Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
11 кастрычніка 2011, 08:04

Абмежаванняў па сумах і мэтаваму выкарыстанню набытай насельніцтвам валюты не прадугледжваецца

Указ аб некаторых пытаннях ажыццяўлення валютна-абменных аперацый фізічнымі асобамі не прадугледжвае абмежаванняў па сумах і мэтаваму выкарыстанню набытай валюты, паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Мікалай Лузгін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прынятым указам не прадугледжваецца ніякіх абмежаванняў ні па сумах, ні па мэтаваму выкарыстанню купленай валюты", - сказаў Мікалай Лузгін.

Ён нагадаў, што ўказ нумар 449, падпісаны 6 кастрычніка, прыняты ў рамках распрацаванага ўрадам і Нацбанкам комплексу мер па выхаду на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля. У прыватнасці, гэтымі мерамі было прадугледжана, што з 14 верасня ў Беларусі фактычна пачалося свабоднае курсаўтварэнне на рынку наяўнай валюты. Попыт і прапанаванне ўраўнаваліся, і цяпер насельніцтва можа свабодна як прадаць, так і купіць валюту па рыначнаму курсу, зніклі перадумовы для ценявога рынку наяўнай валюты.

Указам прадугледжана рэгістрацыя пашпартных даных або іншых дакументаў, якія засведчваюць фізічную асобу, пры куплі замежнай валюты. Пры гэтым сапраўдным з'яўляецца толькі арыгінал дакумента. Ніякіх дадатковых абмежаванняў для замежных грамадзян не прадугледжана. Мэта ўказа - упарадкаванне работы валютнага рынку ў адносінах з насельніцтвам, барацьба з адмываннем непрацоўных даходаў і фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці.

Мікалай Лузгін адзначыў, што тэхнічных цяжкасцей пры продажы валюты з увядзеннем новых правіл не чакаецца. Цяпер адпрацоўваецца сістэма аўтаматызаванага ўліку такіх аперацый праз функцыянуючую адзіную разлікова-інфармацыйную прастору. "Гэта работа цяпер завяршаецца. На днях будзе праведзена доследнае тэсціраванне гэтай сістэмы. Я думаю, тут будзе ўсё нармальна", - сказаў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Ён падкрэсліў, што прыстойных грамадзян дзеянне ўказа нумар 449 не закране, паколькі можна будзе спакойна прыйсці ў абменны пункт і купіць столькі валюты, колькі спатрэбіцца. "Ну, а калі нехта захоча адмыць значныя сумы сваіх непрацоўных даходаў, то ён задумаецца, ці варта яму ісці ў абменны пункт і рэгістраваць свае аперацыі", - сказаў Мікалай Лузгін. Пры гэтым ён падкрэсліў, што парадак карыстання паступаючай інфармацыяй будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Гэта інфармацыя не будзе агульнадаступнай.

Практыка рэгістрацыі пашпартных даных пры куплі фізічнымі асобамі замежнай валюты ёсць у многіх краінах. Сярод іх Украіна, Расія, некаторыя еўрапейскія краіны. "Гэта даволі шырока распаўсюджаная практыка, тым больш што ёсць рэкамендацыі міжнародных арганізацый, у прыватнасці групы па распрацоўцы мер па кантролю за адмываннем розных непрацоўных даходаў, якія прадугледжваюць такую рэгістрацыю", - сказаў Мікалай Лузгін.

На думку прадстаўніка Нацбанка, правілы, якія ўводзяцца ўказам нумар 449, будуць дзейнічаць працяглы час. "Гэта нармальная мера па развіццю адзінай інфармацыйнай прасторы. У далейшым з развіццём тэхналогій, магчыма, і тут будуць ісці тэхнічныя ўдасканаленні. Наогул, гэта нармальны праект, цалкам у духу часу", - лічыць ён.

У Беларусі ўжо ёсць вопыт увядзення рэгістрацыі пашпартных даных пры куплі валюты насельніцтвам, але раней гэта ажыццяўлялася на іншай тэхнічнай аснове і фактычна не выконвала сваіх задач. "Вельмі складана было практычна ўзяць і паглядзець даныя па канкрэтнай асобе: дзе, колькі і калі яна купіла валюты. Для гэтага трэба было вывучыць базы даных усіх банкаў, прычым не ва ўсіх банках былі такія базы", - сказаў Мікалай Лузгін, дадаўшы, што на новай тэхнічнай аснове гэта будзе даволі проста зрабіць.

Як паведамлялася, у Беларусі з 8 лістапада грамадзяне змогуць купіць валюту ў абменных пунктах і касах банкаў толькі пасля прад'яўлення дакумента, які засведчвае асобу: пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, пасведчання на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчання бежанца, пашпарта грамадзяніна замежнай дзяржавы.

Пры аперацыях продажу замежнай валюты, якія праводзяцца з дапамогай банкаўскіх пластыкавых картак у тэрмінальных устройствах (атрыманне наяўных грошай і аплата тавараў і паслуг), рэквізіты дакумента, які засведчвае асобу ўладальніка карткі, будуць брацца з базы даных беларускага банка, які эмітаваў картку.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі