Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
27 верасня 2022, 16:23
Васіль Гурскі

Беларусь мае ноу-хау сусветнага ўзроўню ў шэрагу навукаёмістых высокатэхналагічных сфер

Васіль Гурскі
Галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук

Мадэрнізацыя эканомікі і ўкараненне інавацый у значнай ступені забяспечваецца ў нашай краіне ўласнымі навуковымі распрацоўкамі. Сярод ноу-хау сусветнага ўзроўню не толькі высокапрадукцыйныя сарты раслін, але і лазерная тэхніка, сістэмы аўтаматызаванага кіравання, новыя матэрыялы і рэчывы, іншыя распрацоўкі, якія адпавядаюць вышэйшым тэхналагічным укладам. Чым сёння можа ганарыцца краіна, расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, намеснік старшыні праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства "Веды" Васіль Гурскі.

У краіне рэалізуецца поўны ланцужок "навуковыя даследаванні - новыя тэхналогіі і навукова-тэхнічныя распрацоўкі - практычнае асваенне вынікаў". У складзе Акадэміі навук функцыянуюць навукова-практычныя цэнтры і навукова-вытворчыя аб'яднанні, аб'яднаныя інстытуты, якія звязваюць усе фазы інавацыйнага цыкла на базе адзінай арганізацыйнай структуры тыпу навукова-вытворчай карпарацыі. "А калі звярнуцца да канкрэтных вынікаў, то па кожным напрамку ў НАН Беларусі ёсць інавацыйныя распрацоўкі", - адзначыў Васіль Гурскі.

Прамысловасць

З актыўным удзелам НАН Беларусі на БЕЛАЗе створаны ўзоры кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90 т (на акумулятарных батарэях) і 220 т (дызель-тралейвознага тыпу), выпушчана 50,8 тыс. імпартазамяшчальных дэталей да аўтамабіляў. Распрацаваны эксперыментальны ўзор грузавога электрамабіля грузападымальнасцю да 4 т на МАЗе, доследны ўзор грузавога электрамабіля грузападымальнасцю 10 т з падрыхтоўкай пад устаноўку сістэмы беспілотнага кіравання на "Белкамунмашы". Створана доследная партыя цягавых электрарухавікоў з вадзяным ахаладжэннем для камерцыйнага, у тым ліку грузавога транспарту на "Магілёўліфтмашы".

У Інстытуце фізікі НАН наладзілі вытворчасць аптычных кампанентаў і лазерных сістэм з дыёдным напаўненнем новага пакалення, ужо выконваюцца заказы на выраб аптычных кампанентаў для арганізацый з Беларусі і Расіі. На "Інтэграле" па распрацоўках Акадэміі навук арганізавана вытворчасць лавінных фотадыёдаў і крэмніевых фотапамнажальнікаў для выкарыстання ў дальнамерах, оптавалаконных лініях сувязі, лазерных радарах і іншых оптыка-электронных устройствах.

"Планар" сумесна з Аб'яднаным інстытутам машынабудавання НАН стварыў доследныя ўзоры ўніверсальнага апаратна-праграмнага комплексу кіравання шматкаардынатнымі сістэмамі электрапрывода прэцызійнага тэхналагічнага абсталявання рабатызаваных вытворчасцей.

Для Беларускай АЭС Акадэмія навук распрацавала і вырабіла партыю бочак для захоўвання цвёрдых радыеактыўных адходаў. Для ДП "Беларусьгандаль" НАН распрацавала, вырабіла і паставіла палімерны кампазіцыйны матэрыял для вытворчасці айчынных пластыкавых лыж. "Асноўныя эксплуатацыйныя характарыстыкі айчынных лыж цяпер істотна перавышаюць імпартныя аналагі", - звярнуў увагу Васіль Гурскі.

Біятэхналогіі

У НАН Беларусі толькі ў 2021 годзе створана сем новых сартоў раслін (бульба, азімае трыцікале, жыта, яравы ячмень і пшаніца), восем імпартазамяшчальных тэхналогій для аграрнай навукі, два віды камбікармоў для рыб. Акрамя таго, у мінулым годзе распрацаваны клетачныя тэхналогіі лячэння лейкозаў, біяпрэпараты для аховы раслін, кармавыя дабаўкі.

Па распрацоўках НАН Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла сем новых метадаў лячэння з выкарыстаннем біямедыцынскіх клетачных прадуктаў і тры метады лабараторнай дыягностыкі, у тым ліку для лячэння пазабальнічных пнеўманій, выкліканых вірусам SARS-CoV-2, вызначэння Т-клетачнага імунітэту да яго. Гэта дало магчымасць аказаць медыцынскія паслугі больш як 140 пацыентам на базе РНМЦ "Клетачныя тэхналогіі" з прымяненнем распрацаваных біяпрэпаратаў на аснове стваловых клетак. У ДП "Акадэмфарм" створаны тэхналогіі атрымання прэпаратаў розных фармакатэрапеўтычных груп.

"Акрамя таго, распрацаваны прататып беларускай вакцыны супраць каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Прамысловы выпуск запланаваны на снежань 2023 года. Распрацаваны і тэхналогія вытворчасці імунаглабуліну супраць віруса SARS-CoV-2 з імуннай плазмы анты-COVID-l9, а таксама метад лячэння нейрабластомы з прымяненнем ДНК-вакцыны", - адзначыў Васіль Гурскі.

Інфармацыйныя і касмічныя тэхналогіі

Вучоныя НАН Беларусі стварылі інфармацыйна-камунікацыйныя сістэмы, нацэленыя на дыстанцыйнае рэгуляванне вытворчасці, суправаджэнне і лагістыку тавараў, кантроль тэрыторый з дапамогай беспілотных сродкаў, пераход да лічбавай эканомікі на базе тэхналогій электроннай дзяржавы. Да распрацаванай вучонымі інфармацыйнай сістэмы "Электронны рэцэпт" падключана больш за 630 устаноў аховы здароўя і звыш 3,1 тыс. аптэк, у 2021 годзе выпісана больш за 10 млн рэцэптаў. Сфарміраваны канцэпцыі комплексных разумных або электронных сістэм "Разумныя гарады" Беларусі на прыкладзе Крычава, Оршы і ў перспектыве іншых 80-тысячнікаў. Забяспечваецца суправаджэнне электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі руху сельскагаспадарчай прадукцыі жывёльнага паходжання па Беларусі.

"Акрамя таго, НАН мадэрнізавала праграмнае забеспячэнне інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў уласнай генерацыі. Гэта дасць магчымасць з дапамогай акадэмсеткі BASNET і Агульнаеўрапейскай навукова-адукацыйнай сеткі GEАNT прадстаўляць у інтэрнэце нацыянальны кантэнт", - звярнуў увагу Васіль Гурскі.

Вучоныя праводзяць сістэмную работу па ўкараненні сучасных касмічных тэхналогій. На арбіце працуе Беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. З пачатку эксплуатацыі (гэта значыць з 2012 года) атрымана касмічных здымкаў агульнай плошчай 15,5 млн кв.км, імпартазамяшчэнне склала $27,9 млн. Таксама арганізаваны прыём высакаякасных здымкаў з расійскіх касмічных апаратаў "Канопус" і 8 замежных метэаралагічных касмічных апаратаў. Праводзіцца аператыўны касмічны маніторынг пажараў на тэрыторыі Беларусі і сумежных дзяржаў для МНС, Белгідрамета і іншых арганізацый.

НАН Беларусі сумесна з дзяржкарпарацыяй "Раскосмас" распрацавала і зацвердзіла эскізны праект новага расійска-беларускага касмічнага апарата з распазнаваннем 0,35 м. Таксама рыхтуецца палёт беларускага касманаўта на Міжнародную касмічную станцыю. У чэрвені 2022 года адабрана 29 кандыдатаў.

Ад энергетыкі да захавання гістарычнай памяці

НАН Беларусі падрыхтавала і перадала Мінэнерга прагноз развіцця энергетычнай сістэмы краіны на перыяд да 2050 года. Акрамя таго, праведзена ацэнка інжынерна-геалагічных, гідрагеалагічных, сейсматэктанічных і геадынамічных умоў раёна размяшчэння Беларускай АЭС. Таксама распрацаваны мадэль цепламасапераносу пад ахоўнай абалонкай рэактарнай устаноўкі БелАЭС для аналізу працэсаў ва ўмовах цяжкіх запраектных аварый, 3D-мадэль актыўнай зоны рэактара ВВЭР-1200. Падрыхтавана і стратэгія ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Беларусі на перыяд да 2035 года. "У сукупнасці гэта складае аснову для забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі краіны", - адзначыў вучоны.

НАН Беларусі актыўна ўдзельнічае ў жыцці грамадства. Сумесна з Генеральнай пракуратурай, Міністэрствам адукацыі і БІСД выкананы маштабныя работы ў мэтах захавання гістарычнай памяці.

Васіль Гурскі падкрэсліў, што ўсё гэта толькі невялікая частка маштабнай навуковай работы, якую планамерна праводзіць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. "Дзякуючы таму, што ў нашай краіне развіваецца ўласная навука, сёння ёсць магчымасць абаперціся на ўласныя даследаванні, аналізаваць міжнародны вопыт, выпрацоўваць незалежную, навукова абгрунтаваную, узважаную эканамічную палітыку ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі", - падкрэсліў ён.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі