсту выбралі работнікі дзяржаўных (!) прадпрыемстваў. Лепшых. Якім па рашэнні кіраўніка дзяржавы аказвалася падтрымка. З дастойнай заработнай платай, сацыяльным пакетам. Напрыклад, за ліпень сярэдняя заработная плата склала на БМЗ 1643 рублі, МЗКЦ - 1640 рублёў, у вытворчым сектары "Беларуськалія" - 3458 рублёў.

Большасць прыватных жа прадаўжае працаваць, замацоўваючыся на новых рынках, якія страцілі канкурэнты ў кавідны перыяд. "Амкадор", напрыклад, нарасціў вытворчасць за паўгоддзе амаль у паўтара раза. І ставіць задачу даць да канца года 200 працэнтаў.

Спробы "пабаставаць" і тут былі. Паводле існуючай інфармацыі, на прадпрыемстве "Савушкін прадукт" некалькі супрацоўнікаў паспрабавалі сабрацца на мітынг. Кадравік у вобразе матроса Жалязняка выйшаў і сказаў прыкладна наступнае: "У нас на разглядзе 200 рэзюмэ жадаючых працаўладкавацца. Хто хоча мітынгаваць, мы не трымаем, але, калі ласка, за варотамі вашага былога прадпрыемства". І акцыя хутка заціхла.

Практычна поўная занятасць, якая заўсёды была мэтай эканамічнай палітыкі Прэзідэнта, сфарміравала ў часткі нашых суграмадзян меркаванне, што работа будзе заўсёды. Добрая, дрэнная, але будзе. Страчана пачуццё небяспекі застацца без сродкаў існавання. Гэта, мабыць, адзіны неадназначны бок праекта сацыяльнай дзяржавы, якая дэматывуе "варушыцца", "круціцца", даражыць рабочым месцам.

Паказальны прыклад шахцёраў. Вельмі цяжкая праца, але і аплата, дзяржаўныя гарантыі - беспрэцэдэнтныя. Скарочаны 35-гадзінны рабочы тыдзень з шасцігадзінным рабочым днём. Акрамя асноўнага водпуску памерам 24 дні прадастаўляецца дадатковы - 42 дні (дарэчы, хтосьці памятае, калі ў водпуску быў кіраўнік дзяржавы?). Заканадаўча замацавана права на датэрміновую пенсію пасля 20 гадоў работы. Часткова пакрываюцца затраты на харчаванне, прадпрыемства са сваіх сродкаў выплачвае ўзносы на фарміраванне дадатковай пенсіі.

Удзельнікі мітынгу шахцёраў заявілі, што хочуць захаваць гэтыя гарантыі, якіх іх ніхто не збіраўся пазбаўляць. Але пры адсутнасці ў прадпрыемства грошай гэта будзе немагчыма. Сродкі ідуць ад продажаў. Продажы - ад вытворчасці. Няма вытворчасці - няма продажаў - няма сродкаў - няма сацыяльных гарантый.

Але ж і Прэзідэнта таксама можна лічыць у нейкай меры шахцёрам. Многія кантракты "Беларуськалія" пры вялікай колькасці прапанавання на рынку з'явіліся "пад Лукашэнку". Той жа індыкатыўны кітайскі, за які змагаліся асноўныя пастаўшчыкі. Хочацца спадзявацца, што ў салігарчан не страчана разуменне ролі кіраўніка дзяржавы ў сваім камерцыйным поспеху і дабрабыце. Проста не веру, што можа быць інакш. Людзі, якія спускаюцца на кіламетровую глыбіню, кожны дзень рызыкуюць жыццём. У іх абвостранае разуменне справядлівасці і ўзаемадапамогі, пачуцця локця. Гэта вялікая сіла. Дапамога намаганням кіраўніка дзяржавы менавіта ад шахцёраў можа забяспечыць кансалідацыю грамадства. Сябар пазнаецца ў бядзе. На працягу ўсяго перыяду знаходжання на сваёй пасадзе Прэзідэнт першарадную ўвагу ўдзяляў падтрымцы "Беларуськалія" і мае права чакаць узаемнасці.

Сярод палітычных патрабаванняў ёсць і вельмі цікавыя эканамічныя, у прыватнасці, каб банкі не спаганялі працэнты па крэдытах. Працэнты ў некаторых выпадках могуць не спаганяцца. У перспектыве. Калі Беларусь стане багатай дзяржавай і зможа сабе гэта дазволіць. Прэцэдэнты ёсць. Так працуюць банкі ў краінах арабскага свету (праўда, там яшчэ і запаветы прарока Мухамеда забараняюць даваць у доўг пад працэнты, але ёсць тысяча адносна сумленных спосабаў абысці забарону). Але каб так было, трэба працаваць, а не спыняць вытворчасці.

Што адбываецца цяпер. Некаторыя таварышы, якія расхістваюць палітычную сітуацыю, разумеючы, чым гэта пагражае эканоміцы, адразу з мітынгаў накіроўваюцца ў абменнікі. Застрахаваць свае зберажэнні і прыработак трэба ж. Можна зразумець.

Здзіўляе пазіцыя работнікаў "культурнай" сферы, у прыватнасці Купалаўскага тэатра і яго былога цяпер ужо кіраўніка. Вывешаны сцягі з "Пагоняй", гучныя заявы, зусім некультурныя выкрыкі з натоўпу падтрымліваючых. Аднак і ў дакавідны час, і асабліва цяпер калектыў тэатра ў асноўнай меры на ўтрыманні дзяржавы (за бюджэт, як бачым, не толькі кулі для АМАПа). У рыначных умовах, якія абяцалі альтэрнатыўныя кандыдаты, давядзецца зарабляць самім. Гатовы? Упэўнены, не многія. Для параўнання пастаўце побач работу расійскіх калег, якія гастралююць не перастаючы.

У пратэстаў няма важкіх прычын, але ёсць важкія наступствы. Рэспубліка Беларусь - адладжаны механізм работы эканомікі і сацыяльнай сферы. Збалансаваны за гады дзяржаўнага будаўніцтва. Збоі ў яго рабоце не абяцаюць нічога добрага беларускаму народу ў цэлым, і не прадстаўнікам нейкай сацыяльнай групы. Да чаго вядзе "разбурэнне старога свету", усім зразумела з гісторыі. Некаторыя завадатары вулічнага пратэсту ўжо на той стадыі палітычнай эвалюцыі, што выкарыстоўваюць лозунгі 100-гадовай даўнасці: адбяром маёмасць у чыноўнікаў і аддадзім пацярпелым ад "рэпрэсій".

Але гэта яшчэ кветачкі. Пахудзелыя разліковыя лісткі хутка прывядуць да прытомнасці тых, хто выбраў радыкальны шлях.

Аднак, дапусцім, што ў краіне пачнуць рэалізоўвацца тыя пасылы, якія сфармулявала С.Ціханоўская. Напрыклад: "Я лічу, што Беларусі не патрэбна Саюзная дзяржава". Прадказальны вынік - страта пазіцый на расійскім рынку, пераход у адзін момант на сусветныя цэны на нафту і газ. Улічваючы, што кааперацыя з Расіяй фарміруе больш за 50 працэнтаў ВУП, прыкладна палавіну ад гэтай велічыні адразу трэба спісаць з нашага балансу. Дабрабыт прасядзе ў той жа прапорцыі, як мінімум. Можа, Захад нам дапаможа? Адказ на гэта пытанне варта шукаць у вопыце ўзаемаадносін ЕС і Украіны, калектыўнага Захаду і Грузіі. Грамадзяне гэтых дзяржаў, дарэчы, настойліва заклікалі: "Беларусы, не рабіце памылак".

Упэўнены, што, не стаўшы на шлях нармалізацыі ўнутрыпалітычнай абстаноўкі, мы атрымаем той жа эфект, што і пасля распаду СССР: страту ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, адчування абароненасці, сацыяльную дэзарыентацыю, а з ёй, як вядома, зніжэнне нараджальнасці, рост суіцыдальных настрояў, росквіт п'янства і наркаманіі, сацыяльную апатыю як грамадскую з'яву. Занадта шмат для аднаго, нават загартаванага, пакалення. І тады нам, як нацыі, месца на звалцы гісторыі. Пад белым саванам. Сімвалічна нават.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі